Чаму мастачкі знікаюць з публічнай прасторы?
Куды падзелася жаночае мастацтва ў Беларусі, тлумачыць кіраўніца арганізацыі "Гендэрны шлях" Ірына Саламаціна
Аўдыёверсія размовы тут 120228 Salamacina_site.mp3
Еўрарадыё: Выстава “Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых” 29 лютага стартуе ў адным з цэхаў завода “Гарызонт”. Адкуль такая ідэя?
Ірына Саламаціна: Трэба разумець, што праект доўжыцца на працягу года. Спачатку нашым партнёрам быў Музей сучаснага мастацтва ў Мінску. Потым па нейкіх прычынах яны адмовіліся ад удзелу ў праекце. Такім чынам, перад арганізатарамі ўвесь час стаялі нейкія новыя задачы. На мой погляд, памяшканне, якое куратары ў выніку вырашылі засвоіць, — гэта, з аднаго боку, спантанае рашэнне, выкліканае адсутнасцю вялікіх выставачных пляцовак. Але з другога боку — гэта вельмі добрае рашэнне, бо ў горадзе Мінску стаіць вельмі шмат закінутых пустых вялізных заводаў, якія ў прынцыпе можна выкарыстоўваць пад выставачную прастору. Гэта можа быць вельмі цікавы выставачна-экспазіцыйны эксперымент. Гэтак сама, як і наш праект, ён развіваецца практычна з нуля, бо гэты праект, з аднаго боку, звязаны з даследаваннем асяроддзя, а з другога — з выставай, на якую кожны можа прыйсці і ўзгадаць, што было ў 2000-я.
Еўрарадыё: У выставе будуць удзельнічаць мастакі і фатографы Уладзімір Цэслер, Сяргей Шабохін, Артур Клінаў. А хто будзе прадстаўляць мастачак?
Ірына Саламаціна: На жаль, феномен гэтага праекта палягае на тым, што жанчын будзе прадстаўляць як паўнавартасная мастачка паўнавартасным праектам адна Марына Напрушкіна. Але яшчэ там будзе Жана Грак як прадстаўніца групы беларускіх мастакоў Revision. Гэта мастакі, што ў свой час з’ехалі з Беларусі. Мне як чалавеку, які дастаткова даўно займаецца гендэрнымі даследаваннямі, зразумела, чаму так адбылося. Калі куратары выставы праводзілі анкетаванне экспертаў і журналістаў, яны цалкам ігнаравалі момант кансерватыўнасці нашага арт-асяроддзя. Трэба было ўводзіць асобны пункт, каб сканцэнтраваць увагу людзей у тым ліку і на жанчынах. Бо мы жывем у такіх умовах, што жаночая творчасць да гэтага часу з’яўляецца другаснай.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што ў нас ёсць жаночае мастацтва, але пра яго забываюцца?
Ірына Саламаціна: Гэта вельмі вялікая тэма. 8 сакавіка адбудзецца круглы стол на тэму, як так магло атрымацца. Мы маем дастаткова шмат мастачак — я магу назваць Людмілу Русаву, Галіну Гаравую, Зою Літвінаву. Але асаблівасць беларускай культуры палягае на тым, што гэтыя жанчыны застаюцца нябачнымі. Гэтую тэму складана абмежаваць проста жаночай тэматыкай, яна неадпрацаваная, неартыкуляваная ні жанчынамі-мастачкамі, ні мужчынамі-мастакамі. На "Новай Еўропе" апублікаваны мой тэкст, які называецца “Майстэрня жаночай творчасці: страчаныя магчымасці”, дзе я паспрабавала аналітычна патлумачыць, чаму жанчыны ў нас застаюцца на абочыне гісторыі. Вельмі добры прыклад — чарговы 17-ы нумар часопіса “Партызан” і альманах, прысвечаны авангарду 1980-х гг у Беларусі. Фенаменальна, што, напрыклад, там ёсць шмат матэрыялаў пра Ігара Кашкурэвіча, але пры гэтым не ўзгадваецца, што Людміла Русава акурат у 1970-1980 была фігурай № 1 беларускага авангарду. Як атрымліваецца, што мужчына застаецца ў гісторыі і публічнай прасторы, а жанчыны кудысьці знікаюць?
Еўрарадыё: Зразумела, з чым гэта звязана гістарычна, але чаму гэта застаецца і ў XXI стагоддзі? Хто, на вашую думку, у гэтым вінаваты?
Ірына Саламаціна: Справа ў тым, што Лінда Нохлін у 1970-я напісала невялікую працу “Чаму не было вялікіх мастачак”. Гэтая праца адразу яе праславіла. У Беларусі паўтараецца тое, пра што яна пісала. Існуюць пэўныя інстытуцыянальныя ўмовы, якія не дазваляюць жанчынам знаходзіцца ў публічнай прасторы. Беларускае грамадства застаецца вельмі традыцыйным. Часта гэта звязана акурат з тым, што жанчыны баяцца пра сябе гаварыць як пра паўнавартасных прафесіяналак. Часам сама жанчына кажа, што яна не займаецца жаночым мастацтвам, што яна сапраўдны мастак. Гэта цудоўна, але калі асоба выстройвае сябе з пункту гледжання мужчынскага канону, яна гэтым дазваляе мужчынам ставіцца да сваёй творчасці як да другаснай. Гэта праблема артыкуляцыі.
Фота: старонка на фэйсбуку Вікі Шчарбаковай