Чаргінец: Я сам у гэтыя гульні не гуляюся

Грамадскі Савет па маральнасці зацікавіўся кампутарнымі гульнямі. Ён збіраецца правесці перамовы "з зацікаўленымі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі з мэтай абмежавання падрастаючага пакалення ад негатыўнага сегмента кампутарнай прадукцыі". Еўрарадыё паразмаўляла пра гэтую ініцыятыву са старшынём Савета Мікалаем Чаргінцом.

Еўрарадыё: Як Савет па маральнасці будзе высвятляць, ці ёсць у гульні элементы гвалту ці парнаграфіі? Чальцы камісіі будуць гуляць у гэтыя гульні і высвятляць, якія добрыя, а якія дрэнныя?

Чаргінец: “Савет не бярэ на сябе ролі цэнзуры. Проста ёсць маральныя нейкія асновы. Калі ты бачыш на экране кампутара, за якім граюць дзеці ва ўзросце 6-9 гадоў, жорсткія сцэны гвалту, такія як расчляненне чалавека, забойства, забойства дзіцёнка, маці... Або рэчы празмерныя, у тым ліку гвалту над дзецьмі...


Гаворка не ідзе, што мы супраць гульняў. Гаворка ідзе аб тым, каб нейкім чынам узбурыць грамадскасць і звярнуць максімальную ўвагу нашых грамадзянаў на гэтыя рэчы. І бацькам, у рэшце рэшт, можна часцей звяртаць увагу, у якія гульні грае дзіцёнак, прадухіліць прагляд гэтых страшэнных кадраў.


Можна праводзіць працу і ў школах з дзецьмі, тлумачыць, што гэта не рэаліі жыцця, няма чаго да гэтага праяўляць цікаўнасць. Гэта, у рэшце рэшт, самае галоўнае — звярнуць увагу тых, хто выпускае гэтыя гульні  і ў нейкай ступені заклікаць іх да прыстойнасці, каб яны разумелі, што яны хочуць унесці ў душу, у свядомасць дзіцёнка. Канешне ж, мы за тое, каб у любой дзяржаве думалі праз законапраекты, каб пазбавіць дзяцей ад гэтых рэчаў”.

Еўрарадыё: А вы ведаеце, у якія гульні гуляе моладзь?

Чаргінец: “Канешне, я не гуляюся ў гэтыя гульні. Я нават не ініцыятар разгляду гэтага пытання, а ініцыявалі тыя, хто сапраўды ведае добра і бачаць гэтыя гульні, і звяртаюць на іх увагу. Яны спецыялісты — гэта і псіхолагі, і выкладчыкі, і выхавальнікі. Я проста выразнік агульнага меркавання Савета па маральнасці, які прымае такое агульнае рашэнне аб тым, што трэба звярнуць на гэта ўвагу. Не самім кідацца ў бой, а звярнуць увагу тых органаў, ад якіх гэта залежыць. І самае галоўнае — гэта звярнуць увагу аўтараў, якія выпускаюць гэтыя гульні”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі