Чалы: “Крызіс 2013 года” прыйдзе хутка, але будзе мяккім і плаўным
Ці вырастуць чэргі да абменнікаў, ці лясне эканоміка? Чаму павышэнне тарыфнай стаўкі перанеслі са жніўня? Для Еўрарадыё каментуе незалежны аналітык Сяргей Чалы.
Размовы пра 500 долараў нараджаюць сумневы ў стабілізацыі
Еўрарадыё: Кожны раз, калі чыноўнікі згадваюць пра 500 долараў сярэдняга заробку па краіне і пра 700 долараў для жыхароў Мінска, інстынкт гоніць мяне да абменніка. Як на такія навіны рэагуе эканоміка?
Сяргей Чалы: У першай палове 2012 года ў настроях пераважае насцярожанасць. Складана было паверыць, што стабілізацыя, якой дасягнулі ўлады, не намаляваная, а рэальная. Нацбанк штомесяц апытвае топ-мэнаджараў розных прадпрыемстваў наконт іх чаканняў: будзе пагаршацца сітуацыя ці не? Дык вось, толькі ў сакавіку пачынаецца псіхалагічнае паляпшэнне, хаця эканамічнае прыйшло раней. Здаецца, можна супакоіцца! І тут пачынаюцца гэтыя размовы пра 500 долараў.
Гэтыя размовы з’яўляюцца негатыўным фактарам. Менавіта яны нараджаюць сумневы ў тым, наколькі доўга працягнецца стабілізацыя. Бо як гэта ад чыноўнікаў гучыць? Не важна, што там адбываецца ў эканоміцы, але мы па-ранейшаму хочам, каб сярэдні заробак быў 500 долараў. І далей: а 500 долараў ― гэта ж ужо і не грошы, давайце болей! Здаецца, глупства. Але менавіта гэтыя планы і з’яўляюцца галоўнай крыніцай нестабільнасці ў чаканнях. А гэта праблема, бо псіхалогія мае вельмі вялікае значэнне. Фактычна, гэта гарызонт планавання. І калі ты не ўпэўнены, што будзе праз месяц…
Еўрарадыё: 500 долараў сярэдняга заробку наўпрост асацыююцца з крызісам 2011 года. Можа ўлады хочуць перамагчы ў беларусах комплекс крызісу?
Сяргей Чалы: Думаю, ты лепш, чым трэба, зараз выказаўся пра нашы ўлады. Наўрад ці ў іх сапраўды ёсць такая шматхадовая задума ў стылі “ідзем на навальніцу”, каб усе пабачылі, што эканоміка вытрымае. Калі мяне не падманваюць адчуванні, у галовах высокіх чыноўнікаў дагэтуль няма пэўнага ўяўлення пра тое, што адбываецца. Ім не хочацца нават паглыбляцца ў гэта. Усё ж такі эканамічная мадэль з пераходам на плаваючы курс вельмі змянілася… Абавязак разумець новую сітуацыю ўскладзены на спецыялістаў. Гэта добра бачна, калі Мясніковіч ці Ермакова прыходзяць да кіраўніка краіны. Ён выслухвае іх даклады і падкрэслівае, што яны мусяць усё зрабіць, як след. Ну і, натуральна, кажа, каб не забываліся пра сярэдні заробак у 500 долараў. Бо гэта было паабяцана, а не выконваць абяцанні ― не па-пацанску.
Еўрарадыё: Я так разумею, што патрабаванне ў 500 долараў разыходзіцца з ліберальным курсам, узятым эканомікай, як разыходзілася б кожная дырэктыва?
Сяргей Чалы: Аднойчы нават прагучала фраза накшталт “Як толькі мы 500 долараў заробку дасягнем, больш нічога ад эканомікі патрабаваць не будзем”. Маўляў, далей зарабляйце самі, колькі зможаце. Але вось $500 ― гэта падушка бяспекі. Ды і грошы не такія ўжо вялікія… Але пытанне нават не ў гэтай лічбе, хаця яе сапраўды ўсе памятаюць. Нам казалі, што эканоміка ад канца 2011 года працуе іншым чынам. Шмат разоў паўтарылі, што прыбыткі і заробкі растуць настолькі, наколькі людзі іх зарабляюць. А тут ― раз! ― і хочам 500 долараў, і адразу, сёння! Падчас паездкі па рэгіёнах Лукашэнку кажуць: а ў нас сярэдні заробак ужо ― 470 долараў. А вось не, 470 ― гэта не 500, нават такая нязначная розніца не задавальняе.
“Крызіс 2013 года” прыйдзе хутка, але будзе мяккім і плаўным
Еўрарадыё: Я ўсё ж паўтару сваё пытанне: ці будзе ў нас крызіс у 2013 годзе і якім ён будзе? У снежні людзі атрымліваюць на рукі $500 рублямі. Іх рэакцыя?
