Бакіеў: "Толькі смерць спыніць мяне"

Заява Курманбека Бакіева:

"Шаноўныя сябры! Спадарыні і спадары!

Мой народ перажывае страшэнную трагедыю: банда самазванцаў захапіла ўладу і творыць беспрадзел, забівае мірных людзей, разбурае жыллё. Рабаванне і гвалт становяцца нормай жыцця. Краіна адкінутая на дзесяцігоддзі назад. Я, як прэзідэнт Кыргыстана, як гарант Канстытуцыі, не здымаю з сябе адказнасць за катастрофу, якую перажывае мой народ і гатовы адказаць за гэта па законе. Але гэта не азначае, што я магу падпарадкавацца бандытам і кінуць мой народ у няшчасці. У гэтай сувязі я заяўляю наступнае:

Першае. Я яшчэ раз выказваю глыбокія спачуванні ўсім сваякам і блізкім загінулым.

Другое. Я не прызнаю сваю адстаўку. Чаму, патлумачу пазней. Дзевяць месяцаў таму народ Кыргызстану абраў мяне сваім прэзідэнтам і я прысягнуў, што буду служыць яму. Няма сілы, якая прымусіць адмовіцца мяне ад маёй клятвы. Толькі смерць спыніць мяне.

Трэцяе.
Я, Курманбек Бакіеў, законны прэзідэнт Кыргызстана, прызнаны сусветнай супольнасцю. Усе павінны ведаць, што бандыты, якія спрабуюць захапіць уладу, — выканаўцы чужой волі і не маюць ніякай лігітымнасці. Кыргызстан не будзе нічыей калоніяй. Мой народ хоча быць свабодным і стане свабодным. Працягне будаўніцтва свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы.

Чацвёртае. З 7 красавіка 2010 года, на падставе Канстытуцыі Кыргызстана, прэзідэнцкім указам я ўвёў надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў краіны. Я хачу, каб кожны грамадзянін Кыргызстана разумеў, што выконваючы загады банды, ён ставіць сябе па-за законам. І становіцца саўдзельнікам злачынства з усімі настпствамі, якія з гэтага вынікаюць. Пакаранне за злачынства непазбежна.

Пятае. Я заклікаю лідэраў сусветнай супольнасці — не стварайце прэтэндэнт! Не прызнавайце банду легітымнай уладай! Я настойваю на правядзенні незалежнага міжнароднага расследавання і пакарання вінаватых у смерці людзей, марадзёрстве і распальванні нацыянальнай варажнечы.

Шостае. Я звяртаюся да лідэраў СНД. Нашай свабодзе і незалежнасці менш двух дзесяткаў гадоў. Не адступайце перад грубай сілай. Вы адказваеце за свой народ.

Сёмае. Грамадзяне Кіргізіі [так прагучала ў заяве — Еўрарадыё]! У нас ёсць надзейныя грамадзяне і іх шмат. Мы можам абаперціся на іх у цяжкую хвіліну і выратаваць краіну ад вялікай бяды.

Восьмае.
Я зраблю ўсё, каб вярнуць жыццё ў Кыргызстане ў канстытуцыйнае поле. І ні пры якіх абставінах не дазволю бандытам вызначаць лёс нашага народа. Я ўпэўнены, у волі майго народа пераадолець смуту.

Дзякуй за ўвагу".




Нагадаем, пра тое, што Курманбек Бакіеў знаходзіцца з сям'ёй у Мінску, учора заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прызнаўся, што даў загад адпаведным службам падрыхтаваць перапраўку Бакіева ў Беларусь. Лукашэнка адзначыў, што па-ранейшаму лічыць Бакіева прэзідэнтам Кыргызстану.

Курманбек Бакіеў быў адхілены ад улады ў выніку народнага выступлення ў Бішкеку і іншых гарадах краіны. Падчас гэтых падзеяў загінула болей за 80 чалавек, каля 1500 чалавек былі параненыя. Знаходзячыся ў Казахстане, Бакіеў напісаў заяву аб адстаўцы з пасады прэзідэнта Кыргызстана, якая была дасланая часоваму ўраду ў Бішкек.



Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі