Бандарэнка адчувае сябе лепш, але нага пакуль не слухаецца

Палітвязень Зміцер Бандарэнка працягвае аднаўленне пасля аперацыі ў 1-м неўралагічным аддзяленні 5-й мінскай лякарні. Лекары распавялі Еўрарадыё, што аперацыя 26 ліпеня па выдаленні міжпазваночнай кілы прайшла паспяхова, а самому пацыенту апошнім часам стала лепей. Раней планавалася, што пасля 2 тыдняў знаходжання ў лякарні, Змітра Бандарэнку зноў накіруюць у калонію. Але магчыма, што на рэабілітацыю спатрэбіцца яшчэ больш часу.

“Стан здавальняючы. Прыкладна, да канца тыдня ён будзе ў лякарні. Так плануецца, а там будзем глядзець. Калі будзе патрэбна, будзем працягваць курс лячэння. Куды яго павінны перавесці далей, ад нас залежыць. Працэдуры, якія ён атрымоўвае з мэтай лепшай рэабілітацыі, на дадзены момант аптымальна будуць аказаныя яму тут. А там як пойдзе”, – распавялі Еўрарадыё ў лякарні.

У сераду жонка палітвязня Вольга Бандарэнка наведала мужа. Па яе словах, Змітру спатрэбяцца месяцы на аднаўленне.

Вольга Бандарэнка: “Нягледзячы на тое, што яму вызвалілі нервовыя канчаткі, якія былі пераціснутыя, яны ў настолькі дрэнным стане, што патрэбныя месяцы на ўзнаўленне. На шчасце, яны ўзнаўляюцца, але марудна. Зараз можна здымаць ацёк каля раны, рабіць лазерныя працэдуры. Пакуль яшчэ нага яго не слухаецца, таму казаць пра тое, што яму стала лепш, рана”.

Па словах Вольгі, Зміцер нават не чакаў, што яму дазволяць праходзіць рэабілітацыю ў звычайнай лякарні.

“Зміцер просіць падзякаваць, што яму прызначылі лячэнне. Удзячны, што яму пайшлі насустрач, бо ў яго, сапраўды, цяжкая сітуацыя. Але не думаю, што ён тут доўга праляжыць”.

Спатканні з палітвязнем у лякарні праходзяць па турэмным рэгламенце. Змітра ахоўвае 3 чалавекі, увесь час нехта знаходзіцца ля ўвахода ў палату і ўнутры. Ніякіх прадуктаў Вольга з сабой не прыносіць, бо гэта будзе залічана як адна з 4 дазволеных перадач на год.

“Сёння я паказала рэчы, якія ў мяне былі, гэта звычайнае спатканне. У прынцыпе на спатканнях не абшукваюць, толькі тэлефон выключаю. Тут усё роўна знаходзішся ў прысутнасці ахоўніка і на адлегласці, я ж нічога яму не перадаю”.

Нагадаем, Змітра Бандарэнку за ўдзел у акцыі 19 снежня асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. За кратамі ў яго рэзка пагоршылася здароўе. 26 ліпеня яму зрабілі аперацыю на пазваночніку.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі