Былы палітвязень Сяргей Казакоў са сваім гуртом рыхтуе канцэрт

Еўрарадыё паразмаўляла з былым палітвязнем Сяргеем Казаковым, які днямі быў памілаваны і выйшаў на волю.

Еўрарадыё: Як вы сябе адчуваеце на волі?

Казакоў: Цяжка прызвычаіцца, але я ўжо пачынаю адчуваць, што гэта такое. Я ўжо пачынаю жыць як вольны чалавек.

Еўрарадыё: А ці адчуваеце вы нейкія змены ў вашым асяроддзі, у вашым горадзе?

Казакоў: Змяненні... Пайшоў учора ў краму — пабачыў змяненні. Нібыта, на экскурсію схадзіў, паглядзеў цэны. Нават нейкае напружанне ў паветры ёсць, такога раней не было. Зараз фактычна ў кожным куце, калі не ў слых, але нешта чутно, нешта кажуць.

Еўрарадыё: Чым вы цяпер плануеце заняцца, можа, было нешта такое, чым вы за кратамі марылі заняцца, калі выйдзеце на волю?

Казакоў: Я раніцай першага ж дня ўжо паспеў схадзіць на рэпетыцыю да свайго гурта. Я зрабіў тое, пра што марыў паўгода.

Еўрарадыё: А што за гурт?

Казакоў: Беларускамоўны гурт “Скрыжалі". Я там граў яшчэ да арышту. Дзіўна, але яны мяне дачакаліся. Ужо другога чысла ў нас будзе першы канцэрт з маім удзелам.

Еўрарадыё: А ці думалі ўжо шукаць нейкую працу?

Казакоў: Безумоўна, працаваць трэба будзе. Я нават вельмі здзівіўся, але мне нават са старога месца працы тэлефануюць і пытаюцца, дзе я і калі я вярнуся. Я не разлічваў, што там пра мяне ўвогуле ўзгадаюць, тым больш, калі ўлічыць, што мяне забіралі проста з працы, на вачах ва ўсяго калектыву.

Еўрарадыё: А ці вашы калегі па былой працы вас павіншавалі з вызваленнем ці не?

Казакоў: Вядома, хтосьці патэлефанаваў, хтосьці напісаў, хтосьці перадаў праз маці.

Еўрарадыё: Зняволенне ў вас не адабрала жадання хадзіць на вулічныя акцыі?

Казакоў: Я за той час, пакуль сядзеў, яшчэ больш ўмацаваўся ў сваіх поглядах. Я зразумеў, што ўсё раблю правільна.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі