Беларусь не выканала ніводнага рашэння Камітэта ААН па правах чалавека
"Добра, што нашы ўлады прызналі права на мірныя сходы, распаўсюд інфармацыі, забарону катаванняў і любыя іншыя формы дыскрымінацыі".
Першакурснік Гданьскай акадэміі мастацтваў адлічаны з-за адмовы прынесці студэнцкую клятву. Са спасылкай на гарантаваную Канстытуцыяй свабоду сумлення студэнт папрасіў выключыць з тэксту клятвы абавязальніцтва "вернасці ідэалам гуманізму і дэмакратыі". Ён патлумачыў, што з’яўляецца прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, у сувязі з чым не можа клясціся, загадзя ўсведамляючы, што сумленне не дазволіць захаваць вернасць клятве.
У Варшаве ў мэтах прадухілення масавых беспарадкаў паміж польскімі радыкаламі, якія напалі на расійскіх футбольных заўзятараў падчас мірнага шэсця, паліцыя ўжыла дубінкі, гумовыя кулі, вадамёты і слезацечны газ. У выніку дзеянняў паліцыі пацярпелі 10 чалавек. Затрыманыя 179 чалавек.
Такія парушэнні правоў чалавека ў Польшчы зафіксавала ў сваім дакладзе МЗС Беларусі. Таксама ў дакуменце прыводзяцца факты парушэння правоў чалавека ў ЗША, Канадзе і 23 еўрапейскіх краінах.
"Бачу, што нашы ўлады прызналі права грамадзян на мірныя сходы, распаўсюд інфармацыі, забарону катаванняў і любыя іншыя формы дыскрымінацыі. Наступным крокам трэба, каб улада, крытыкуючы парушэнні правоў чалавека за мяжой, імкнулася да таго, каб яны выконваліся ў Беларусі", — праваабаронца Уладзімір Лабковіч лічыць даклад МЗС пазітыўнай з'явай.
У дакладзе шмат спасылак на рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека, які фіксуе парушэнні і выносіць рашэнні на карысць пакрыўджаных грамадзян. Краіны Еўропы абавязаныя выканаць гэтыя рашэнні і выплаціць кампенсацыю пацярпелым.
"...у адрозненне ад Беларусі, якая дэманстратыўна не выконвае рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН. І ўсё гэта прыкрываецца аўтарам дакумента — Міністэрствам замежных спраў, якое трактуе, што Беларусь не абавязаная выконваць добраахвотныя міжнародныя абавязальніцтвы і нават тыя, якія накладзеныя ў межах рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека", — заўважае Лабковіч.
Правы чалавека парушаюцца паўсюль, дзе ёсць сутыкненні інтарэсаў грамадзяніна з дзяржавай, — гаворыць праваабаронца Гары Паганяйла. У краінах Еўропы такія выпадкі разглядаюцца рознымі ведамствамі, скаргамі грамадзян займаюцца суды, усё гэта становіцца галосным:
"Грамадзяне краінаў, якія ўваходзяць у Раду Еўропы, звяртаюцца ў Страсбургскі суд па правах чалавека са скаргамі і, дарэчы, часта выйграюць справы. Практыку гэтых судоў акурат і выкарыстоўвае ў сваім дакладзе МЗС Беларусі. Але МЗС не ўзгадаў, што аналагічнымі правамі ў Камітэце ААН па правах чалавека карыстаюцца грамадзяне Беларусі. Ужо больш за 20 рашэнняў, якія пацвярджаюць парушэнне правоў грамадзян з боку Рэспублікі Беларусь, але ніводнае з іх не выкананае".
Беларусь упершыню зрабіла такі даклад. Падобныя таксама робіць Расія, Кітай і ЗША. Не выключана, што новы міністр замежных спраў вырашыў заняць атакуючую пазіцыю, лічыць Паганяйла. З ім пагаджаецца і Уладзімір Лабковіч, бо даклад беларускага МЗС вельмі падобны на расійскі па структуры і накіраванасці.
"На жаль, у Беларусі не адзінкавыя выпадкі парушэнняў праў, якія выявіў МЗС у сваім дакладзе, а сістэматычныя парушэнні. Думаю, новы міністр паглядзеў такое ноу-хау ў Расіі, калі не можаш адказаць на прэтэнзіі і пераходзіш на ўзровень рыторыкі "сам дурань".