Брастаўчанін 16 разоў здаў кватэру сужыцелькі без яе ведама — і трапіў пад суд
Жыллё, ілюстрацыйнае фота
20-гадовага брастаўчаніна будуць судзіць за здачу кватэры ў арэнду, паведамляе абласная пракуратура. Яго вінавацяць у махлярстве, здзейсненым паўторна і ў буйным памеры.
Ад жніўня 2025-га да красавіка 2026-га малады чалавек 16 разоў паспеў здаць у арэнду кватэру, якая належыць ягонай сужыцельцы. Прычым рабіў ён гэта без ведама гаспадыні жытла. Паведамляецца, што ён падманваў і знаёмых, і незнаёмых людзей, атрымліваючы аплату ў тым ліку доларамі і еўра — гатоўкай і на карту. Агулам ён атрымаў больш за 14 тысяч рублёў у эквіваленце.
"Пры гэтым ні адзін з арандатараў так і не засяліўся ў дадзеную кватэру. Абвінавачаны выдаткоўваў атрыманыя сродкі ў асабістых мэтах, а таксама выкарыстоўваў іх для частковага вяртання даўгоў перад падманутымі арандатарамі", — адзначаюць у пракуратуры.
Бадай самае цікавае тое, што махінацыямі з кватэрай ён займаўся, калі быў на "хатняй хіміі" за замах на перавозку наркотыкаў.
Цяпер маладому чалавеку пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі за махлярства.