Беларуска з Бостанскага марафона: Калі выбухнула, я ішла да фінішнай прамой
Алена Макоўская апісала Еўрарадыё тэракт і тое, як ёй удалося ацалець. (ФОТА)
Незадоўга да бостанскіх выбухаў беларуска Алена Макоўская прабегла дыстанцыю марафона і пайшла пераапранацца. Потым размясціла свой фотаздымак з фінішнай прамой (хто ж ведаў, што там здарыцца трагедыя) у сацыяльных сетках. У подпісе да фота пазначаны яе марафонскі вынік (03:20:20) і словы: “Я адчувала сябе так эмацыйна на фінішы, плакала ад шчасця! Такога раней са мной не здаралася…”
З Аленай звязваемся ў аўторак а палове на восьмую раніцы па паўночнаамерыканскім часе. Нягледзячы на перажытае, яна кіруецца цягніком у Нью-Джэрсі на працу (беларуска займае пасаду менеджара па фінансах у кампаніі Merrill Lynch).
“Пасля фінішу я пераапранулася і ішла сустрэцца з сябрамі. Мне трэба было прайсці акурат праз фінішную тэрыторыю. Калі туды ішла, яны (выбухі, ― Еўрарадыё) і прагрымелі. Я не зразумела, што гэта было. Людзі пабеглі ўрассыпную, з жахам на тварах і плачам. Тут да мяне і дайшло, што здарылася. Тэлефон абрываўся, а потым мабільныя ўвогуле не працавалі. Таму дзякуй Фэйсбуку за тое, што змагла напісаць там “I am ok”. Гэта вельмі многіх супакоіла. На працу патэлефанавала адразу ж пасля выбухаў, але там не маглі супакоіцца, пакуль не вярнулася дадому”.
Еўрарадыё: Вашы сябры не пацярпелі?
Алена Макоўская: Дзякуй Богу, не.
Еўрарадыё: Ці звязвалася з вамі беларускае пасольства?
Алена Макоўская: Ад пасольства нічога не чула. Але я толькі прачнулася гадзіну таму.
Еўрарадыё: А ці ведаеце вы што-небудзь пра другую беларуску ― Жану Івашчанка, якая таксама планавала стартаваць?
Алена Макоўская: Нічога не ведаю. Але на вэб-сайце яе часу не фіксавалася, а там пазначалі кожныя пяць кіламетраў дыстанцыі. Думаю, яна не стартавала.
Нагадаем, што падчас Бостанскага марафону загінулі тры чалавекі, пацярпела 176.
Алена Макоўская сфатаграфавалася на фінішнай прамой. Тут і здарыліся выбухі.
Перад стартам на Бостанскім марафоне
Спецыяльнае харчаванне перад стартам
Жыхар Бостана ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў, што пасля выбухаў не было панікі.
Сваякі беларускі паведамілі, што яна паспела фінішаваць да выбухаў.
Таксама вы можаце паглядзець відэа на які трапіў моманту выбуху і фотарэпартаж з месца падзеяў