Чаму H&M, Zara і KFC не ідуць у Беларусь?
Пакуль, каб набыць папулярную у свеце вопратку, беларусы стаяць па 6 гадзін у чэргах на мяжы.
Каб набыць фірменнае адзенне H&M альбо Zara, беларусы вымушаны ездзіць у Варшаву, Маскву ці Вільню. Тое ж самае можна сказаць і пра вядомыя па ўсім свеце кавярні і рэстараны.
Чаму сусветна вядомыя брэнды не спяшаюцца ў нашу краіну?
“Сапраўды, у нас няма сваіх крам на беларускім рынку. На дадзены момант у нас няма ніякіх планаў адносна Беларусі. Але, безумоўна, у будучыні мы будзем пашырацца і там. У гэтым годзе дакладна не адкрыемся, але ў наступныя пару гадоў такое цалкам магчыма”, — распавядаюць Еўрарадыё ў іспанскім офісе Zara.
У маскоўскім прадстаўніцтве H&M на пытанне, ці збіраецца іх кампанія на беларускі рынак, разводзяць рукамі.
“Я не ведаю, чаму сусветныя брэнды не прыходзяць у Беларусь. Што тычыцца H&M, то пакуль такіх планаў няма. Мы развіваемся, але пакуль не плануем выходзіць у Беларусь, як і ў іншыя краіны постсавецкай прасторы. Увосень выходзім у Рызе, Латвіі, але гэта еўрапейская супольнасць”, — распавядае прэс-сакратар H&M у Расіі Кацярына Прасвіркіна.
Нягледзячы на тое, што беларускія чыноўнікі сцвярджаюць, што Беларусь — прывабная з пункту гледжання інвестыцый, яна такой не з’яўляецца, лічыць кіраўнік інтэрнэт-праекту marketing.by Сяргей Скараход.
Сяргей Скараход: “Такія брэнды больш звязаныя з сэрвісам. А сэрвіс патрабуе значных інвестыцый. І ўсё роўна для патэнцыйных інвестараў ёсць пэўныя перасцярогі. З-за таго, што інвестыцыі не апраўдаюцца. Акрамя таго, што яны мусяць патраціць грошы, яны мусяць прыкласці шмат намаганняў на пераадоленне нейкага адміністрацыйнага неразумення і гэтак далей”.
Галоўнай жа прычынай, па якой глабальныя кампаніі не прысутнічаюць у Беларусі, на думку Сяргей Скарахода, з’яўляецца нізкая пакупніцкая здольнасць беларусаў. Ды і мясцовым бізнесменам бракуе грошай. Прынамсі, з такой праблемай сутыкнулася амерыканская сетка рэстаранаў фастфуда KFC, якая некалькі гадоў таму спрабавала трапіць у Беларусь. Але так і не трапіла…
“Мы гатовы развівацца ў Беларусі. Але пакуль не знайшлі падыходзячых партнёраў. Развіццё па Беларусі мусіць ісці праз франчайзінгавую схему, нам патрэбны доўгатэрміновы партнёр. Гэта нехта з мясцовых беларускіх бізнесменаў, які гатовы ўкладвацца ў сетку KFC. Таму мы разглядаем гэтую краіну як частку нашага развіцця і чакаем патэнцыйных партнёраў”, — распавядае Еўрарадыё дырэктар па знешніх камунікацыях KFC у Расіі Ілля Паліткоўскі.
Спадзявацца на тое, што бліжэйшым часам у Мінску з’явяцца буцікі C&A ці кавярні Starbucks, на жаль, не выпадае. Сяргей Скараход кажа, што, для таго каб адбіць сродкі, укладзеныя ў сэрвіс, інвестарам патрэбна да 10 гадоў. Таму яны аддаюць перавагу прамысловасці і вытворчасці, дзе ўкладзеныя грошы можна вярнуць за 4-6 гадоў.
Фота: restop.ru