"Беларусьфільм" адмовіўся экранізаваць “Каласы пад сярпом тваім”

130114_lukashuk_kino.mp3

Здымаць фільм паводле кнігі Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” “Беларусьфільм” не будзе. Прычына, тлумачыць Еўрарадыё начальнік аддзела рэалізацыі і рэкламы кінастудыі Міхаіл Кацюшэнка, у сцэнары.


Міхаіл Кацюшэнка: “Я і сам глядзеў сцэнар… Гэта не сцэнар, а, скажам так, проста пераказ рамана. Проза адрозніваецца ад сцэнара, ведаеце. Таму неяк, так бы мовіць, і не сышліся”.


Над новым сцэнарам, як адзначае суразмоўца, ніхто не працуе. Таму саму ідэю фільма паводле гэтага рамана на "Беларусьфільме" адклалі “ў запаснікі”.


Названая супрацоўнікам кінастудыі прычына замарозкі праекта здзівіла сцэнарыста Аляксандра Качана.


Аляксандр Качан: “Сцэнар разглядаўся некалькі гадоў таму — на пасяджэнні Экспертнай рады пры Міністэрстве культуры і на "Беларусьфільме". Сцэнар быў прыняты і аплачаны. У тым ліку, спачатку была чатырохсерыйная версія, а потым — пракатная паўнаметражная. Абодва сцэнары былі прынятыя!”


Дарэчы, Аляксандр Качан вядомы па нашумелых стужках “Акупацыя. Містэрыі” і “Масакра”. І таму падазраваць, што ён не ведае, як пішуцца сцэнары, не выпадае. У самога сцэнарыста дзве версіі замарозкі праекта. Першая – у кінастудыі сёння банальна няма грошай на здымкі такога буйнамаштабнага праекта.


Аляксандр Качан: “Калі мы абмяркоўвалі сцэнар з былым міністрам Латушкам, гэта непасрэдна ад яго быў такі заказ, выглядала інакш сацыяльная і ідэалагічная атмасфера ў краіне. Фільм задумваўся у іншай сацыяльнай атмасферы, чым пануе ўжо некалькі гадоў у Беларусі. Таму я не здзіўлены зусім тым, што яго адклалі. І быў бы здзіўлены, калі б гэты фільм зараз пачаў рэалізоўвацца — зараз гэта за дзяржаўныя грошы наўрад ці будуць здымаць”.


Сапраўды, паводле сцэнара, паўстанцы павінны былі змагацца за свабоду краіны пад бел-чырвона-белымі сцягамі, ключавым момантам у фільме з’яўляецца супрацьстаянне з Расійскай імперыяй. А таксама мусіла захавацца галоўная ідэя рамана “Каласы пад сярпом тваім” — пошук страчанай самасвядомасці беларусаў.


На думку Качана, усё вышэйпералічанае ніякай небяспекі існуючай уладзе не нясе, як і ніякай “падрыўной” ідэалогіі. Таму, лічыць сцэнарыст, найхутчэй новае кіраўніцтва "Беларусьфільма" і Мінкульта проста з-за перасцярогі “дзьме на ваду”. Гэта калі не лічыць, што з рэжысёрам для фільма адразу ўзніклі праблемы — міністр Латушка бачыў ім Мікалая Пінігіна, а той дзеля працы над фільмам пакідаць тэатр адмовіўся.


Па тлумачэнні прычынаў адмовы здымаць “Каласы пад сярпом сваім” Еўрарадыё звяртаецца ў Дэпартамент па кінематаграфіі Мінкульта. Але там катэгарычна адмаўляюцца ад любых каментароў. Праўда, адзін з чыноўнікаў агучыў версію, што прычына ў… паляках. Маўляў, планавалася здымаць фільм сумесна з польскімі кінематаграфістамі, за “сумесныя” грошы, але дамоўленасці дасягнуць не ўдалося.


Цікава, ніхто з суразмоўцаў ні слова не сказаў пра тое, што сцэнарысту пажадана было б вярнуць грошы за “лажовы” сцэнар.


Дарэчы, ад экранізацыі твораў Караткевіча на "Беларусьфільме" не адмаўляюцца. Згодна са словамі Міхаіла Кацюшэнкі, у наступным годзе плануюць пачаць здымкі паводле рамана “Чорны замак Альшанскі”. Між тым, фільм паводле гэтага рамана Уладзіміра Караткевіча ўжо быў зняты "Беларусьфільмам" — у 1984 годзе рэжысёрам Міхаілам Пташуком.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі