Беларускія праваабаронцы займелі праблемы праз недакладны зварот у ААН

Міністэрства юстыцыі патрабуе ад Беларускага хельсінскага камітэта тлумачэнняў за "факты паклёпніцкай інфармацыі". Для вядомай праваабарончай арганізацыі гэта можа значыць новыя праблемы, бо сёлета БХК ужо займеў дзве крытычныя заўвагі ад Мінюста.

110804 Eurafokus_0.mp3

На мінулым тыдні пасля незадавальнення скаргі БХК па другой заўвазе Мінюста намеснік старшыні БХК Гары Паганяйла паведаміў:

"Цяпер сітуацыя можа развівацца так: праз месяц Мінюст можа звярнуцца ў Вярхоўны суд аб спыненні дзейнасці арганізацыі".

На гэты раз БХК "падставіўся" праз недакладны зварот у ААН. 29 ліпеня пяць праваабарончых арганізацый, у тым ліку БХК, падпісалі зварот да Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэлі Кнаўль.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзій Уладзіміра Тоўсцікава, Тамары Гараевай, Алега Агеева і Таццяны Агеевай. У тым самым звароце змяшчаецца і інфармацыя пра адвакатаў Дар'ю Ліпкіну (абараняла Мікіту Ліхавіда) і Ганну Бахціну (абараняла Ірыну Халіп) ды адзначаецца, што яны "будуць пазбаўленыя ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць". Паведамляецца таксама, што апошнюю ліцэнзіі ўжо пазбавілі.

На гэта Мінюст адказаў: "Названыя асобы маюць адпаведныя ліцэнзіі, правозяць адвакацкую дзейнасць і пытання аб пазбаўленні спецыяльных дазволаў на паветцы дня няма. Такім чынам, гэтая інфармацыя мае паклёпніцкі характар".

Дар'я Ліпкіна пацвердзіла Еўрарадыё, што атэстацыю не прайшла, але ліцэнзію мае: атэстацыйныя камісіі ацэньваюць працу адвакатаў па якасных і колькасных паказчыках, але паўнамоцтваў пазбаўляць ліцэнзіі не маюць.

Дар'я Ліпкіна: "Я не магу пракаментаваць павестку дня Мінюста, з ёй мяне ніхто не азнаёміў. Што да ліцэнзіі, я яе не пазбаўленая. Так, я не прайшла пераатэстацыю 26 ліпеня. Пазначанае рашэнне Атэстацыйнай камісіі я абскардзіла. На сённяшні дзень я працую, хачу працаваць, і спадзяюся, што буду".

Сёння ж адзінагалосным рашэннем вышэйшай камісіі Ганна Бахціна прайшла пераатэстацыю.

Алена Танкачова, юрыст Цэнтра прававой трансфармацыі, які і падрыхтаваў зварот у ААН, прызнае, што ў змесце звароту ёсць моўныя недакладнасці. Але рада рэакцыі Мінюста.

Алена Танкачова: "Я не проста рада, я лічу гэта дасягненнем! Бо Мінюст быў вымушаны публічна заявіць, што не збіраецца ні на каго ціснуць і пазбаўляць ліцэнзіі. Цудоўна!"

Заява Мінюста, па словах Алены Танкачовай, праўда толькі напалову. Бо непераатэстацыя — гэта першы крок да пазбаўлення ліцэнзіі. Калі б не было публічнай заявы Мінюста, то ў адвакатаў "ціха і акуратна прыбралі ліцэнзіі" як некалькі месяцаў таму ў некаторых іх калег, упэўненая праваабаронца.

Атрымаць каментар кіраўніцтва БХК з нагоды заявы Мінюста пакуль не ўдалося.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі