Аўстрыйская дыпламатка абяцае высветліць, як далі візы Ярмошынай і Лазавіку
З адпаведным запытам звярнуліся ў амбасаду Аўстрыі ў Польшчы беларускія актывісты.
12 ліпеня ў амбасадзе Аўстрыі ў Варшаве адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з намеснікам амбасадара Стэлай Авалоне. З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі "Звязу на карысць дэмакратыi ў Беларусi”, сябра нацыянальнай рады Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Анатоль Міхнавец, палітолаг Павел Усаў і грамадскі актывіст Ігар Коктыш.
Беларусы выказалі занепакоенасць тым, што старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай і яе намесніку Мікалаю Лазавіку выдалі аўстрыйскія візы. Нагадаем, што іх запрасілі на канферэнцыю АБСЕ, якая адбудзецца ў Вене.
Дыпламатка запэўніла, што прычыны, па якіх былі выдадзеныя візы, будуць высвятляцца. Магчыма, кажа Авалоне, гэтыя візы былі выдадзены не аўстрыйскай амбасадай.
Нагадаем, што ўсе выбарчыя кампаніі, якія праходзяць у Беларусі з 1996 года, былі прызнаныя АБСЕ несвабоднымі і несправядлівымі. За гэта Лідзіі Ярмошынай і Мікалаю Лазавіку забаронены ўезд у краіны Еўрасаюзу і ЗША.
Фота — hejlodz.pl