Да змагання супраць дамоў для спецназу людзі далучылі генерала Русіянава
Валун і памятную дошку ў гонар Героя Савецкага Саюза мясцовыя жыхары збіраюцца паставіць на месцы будучага будаўніцтва.
У скверы сталічнага мікрараёна Уручча-2 у чацвер, 12 чэрвеня, усталююць мемарыяльную дошку ў гонар Героя Савецкага Саюза Івана Русіянава. Валун з памятнай дошкай будзе стаяць на месцы запланаванага будаўніцтва двух дамоў для міліцыянтаў са спецназу.
Як паведаміў Еўрарадыё лідар грамадзянскай ініцыятывы “Еўрапейская перспектыва” Віктар Янчурэвіч, такім чынам мясцовыя жыхары спадзяюцца ў чарговы раз прыцягнуць увагу ўладаў і грамадскасці да незаконнага, на іх думку, будаўніцтва гэтых дамоў. Але на тое, што памятная дошка прастаіць доўга, людзі не спадзяюцца.
Віктар Янчурэвіч: “Гэтае мерапрыемства дазволіць яшчэ раз прыцягнуць увагу да вынішчэння зялёнай зоны ў іх пад вокнамі, ёсць падставы быць упэўненымі ў тым, што будаўніцтва гэтых дамоў незаконнае, што вядзецца яно са шматлікімі парушэннямі заканадаўства. Да таго, што адпаведныя заявы ў дзяржаўныя органы былі накіраваныя, але адказу з Адміністрацыі прэзідэнта, якога даўно чакаюць мясцовыя жыхары, на сённяшні дзень яшчэ не паступіла”.
На ўсталяванне такой памятнай дошкі, прызнае Янчурэвіч, неабходны дазвол мясцовых уладаў. Але падзеі ў мікрараёне вакол гэтага сквера і гэтага будаўніцтва развіваюцца так хутка, што няма часу на тое, каб вытрымаць усе бюракратычныя працэдуры. Таму, кажа ён, мясцовыя жыхары проста сабралі неабходныя грошы, замовілі шыльду і прывезлі валун.