Беларусы, расіяне і еўрапейцы хочуць, каб Лукашэнка застаўся
Тэкст Міхала Кацэвіча з такім падсумаваннем надрукаваў у панядзелак польскі Newsweek. Еўрарадыё прапануе вытрымкі з яго.
Нягледзячы на выйгрыш у выбарах 19 снежня, настроі ў палацы прэзідэнта паблізу Кастрычніцкай плошчы невясёлыя. Лукашэнка зноў атрымаў 80% галасоў, а вынік апазіцыі вагаецца ля мяжы статыстычнай памылкі. У Еўропе наракаюць на брак дэмакратыі ў Беларусі. Аднак гэта не з-за Еўропы прэзідэнт зашыўся ў кабінеце і нікога не жадае бачыць. Двор не адважваецца нават прапанаваць планаў навагодняй імпрэзы.
"Зноў у яго выбарчая дэпрэсія", — чутно ў палацавых калідорах.
Ужо аднойчы, чатыры гады таму, Лукашэнка, напалоханы масавымі дэманстрацыямі, забаяўшыся, што найбліжэшыя прыдворныя могуць яму здрадзіць, упаў у дэпрэсію і тыдзень не паказваўся. Аднак гэтым разам усё яшчэ горш. Перад выбарамі прэзідэнт доўга размаўляў з прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Пазней сустрэўся з найбольш даверанымі міністрамі, кіраўніком Нацбанку Пятром Пракаповічам і шэфам КДБ Вадзімам Зайцавым.
Лукашэнка ўжо ведае, што прыпёрты да сцяны. У скарбніцы дзяржавы не хапае некалькі мільярдаў долараў. Беларусь здаўна жыве толькі дзякуючы пазыкам, а іх абслугоўванне адбірае ўсё больш грошай. Амаль палова ВУП — гэта пазыка, якая сягае 23 млрд долараў! А яшчэ ж увосень прэзідэнт падняў заробкі бюджэтнікам да 500 долараў і абяцаў, што праз 5 год сярэдні беларус будзе зарабляць 1000 долараў штомесяц! У дзень выбараў ён ведаў ужо, што гэта фікцыя, а краіну чакае катастрофа. І яшчэ гэтыя пякельныя расіяне. Праз сваіх давераных чыноўнікаў у беларускім урадзе яны паінфармавалі, што пасля Новага году закруцяць газ і зноў падвысяць мыты на нафту.
Прэзідэнт не мае намеру прайграваць або заставацца на дзіравым караблі. Яшчэ напрыканцы году Лукашэнка на прэзыдэнцкім "Боінгу 737" выляцеў да старога сябра, Уга Чавеса. Экс-прэзідэнт мае намер правесці рэшту жыцця ў збудаванай на карыбскім узбярэжжы прыгожай віле, кінуўшы Беларусь на пажыву крызісу, выкліканаму 16-гадовым кіраваннем, жорсткай Расіі і сквапнай наменклатуры.
Такое развіццё падзеяў — пакуль навуковая фантастыка. Аднак падставы для сыходу беларускага прэзідэнта — рэальныя. Фатальны стан эканомікі і расійскі энергетычны шантаж будуць схіляць правадыра Беларусі да нестандартных паводзінаў. Аляксандр Лукашэнка падчас гэтых выбараў стане перад найбольшым выклікам у сваёй кар’еры. З аднаго боку, на яго цісне Расія. З іншага, Еўрасаюз абяцае падтрымку, але патрабуе рэформаў, якія няўхільна прывялі б дыктатара да страты ўлады. А ён не мае намеру яе страціць, хіба што толькі псіхіка не вытрымае прэсінгу.
Што б магло стацца, каб у адзін прыўкрасны дзень беларусы сапраўды прачнуліся без Лукашэнкі? Магчымыя тры сцэнары: стырно пераймаюць апазіцыя, спецслужбы або прарасійская наменклатура. Кожны з гэтых сцэнароў мог бы развіцца дастаткова хутка. Яны могуць здарыцца адначасна або разыграцца адзін за адным. Аб’ядноўвае іх адно: у кароткай перспектыве вынікі сыходу Лукашэнкі былі б для краіны сумныя.
У аўтарытарнай дзяржаве нават сігнал да жніва аддае прэзідэнт. Ён, а не законы рынку, кіруе курсам рубля, цэнамі на хлеб, памерам штрафаў або вытворчасцю малака. Дзяржава, кіраваная падобным чынам, насуперак эканамічнай логіцы, працуе ўжо другое дзесяцігоддзе.
"Знікненне Лукашэнкі было б тым, чым для сусветнай гаспадаркі было б знікненне біржы ў Нью-Ёрку, Лондане і Токіо", — кажа беларускі палітолаг Сяргей Богдан.
Але калі б гэта ўсё ж сталася? Пасля ўцёкаў прэзідэнта апазіцыя выводзіць на вуліцу натоўпы, спыняюцца прадпрыемствы, знікаюць дырэктары. Паралюш ахоплівае міліцыю і частку спецслужбаў. Найбольш лаяльныя да былога прэзідэнта афіцэры выязджаюць у Расію ці на Захад. Тыя, што застаюцца, баяцца прымаць рашэнні. Часова кіруючы прэм’ер Сідорскі абвяшчае датэрміновыя выбары. Апазіцыя ўрэшце мае доступ да СМІ. Новым прэзідэнтам становіцца Яраслаў Раманчук, ліберал з аднае з самых старых палітычных партый. У яго падтрымка Еўрасаюзу і Польшчы, абяцанні дапамогі для Беларусі, а таксама двухсэнсоўныя намёкі, што краіна некалі можа разлічваць і на далучэнне да Еўрасаюзу.
"Раптоўны сыход Лукашэнкі быў бы для Еўрасаюза гіганцкай праблемай. Брусэль не можа ўзяць на ўтрыманне збанкрутаваную краіну. Я хутчэй паверу ў сыход Лукашэнкі, чым у далучэнне Беларусі да Еўропы", — кажа Сяргей Богдан.
"Для Еўрасаюза вялікай праблемай стала Украіна пасля аранжавай рэвалюцыі — тым часам, у супрацьлегласць да Украіны, Беларусь жыве ў поўнай ізаляцыі. Права, эканоміка і ментальнасць насельніцтва патрабуюць не менш за 20 гадоў, каб “размарозіцца" пасля кіравання Лукашэнкі", — гаворыць дзеяч апазіцыі і палітолаг Аляксандр Фядута.
Еўрасаюз ніколі не быў гатовы да хуткага пашырэння ўплываў, ён ставіць на павольную грунтоўную працу. Таму Беларусь пасля Лукашэнкі не магла б разлічваць на сур’ёзную дапамогу, хіба толькі на цёплыя словы, астуджаныя страхам перад рэакцыяй Масквы. Хутка пачаліся б сваркі паміж дэмакратамі, іх умела будзе распальваць КДБ. Бяспека выпускала бы патроху інфармацыю пра апазіцыянераў, якія супрацоўнічалі з рэжымам і даносілі на калегаў.
Менавіта КДБ трымаў бы ключы ад беларускіх пераменаў, калі б раптам знік бацька народу. У шэрагах бяспекі настала рэвалюцыя пакаленняў. Слова ўзялі маладыя афіцэры, выцясняючы старыя савецкія кадры.
"Калі хтосьці ў Беларусі і ўсведамляе катастрафічны стан дзяржавы і розніцу ў інтарэсах кіруючай наменклатуры, дык гэта афіцэры КДБ", — кажа Павел Шарамет, беларускі публіцыст, што жыве ў Расіі.
У апошнія гады ўзнікла цэлая генерацыя “эканамістаў” з КДБ. Людзі з гэтай установы аналізавалі між іншым польскія рэформы 1989 году, змены ў Расіі і ва Ўкраіне, зубрылі прынцыпы ліберальнай эканомікі і правілы, якімі кіруюцца сусветныя біржы. Пасля сыходу Лукашэнкі яны маглі б стварыць папулістычную партыю, якая б абвясціла магчымасць спалучэння рынкавай эканомікі з захаваннем сацыяльнай падтрымкі. Адначасна распачалі б бліскавічную прыватызацыю, падбіраючы самыя прывабныя прадпрыемствы, каб захаваць іх ад хцівых намераў крэдытораў Беларусі. Жарсна баранілі б ад расіянаў беларускі рынак.
Перайманне кантролю над беларускім бізнэсам і энергетыкай з боку незалежных ад Масквы і спраўных людзей КДБ не магло б спадабацца Расіі. Масква распачынае контратаку. Пачынае традыцыйна, выцягнуўшы з рукава старыя запазычанасці, патрабуючы ўдзелу ў беларускай прамысловасці. Наступны крок — закручванне газпромаўскага краніка з газам.
Такому крызісу не дадуць рады нават дасведчаныя спецыялісты з КДБ. Папулістычны ўрад заваліўся бы. На сцэну вяртаецца партыя старой наменклатуры. Выйграе, шчодра фінансаваная Масквой, абяцаючы беларусам вяртанне стабільнасці, як за часамі Лукашэнкі. Дапамагае расійская тэлевізія, якая паказвае серыялы, што кампраметуюць беларускіх палітыкаў і генералаў КДБ. Старая гвардыя хуценька дамаўляецца з Масквой. Узамен за гарантыі сваёй улады аддае расійскім канцэрнам нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Мазыры і Наваполацку, кантроль над газаправодамі, металургічнымі, хімічнымі, машынабудаўнічымі прадпрыемствамі.
Беларусь уступае ў расійскую агульнаэканамічную прастору. Расія ўводзіць на тэрыторыі Беларусі свае вайсковыя адзінкі — “для бяспекі братняй дзяржавы”. Не ўсё ідзе ідэальна — расіяне вымушаныя укладваць мільярды ў беларускую гаспадарку, якая гіне. У Крамлі з настальгіяй згадваюць Лукашэнку. З ім было прасцей, бо ён, прынамсі, браў на сябе адыёзную аўру апошняга дыктатара Еўропы.
Сцэнарыі для Беларусі без Лукашэнкі паказваюць, што для ўсіх было б лепей, каб дыктатар пакуль застаўся ў Мінску. Таму 20 снежня, праз дзень пасля выбараў, беларусы, расіяне і еўрапейцы ўздыхнуць з палёгкай, калі на тэлеэкране зноў убачаць добра знаёмае, вусатае натапыранае аблічча “бацькі”.
Даведка Еўрарадыё: Міхал Кацэвіч (Michal Kacewicz) — польскі журналіст, аўтар кнігі "Лукашэнка. Дыктатар у калгасе Беларусь" (2007 г.), крытычна прынятай у Беларусі.