Блогеры з усяго свету зацікавіліся Беларуссю
На канферэнцыі ў Берліне адзінага прадстаўніка нашай краіны Віктара Малішэўскага завалілі пытаннямі
Блогеры з усяго свету з’ехаліся ў Берлін на прафесійную канферэнцыю
Re:publika 2010. Дакладчыкі з больш чым 30 краінаў выступаюць у цэнтры
нямецкай сталіцы. Беларусь на мерапрыемстве прадставіў блогер Віктар
Малішэўскі. Пра першы дзень канферэнцыі ён расказаў у інтэрв’ю
Еўрарадыё:
“Тэма канферэнцыі — “Інтэрнэт”: як я разумею, больш за ўсё абмяркоўваюць
сацыяльныя сеткі. Я тут адзін з Беларусі. Усё арганізавана ўнікальна —
цікава і грандыёзна. Тут такая вялікая зала, яна цалкам запоўненая. Усё
гэта ў цэнтры Берліна, Фрыдрыхштрасе.
Беларусь усіх вельмі цікавіць.
Гэта можна было зразумець па колькасці пытанняў. Мне іх задавалі больш
за ўсіх, гэта 100%. Пытанняў было столькі, што я нават здзівіўся. Я
выступаў у першы дзень на секцыі, прысвечанай блогасферы Беларусі і
Расіі. Зала таксама была поўная, было вельмі шмат журналістаў. Да мяне
падыходзілі нават італьянскія журналісты, якія збіраюцца прыязджаць на
выбары ў Беларусь, ім таксама было цікава”.
Чакаецца, што канферэнцыю наведае тры тысячы чалавек.
Малішэўскі: “Гэта вельмі шмат. І што цікава — усе гэтыя людзі заплацілі
грошы: квіток каштуе каля 90 еўра на кожны дзень”.
Ці ўплываюць блогі на грамадства, Віктар Малішэўскі абмяркоўваў разам з
вядомымі расійскімі блогерамі Plushev і Drugoi.
Малішэўскі: “У першай секцыі мы выступалі разам з Плюшчавым — вядомым
расійскім блогерам, палітыкам і журналістам. У другой частцы далучыўся
вядомы блогер Drugoi. Мы абмяркоўвалі, наколькі ўплываюць блогі на
грамадства.
Я казаў, што блогеры не павінны ставіць сабе такой мэты —
ўплываць на грамадства. Гэта выключна самаарганізаваная супольнасць, і
калі блогер будзе ставіць за мэту ўплываць на грамадства, то ён
аўтаматычна пераўтворыцца ў палітыка і перастане быць блогерам. Але праз
журналістаў, палітыкаў, СМІ, якія ўсё гэта перадрукоўваюць або
спасылаюцца, блогеры, вядома, уплываюць на людзей”.
Сёння ў сем гадзінаў вечара ў межах канферэнцыі выберуць лепшых блогераў
свету. Беларус Віктар Малішэўскі прэтэндуе на званне лепшага
рускамоўнага ЖЖ-юзера.
Еўрарадыё пра malishevsky:
Журналіст Малішэўскі разлічвае на падтрымку журы ў конкурсе блогераў The BOBs
Беларускі журналіст Віктар Малішэўскі стаў адным з лепшых блогераў свету