ДАІ: Масавай акцыі па эвакуацыі аўто не праводзіцца, сітуацыя стане нормай
У Мінску прыватнікам забаранілі дапамагаць міліцыі з эвакуатарамі. Кошты за няправільную паркоўку зраўняліся.
Калі раней за ваш эвакуяваны аўтамабіль маглі выпісаць штраф пад 600 тысяч рублёў, то з канца сакавіка гэта лічба зменшылася.
Мінгарвыканкам сваім загадам ператасаваў арганізацыі, якія могуць займацца эвакуацыяй. І калі раней такія “паслугі” аказвалі ў тым ліку і прыватнікі (лупілі па 400-500 тысяч за прымусовую адбуксіроўку), то сёння эвакуяваць могуць толькі дзесяць дзяржаўных арганізацый. А з аўторка 26 сакавіка ДАІ Мінска пачало ў новых умовах змагацца з парушальнікамі правіл паркоўкі.
Еўрарадыё спытала ў кіраўніцы прэс-службы мінскай ДАІ Таццяны Харлінскай пра новую акцыю ДАІ:
Харлінская: "Гэта не акцыя, а паўсядзённая праца. У новых умовах праблеме паркоўкі будзе надавацца большая ўвага. Машыны будуць эвакуяваныя толькі тады, калі парушаныя правілы і няправільна запаркаваны аўтамабіль пагражае іншым удзельнікам дарожнага руху".
Цяпер эвакуацыя аўтамабіля будзе каштаваць 300 ці 380 тысяч (залежыць ад тыпу эвакуатара). Штраф за няправільную паркоўку складае 100 тысяч рублёў (ці 200 тысяч, калі парушэнне паўторнае).
Паркоўка эвакуяванага аўтамабіля абыходзіцца ў 50 тысяч за суткі (ці менш, калі машына будзе прастойваць на штрафстаянцы больш як тры дні).
Фота — by.all.biz