Астапчук расказала, чаму тэрміны яе дыскваліфікацыі дагэтуль не вызначаны

“Гэты тэрмін падаецца працяглым, але ён не такі і доўгі, ― па-філасофску ўсміхаецца Яніс Нікалау, менеджар па камунікацыях Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных асацыяцый (IAAF). ― Часам разгляд займае два-тры месяцы, бывае, шэсць, восем, дзевяць месяцаў. Можа быць нават адзін год. Залежыць ад выпадку”.

Еўрарадыё: Чаму канкрэтная справа Астапчук разглядаецца так доўга?

Яніс Нікалау: “Выпадак не падсумаваны, ён дагэтуль на стадыі расследавання. Я не праінфармаваны наконт дэталяў і не магу іх каментаваць”.

Допінг-спроба штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук, узятая падчас Алімпіяды ў Лондане, паказала станоўчы вынік. У беларускі забралі залаты алімпійскі медаль.

Афіцыйная версія, якую падала наша Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва, заблытала справу яшчэ больш. Аказалася, што трэнер Яфімаў перад самым стартам страціў псіхалагічную раўнавагу і падмяшаў метэналон вучаніцы ў ежу. Пры гэтым практычнай карысці ад допінгу не было, бо метэналон, каб быў эфект, прымаецца працяглым курсам.

Пазней трэнер у эпатажна-здзеклівай форме адкаментаваў журналістам, што дадаў вадкі метэналон у каву. Хоць, як высветліла Еўрарадыё, незаўважна падліць стэройд у каву немагчыма.

Карацей, чыноўнікам антыдопінгавай камісіі IAAF было што паўдакладняць у калег з Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

“І ніякай інфармацыі па дыскваліфікацыі дагэтуль няма, ― канстатуе Надзея Астапчук. ― Справа ў тым, што звычайна перапіскай займаецца нацыянальная федэрацыя, якая прадстаўляе інтарэсы спартсменкі. Але мне самой давялося перапісвацца з IAAF”.

Еўрарадыё: Мы таксама не маглі дабіцца ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі інфармацыі. Пасада прэс-сакратара пустуе, генеральнага сакратара злавіць амаль немагчыма…

Надзея Астапчук: “Генеральны сакратар Федэрацыі, якая павінна была  займацца перапіскай, гэтым не займалася і не паведамляла інфармацыю пра некаторыя лісты. Такая вось была работа. Можа быць, мэта была адваротная ― нашкодзіць. Мне давялося самой наўпрост звярнуцца ў антыдопінгавую камісію IAAF, паскардзілася, што мне не даюць ніякай інфармацыі. Яны доўга думалі, але скончылася тым, што перапісваемся з імі наўпрост. А наша федэрацыя дагэтуль не можа паведаміць IAAF, што ў іх новы старшыня, новы галоўны трэнер зборнай, новы генеральны сакратар. Дагэтуль лісты дасылаюць на імя супрацоўніцы Патупчык, якая з кастрычніка ўжо не працуе”.

Еўрарадыё: Які сэнс займаць пасіўную пазіцыю? Гэта, на вашу думку, расхлябанасць?

Надзея Астапчук: “Ёсць, напэўна, і расхлябанасць. А, можа, была і банальная помста з боку былога кіраўніцтва федэрацыі”. (Паводле адной з версій, пасля скаргі Астапчук былы кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Бадуеў быў зняволены. ―заўв. Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Дык калі можа вырашыцца пытанне па дыскваліфікацыі?

Надзея Астапчук: “Зыходзячы з перапіскі, IAAF таксама імкнецца ўсё вырашыць як мага хутчэй. Разумеюць, што разгляд зацягнуўся. Спадзяюся, што цягам сакавіка ўсё будзе вядома”.

Еўрарадыё: Вы, страціўшы залаты медаль, апынуліся ў здзеклівай сітуацыі. А тут яшчэ і тэрміны дыскваліфікацыі не могуць вызначыць так доўга. Жывяце ні там, ні сям…

Надзея Астапчук: “Гэта мякка кажучы. Я зараз тры-чатыры разы на тыдзень лёгка падтрымліваю форму. Таксама пішу лісты ў IAAF, хоць трошкі складана самой гэта перакладаць і правільна складаць. Мяне падтрымліваюць сябры, блізкія. Я чакаю вынікаў разгляду, каб прыняць канчатковае рашэнне, што рабіць і чым займацца”.

Ці прымала Надзея Астапчук допінг па сваёй волі ― дагэтуль адкрытае пытанне. За некалькі дзён да старту на Гульнях яе правярала адна з міжнародных лабараторый. Спартсменка аказалася чыстай. Хоць метэналон, па ідэі, мусілі знайсці ўжо тады.

Надзея Астапчук абяцае раскрыць усю праўду пасля таго, як рашэнне па дыскваліфікацыі будзе прынята.

Фота sport.sfr.re

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі