Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе адбылося зніжэнне колькасці рэкламы

Сёння ў мінскім Палацы прафсаюзаў распачалася шостая штогадовая канферэнцыя "Дзелавы інтэрнэт". Нягледзячы на ўведзеную ўпершыню плату за ўваход, на ёй зарэгістравалася каля 1,5 тысячы чалавек. Першым дакладчыкам традыцыйна стаў Юрый Зісер, якія падвёў вынікі развіцця, ці стагнацыі белнэта. Разам з кіраўніком tut.by Еўрарадыё прасачыла, што змянілася ў беларускім інтэрнэце за год.


Юрый Зісер: "Узровень пранікнення інтэрнэта вырас на 6%. У жніўні пранікненне было 39,9: зараз напэўна ўжо 40 працэнтаў ёсць. Фэйсбук ды іншыя сацыяльныя сеткі ўсё больш пранікаюць у нашае жыццё. За год ФБ падняўся практычна ў 3 разы". 


У жніўні 2010 года колькасць карыстальнікаў была 3,2 мільёны, сёлета 3,78 мільёнаў. У Фэйсбуку летась было 120 тысяч карыстальнікаў, сёлета 320 тысяч. На tut.by зарэгістраваўся 3-мільённы карыстальнік, мільён карыстальнікаў інтэрнэта ў Белтэлекама. Знешні шлюз за год павялічыўся на 93 гігабіты за секунду і склаў 140 Гбіт/сек, — сёлета, падводзіць вынікі года Зісер.


Аднак, нягледзячы на павелічэнне колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў, у іншых накірунках белнэта адбываецца стагнацыя. Беларусь стала адзінай краінай у свеце, дзе адбылося падзенне колькасці рэкламы ў інтэрнэце.


Юрый Зісер: "ZenithOptimedia даў лічбы. Я прагназаваў, што ўпершыню ў свеце будзе падзенне інтэрнэт-рэкламы ў асобнай краіне. Яны ўжо канстатавалі падзенне па першым паўгоддзі, а па ўсім годзе яно можа скласці 14% пры сённяшніх тэмпах".

Спецыялісты прагназуюць падзенне аб'ёмаў рэкламы ў інтэрнэце на адзін мільён долараў за год. У 2010 годзе гэта было 7,3 мільёнаў, а за першае паўгоддзе 2011-га – толькі 2,27 мільёны.


Напрыклад, у Расіі, дзе ўзровень пранікнення інтэрнэта меншы, прагназуюць рост у 42% і 1 мільярд 57 мільёнаў долараў у параўнанні з нашымі 6,2! І зусім непараўнальныя з намі кітайскія — амаль 26 мільярдаў.

Як кажа кіраўнік Геміус-Беларусь Міхаіл Дарашэвіч калі па ўзроўні пранікнення інтэрнэта апярэджвае Расію, Украіну і Турцыю, то па расходзе на рэкламу знаходзіцца на апошнім месцы. Пра гэта неўзабаве ў працягу тэмы на Еўрарадыё.

Юрый Зісер: "У даменнай зоне .by працягваецца стагнацыя. Хаця год таму "Надзейныя праграмы" выйгралі тэндэр на тэхнічнага адміністратара зоны, за год нічога не змянілася. Вельмі доўга праходзіў працэс узгаднення. Некалькі дзён таму ўзгоднены план змены тэхнічнага адміністратара. Згодна з планам, які падпісаў "Адкрыты кантакт" (былы адміністратар зоны .by – заўв. Еўрарадыё), стаіць дата 5 снежня, паглядзім якога года".


Колькасць беларускіх даменаў за год павялічылася да 43 тысяч, летась было 35. Таксама няма сэрвісу "whois", які дазваляе паглядзець, хто ўладальнік дамена. А ўзгадненне таго ці іншага дамена ў ААЦ займае да тыдня, хаця па інструкцыі дамен павінен атрымоўваць той, хто першы аплаціў.


Недзе гэта адыграла і станоўчую ролю. Напрыклад, "Адкрыты кантакт", які з даўніх часоў прытрымліваў прыгожыя дамены кшталту bizness.by, перад перадачай пачаў іх прадаваць. Такім чынам летам 500 даменаў з прыгожымі імёнамі сталі даступнымі для рэгістрацыі і іх на сябе запісалі кіберсквотэры з Масквы, Лондана і паўночнага Каўказа. Але выкупіць іх не дазволілі, таму, хутчэй за ўсё, іх прададуць з аўкцыёна.


На беларускі хостынг добра паўплываў указ нумар 60. Многія беларускія кампаніі без ахвоты былі вымушаныя перанесці свае сайты ў Беларусь, што добра адбілася на хостэрах. За год на прыблізна 43 тысячах сайту яны зарабляюць каля 3,87 мільёны долараў, а летась толькі 2,1. Як адзначае Зісер, усе сайты беларускіх кампаній зарэгістраваныя ў зоне .by, як таго патрабуе ўказ 60.


Юрый Зісер: "Юрасобы былі вымушаныя перавесці свае сайты ў РБ. Але на айчынным  хостынгу гэта адбілася добра. Рынак хостынгу вырас амаль удвая дзякуючы ўказу 60".


Але прыбыткі кампаній і правайдараў не выраслі, а наадварот знізіліся з-за валютнага крызісу.


Юрый Зісер: "Усе выдаткі ў валюце, а даходы ў рублях. Правайдары кошты амаль не падымалі. Кошты на інтэрнэт і мабільную сувязь падняліся меней, чым на камунальныя паслугі. Разумееце, што атрымоўваецца, калі расходы павялічваюцца ў 3 разы, а даход толькі на 10 працэнтаў".


З'явіўся ў Беларусі і чорны спіс. У спісе абмежаванага доступу (па звестках на сёлетні кастрычнік) 25 інтэрнэт-сайтаў. У яго трапілі электронны абменнік валют "Пракаповіч", блог Яўгена Ліпковіча ў ЖЖ, "Хартыя'97", "Беларускі партызан", сайт праваабарончага цэнтру "Вясна", а таксама 20 парнаграфічных і экстрэмісцкіх сайтаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі