Беларусь можа стаць “газавай дзяржавай”?
Геалагічнае агенцтва ЗША знайшло вялікія паклады сланцавага газу ва Ўсходняй Еўропе, у тым ліку ў Беларусі.
Агенцтва ацэньвае запасы сланцавага газу ва Ўкраіне на 1,5–2,5 трыльёна кубаметраў. Дагэтуль вялізныя запасы сланцавага газу былі знойдзеныя ў Польшчы і Венгрыі. Прычым радовішчы сланцавага газу цягнуцца ад Балтыйскага мора на Палессе. Імаверна, ён таксама павінен быць і ў Беларусі ў раёне Брэста, піша “Наша ніва” са спасылкай на “Газету Выборчу”.
У Польшчы, як мяркуецца, паклады газу могуць складаць 1,5–3 трлн кубаметраў газу. Гэта было б астранамічным багаццем на суму 0,5–1 трлн долараў. Калі арганізаваць распрацоўку сланцавага газу — а гэта патрабуе вялікіх інвестыцый, дый тэхналогіі маюць пакуль толькі амерыканцы — ёсць верагоднасць таго, што краіны Ўсходняй Еўропы не толькі стануць незалежнымі ад імпарту газу, але і будуць даволі буйнымі экспарцёрамі яго ў ЕС.