"Аўтарадыё" спыніла вяшчанне ў Беларусі
На думку Міністэрства інфармацыі, на хвалях радыё прагучалі “заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці". Станцыя збіраецца абскардзіць гэта рашэнне ў судзе.
У 12:40 12 студзеня ў Беларусі замаўчала "Аўтарадыё". Міністэрства інфармацыі анулявала дазвол станцыі на карыстанне радыёчастатой і на эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў.
У эфіры Еўрарадыё дырэктар закрытай станцыі Юрый Базан патлумачыў, што фактычна гэта азначае забарону на вяшчанне на тэрыторыі Беларусі.
"Гэтае рашэнне прынята 11 студзеня Рэспубліканскай камісіяй аб тэлебачанні і радыёвяшчанні. З дакумента за подпісам міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага вынікае, што "Аўтарадыё" парушыла заяўленую творчую канцэпцыю. Яшчэ адна заўвага з боку Мінінфарма датычыцца таго, што 16 снежня ў эфіры праграмы "Радыёстанцыя Аўтарадыё" прагучалі заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці", — дадаў дырэктар "Аўтарадыё".
Што менавіта ў Міністэрстве інфармацыі палічылі "заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці", у дакуменце не патлумачана.
"Але мы мяркуем, што меліся на ўвазе рэкламныя матэрыялы Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева, на той час — кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, — мяркуеЮрый Базан. — Мы сапраўды змяшчалі іх у эфіры, і там ёсць, напрыклад, наступная фраза "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". Але хіба можна ўбачыць у гэтых словах нейкі заклік? Тым больш, што падчас выбарчай кампаніі "Аўтарадыё" не атрымала ні заўваг ад Цэнтрвыбаркама, ні папярэджанняў ад Міністэрства інфармацыі".
Кіраўніцтва "Аўтарадыё" плануе абскардзіць рашэнне Камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні ў Гаспадарчым судзе. Магчымасць вярнуцца ў эфір у станцыі ёсць, лічыць Юрый Базан. Але маўчанне, якое расцягнецца на ўвесь час судовых разбіральніцтваў, звязанае з вялікімі фінансавымі стратамі, бо асноўны прыбытак рэдакцыя атрымлівала ад продажу рэкламы.