Сяргей Чалы: Такога крызісу, які быў летась, не будзе. Эканамічная сітуацыя змянілася. Раней мы павышалі заробкі ў рублях і, дзякуючы фіксаванаму курсу, стваралі адчуванне, што жыццё паляпшаецца. Здавалася, што людзі жывуць усё лепш і лепш. Але дысбалансы паміж тым, што атрымлівалі людзі, і тым, што магла дазволіць эканоміка, абвастраліся. Адбывалася крытычная карэкціроўка ў выглядзе дэвальвацыі, калі прыбыткі вярталіся на роўнаўзважаны ўзровень. І цыкл пачынаўся нанова.
Зараз жа, калі людзі атрымаюць заробкі з грошай, не створаных эканомікай у выглядзе дадатковай вартасці, плаваючы курс зробіць карэкціроўку плаўнай. Але нашмат больш хуткай. Уявім, што колькасць рублёў на руках павялічваецца. Адразу ж павялічваецца попыт на спажывецкім рынку. Частка гэтага попыту прыпадае на імпарт, што правакуе адток валюты з краіны. Адпаведна, павялічваецца попыт на долары на Беларускай валютна-фондавай біржы. Павялічваецца роўна настолькі, каб курс рубля “ад’еў” дададзеную, незаробленую частку.
Еўрарадыё: То бок, калі людзі пойдуць са сваімі $500 да абменнікаў…
Сяргей Чалы: …не абавязкова нават ісці да абменнікаў, дастаткова проста пачаць траціць.
Еўрарадыё: Так ці інакш, банкі змогуць дакупіць на біржы неабходную колькасць долараў па большым курсе, і задаволіць попыт на рынкавых умовах?
Сяргей Чалы: Так.
Пакуль улады агучваюць свае абавязкі ў доларах, сітуацыя не зменіцца
Еўрарадыё: Ці дакладна я разумею, што ніякага паляпшэння дабрабыту людзі не адчуюць?
Сяргей Чалы: Мне здаецца, што разуменне гэтага яшчэ не прыйшло. Але паціху прыходзіць. З пераходам на плаваючы курс знікла магчымасць ствараць, нават на кароткі тэрмін, ілюзіі дабрабыту. Тое, што было, калі курс стаіць, а заробкі ў рублёвым выяўленні растуць. Цяпер жа курс адрэагуе на павышэнне заробкаў за 3-4 месяцы, калі сітуацыя ў эканоміцы нервовая, і за 6-7 месяцаў, калі ўсё спакойна.
Пра тое, што чыноўнікі гэта ўсё ж разумеюць, сведчыць перанос павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду са жніўня на верасень. Вось, у бліжэйшы час заробкі вырастуць. Дадаём 4 месяцы, і разумеем, што негатыўныя наступствы ад падвышэння заробкаў, калі яны будуць, улады ўжо перанеслі на 2013 год. І вось тут цікавая рэч. Па дасягненні сярэдняга заробку ў 500 долараў курс рубля пойдзе ўніз. Гэта значыць, пры пачатку 2013 года ў доларавым выяўленні заробкі… самі сабой ізноў апусцяцца ніжэй за 500 долараў! Натуральна, калі курс не будуць “чапаць рукамі”.
Еўрарадыё: Цікава, як улады будуць абыходзіць гэтую пастку.
Сяргей Чалы: Нацбанк колькі заўгодна можа заяўляць, што займаецца дэдаларызацыяй і спрабуе сысці ад разлікаў у доларах. Але пакуль улады агучваюць свае абавязкі ў доларах, сітуацыя не зменіцца, нельга крыўдаваць на людзей, якія пераводзяць свае заробкі ў долары, і ў доларах жа плануюць свае выдаткі. Гэта праблема даверу да нацыянальнай валюты. Дарэчы, са статыстыкі дэпазітаў вынікала, што давер пачаў вяртацца. Але прыкладна з чэрвеня прыток грошай на рублёвыя рахункі спыніўся! І, падобна на тое, што вось гэтае лета ― гэта якраз той перыяд крохкай раўнавагі, за якім кожнае дзеянне па стымуляцыі попыту ― перабор.
Еўрарадыё: На гэта рынак будзе рэагаваць павышэннем курсу.
Сяргей Чалы: Пры гэтым, усе спрабуюць угадаць, дзе ж гэтая кропка. Сітуацыя вельмі небяспечная. Людзі, якія сядзяць цяпер на рублёвых дэпазітах, груба кажучы, сядзяць на нізкім старце. Яны разумеюць, што “трэба паспець”, калі раптам “што пачнецца”. Зразумела, што не пачнецца нічога рэзкага. Але пару фальстартаў мы ўжо бачылі.
Фота: ultra-music.com.