Беларусь трапіла ў ТОП 20 краін па росту колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў
На мінулым тыдні была апублікаваная справаздача Information Economy Report 2011.
Дадзеныя па росту колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў ацэньваліся за перыяд у 2005-2010 гады. З краін былога СССР у дваццатку разам з Беларуссю ўвайшлі Арменія, Азербайджан і Казахстан. Паводле дадзеных даследавання, сёння са ста жыхароў Беларусі 32 маюць доступ да інтэрнэту.
Лідарам па павелічэнні колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў з'яўляецца Аман. У тройку першых ўваходзяць таксама Антыгуа і Барбуда ды Катар.
Дадаўся каментар кіраўніка кампаніі "Геміус-Беларусь" Міхаіла Дарашэвіча:
Еўрарадыё: Колькасць карыстальнікаў ў Беларусі расце і зараз са ста чалавек трыццаць два маюць доступ да інтэрнэту. Як вы лічыце — гэта значны поспех, ці звыклы працэс, у якім нічога надзвычайнага няма?
Міхаіл Дарашэвіч: З аднаго боку гэта, вядома, прыемная навіна, што нас так адзначылі, што ёсць прыемныя навіны з Беларусі, а з другога боку — гэта паказвае, што магчымасці для росту ў нас яшчэ ёсць. Вельмі хацелася б, каб і ў наступнай справаздачы наша краіна таксама была адзначана і каб нашы паказчыкі раслі і далей.
Еўрарадыё: А за кошт чаго быў дасягнуты гэты рост?
Міхаіл Дарашэвіч: Тут некалькі прычынаў. Гэты вынік быў дасягнуты ў апошнія некалькі гадоў, калі моцнымі тэмпамі развівалася ў Беларусі інфраструктура. І менавіта ў гэтыя гады беларусы сталі забываць мадэмы, якія не дазвоньваліся, сувязь разрывалася...
Беларусы сталі карыстацца ў гэты перыяд шыракапалосным інтэрнэтам, а далей эстафету ўжо сталі падхопліваць мабільныя аператары з хуткасным інтэрнэтам. Зараз ужо і многія тэлеаператары сталі прапаноўваць свае паслугі. Нельга забываць і пра хатнія сеткі, якія для многіх сталі спосабам хуткага падключэння да інтэрнэту. Усё гэта і спрычынілася да такога выніку. Гэта былі аб'ектыўныя прычыны.
Еўрарадыё: Беларусь увайшла ў ТОР-20, дзе ёсць такія краіны былога СССР, як Арменія, Азербайджан і Казахстан. Але калі параўноўваць Беларусь з суседзямі — Украінай, краінамі Балтыі, Польшчай, як мы выглядаем у параўнанні з імі?
Міхаіл Дарашэвіч: Гэта параўнанне, якое правяло ААН, датычыць росту інтэрнэт-сегменту. Вядома, што за гэты час скандынаўскія краіны не мелі такога росту, таму што да гэтага часу яны дасягнулі высокага ўзроўню пранікнення інтэрнэту. Калі параўноўваць нас з найбліжэйшымі суседзямі, то Беларусь выглядае лепей, чым Украіна і Расія.
Але тут трэба яшчэ ўлічваць некалькі важных чыннікаў: гэта памеры тэрыторыі гэтых краінаў у параўнанні з нашай, і развіццё інфраструктуры. Вядома, калі параўноўваць сталіцы, то ў гэтым выпадку сітуацыя на жаль будзе не на карысць Беларусі...
Калі параўноўваць Беларусь з краінамі Балтыі і Польшчай, там назіраецца лепшае пранікненне інтэрнэту. У іх яно большае за кошт невялічкіх гарадоў і сельскай мясцовасці. Гэта менавіта тое, што дазваляе інфраструктуры ў Беларусі яшчэ развівацца ў будучыні.