Брэсцкі спецназ цэлую ноч трымаў у аблозе жылы дом
Гэткім чынам праваахоўнікі хацелі злавіць хлопцаў, якіх у іх адбілі звычайныя грамадзяне 3 ліпеня на “маўклівым пратэсце”.
Пра гэта распавяла жыхарка двухпавярховіка Ніна Нікалаева.
“Абкружылі дом. Потым паміж дамамі прыгналі аўтобус з АМАПам, вялізны. Абышлі ўвесь дом, увесь пад’езд, не маглі зразумець, куды падзеліся гэтыя хлопцы. Усю ноч яны стаялі ў нас пад вокнамі. Потым гадзіны каля дзясятай прыйшла міліцыя, участковы з гэтымі “брытагаловымі”. Сказалі, што абакралі машыну ў двары. Суседзям сказалі наогул, што некага мала не забілі, а другім суседзям распавялі, што шукаюць удзельнікаў тэрарыстычнай секты нейкай”, — сказала спадарыня Нікалаева.
Пакуль нікога не знайшлі. Спадарыня Нікалаева баіцца, што пачнуць чапляцца да сына.
“Але мы проста былі на свежым паветры, прыйшлі сям’ёй паслухаць рэпетыцыю канцэрта”, — патлумачыла жанчына.