На Кіберфэсце паказвалі катушку Тэсла, што пуляла маланкамі на 1,5 метры
Магла б і на 3 метры, але ўсім стала страшна, і электронік-эксперыментатар паменшыў яе моц.
Ізноў першы ў Беларусі фэст. Гэтым разам — CyberFest, прысвечаны, як нескладана здагадацца, кіберкультуры. Падзею зладзілі вакол прыезда ў Мінск маладога маскоўскага гурта Cyber Snake. Добра ўсведамляючы, што на невядомыя гурты ў нас не ходзяць, прыдумалі такую pr-акцыю: сабралі на адну тусоўку ўсіх больш-менш кіберстылёвых і вядомых у Беларусі, і...
Прыналежнымі да
кіберу апынуліся бубначы з Drum Ecstasy, новы электраэтнічны праект ад
“НагУаль”, аператар тэрменвоксу, некалькі дыджэяў, кібертэатр і нават прафесійны
электронік, які прэзентаваў плён сваёй гадавой працы — трансфарматар Тэслы.
Адначасова сабраць
усіх пад дахам клуба RE:Public у нядзелю 26 лютага было складанай задачай:
“Разрозненасць
субкультр — гэта асноўная праблема, — кажа Еўрарадыё арганізатар
CyberFest Валера Астаф'еў з Mamont-promo. — Ёсць людзі, якія захапляюцца адной
тэмай, але ствараюць у розных сферах. І, пакуль усё так разрознена, — няма
тусоўкі, аматараў. Мне падаецца, калі сюды нехта і прыйшоў, то выключна праз
цікаўнасць, а не таму, што ён фанат такога стылю”.
Цікаўнасць праявілі
нешматлікія мінчукі. Наведвальнікаў і выступоўцаў было амаль пароўну. Апошнія
актыўна танчылі на танцполе ў прыгожых кібер-адзеннях, на дыбках, ствараючы
хоць якую атмасферу адрыву.
Але, калі шчыра,
адрывацца зусім не хацелася. Не да скокаў, калі навокал такія цікавосткі: тры
праекцыі відэа, яшчэ адна з гульнёй на прыстаўцы, касцюмы перформераў і
хэдлайнер вечара — траснфарматар Тэсла.
“Шчыра, я прышоў сюды, каб паглядзець на разраднік Тэслы, а не на гурты, — сказаў наведнік Іван. — Я ніколі ў жыцці раней яго не бычыў, і мне вельмі спадабалася!”
Тым часам
трансфарматар пуляўся маланкамі на 1,5 метры. Як высветлілася з размовы са
стваральнікам гэтай штукі — моц давялося паменшыць напалову, бо ўсе — ад
галоўнага электрыка клубу да віджэяў — запанікавалі, калі ў іх пачалі віснуць
лэптопы…
“Мікола Тэсла хацеў стварыць бесправадную перадачу электрычнасці за кошт індуктыўных токаў, — тлумачыць прынцып працы сваёй прылады электронік Алег. — Можа, вы заўважылі, вунь тая гірлянда толькі што проста так свяцілася. Гэта і ёсць бесправадная перадача электрычнасці”.
Трансфарматар Алег зрабіў для сябе, як хобі, цягам аднаго году. Ацаніць яго кошт адмовіўся: “Хобі не ацэньваецца”. Але прызнаўся, што на Захадзе нешта падобнае, але менш моцнае, можна набыць за 3 тысячы 300 долараў.
Скажам колькі словаў і пра гурты,
усё ж на фэсце грымелі не толькі маланкі.
На жаль, маскоўскі
Cyber Snake зацікавіў толькі першымі дзвюма песнямі. Далей эфектная кібер-дзіва
на платформах і з шыкоўнымі формамі не заўсёды трапляла ў ноты. Хаця голас у яе
вельмі моцны і цікавы.
Затое Drum Ecstasy “адбубнелі” чоценька, як запраграмаваныя робаты, даўшы “збой у праграме” толькі на 10-й песні (бо першапачаткова думалі сыграць толькі 9).
А вось хто сапраўды ўразіў — гэта новы праект ад “НагУаль” пад назвай Exotic::Sound.
“Гэты праект — спалучэнне электроннай музыкі з ідэяй “Нагуаль” — узнік неяк сам сабой, — распавядае Еўрарадыё Лёня Паўлёнак. — Мяне сталі запрашаць у кафэшкі, рэстараны, каб граць з дыджэямі. Я браў свой вялікі набор этнічных інструментаў і граў з імі. Паступова гэта вылілася ў нейкі самастойны праект, які я сёння і прэзентаваў”.
Экзатычны саўнд на
кіберфэсце стваралі варган, тайская флейта, “піпка міру” ад
паўночнаамерыканскіх індзейцаў і афрыканскі кселафон. Калі ласка, паслухайце:
Дарэчы, не хвалюйцеся: арганізатары ведалі, што людзей прыйдзе мала, і былі гатовыя да “ўлёту”. Так што хутка нам чакаць яшчэ фэстаў, а можа і сапраўднага росквіту кіберкультуры ў Мінску. А калі вы заўважыце: “Дык уся кіберкультура ўжо была, і не ўчора, а гадоў 20 таму!”, арганізатары маюць што вам адказаць:
“Дзе была? У ЗША, у Швецыі? У нас такога не было! Вы ж ведаеце, у нас пост-рок толькі два гады таму з’явіўся!”
Больш фота з CyberFest у Фэйсбуку Еўрарадыё.