Дрэс-код у школе: Для адных афрыканскія касічкі, для іншых шэрыя пінжакі

120820 Martynovich Dreskod.mp3

“Хадзіць у школу ў джынсах — быць белай варонай”, — кажа міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, адказваючы васьмікласніку. Хлопчык спытаў у чыноўніка, ці можна яму апранаць пінжак, белую кашулю і чорныя джынсы.
 
Спрабуем высветліць, які дрэс-код у школах, і як дырэктары разумеюць “дзелавы стыль”.

“Не проста сціплая форма, а касцюм-класіка. Пажадана, каб колеры былі цёмныя, шэрыя. Сіні ці чырвоны — не пажадана. На гэты конт вядзем тлумачальную працу”, — адказваюць Еўрарадыё ў 180-й мінскай школе.

Для настаўнікаў — не менш строга. Выкладчыцу гісторыі з 44-й мінскай школы прымусілі расплесці афрыканскія касічкі, бо “падае дурны прыклад”.

“Мы тады ўжо тыдні тры прапрацавалі. Заплялі мне простыя афрыканскія касічкі, на два колеры з канікалону. Тры дні я так пахадзіла ў школе пакуль не было дырэктара. Калі прыйшла дырэктар, яна была ў жаху. Галоўны аргумент, што я дурны прыклад для дзяцей”, — расказвае настаўніца гісторыі Юлія Кухарчык.

 Праз месяц адзінаццацікласнік з гэтай школы заплёў сабе сіне-чырвоныя дрэды. Салідарнасць…

Юлія Кухарчык: “Праз месяць вучань адзінаццатага класа прыйшоў з сінімі дрэдамі. Ён пахадзіў на 2 заняткі, пасля яго выклікалі да дырэктара і далі 3 дні, каб вырашыць праблему з галавой”.

Самая дэмакратычная школа, якую знаходзіць Еўрарадыё — Гродзенская гарадская гімназія. Ні афрыканскія касічкі, ні доўгія валасы ў хлапцоў тут не лічаць за “праблему з галавой”. Галоўнае, каб было прыстойна, расказваюць у гродненскай гімназіі:

“Дзелавы стыль — досыць дэмакратычная рэч. У асноўным, хлопцы ходзяць у пінжаках і штанах. Я дазваляю пінжак і джынсы. Дзяўчаты — у спадніцах, але калі ўзімку холадна можна і ў штанах, і джынсах. Афрыканскія касічкі, я лічу, гэта таксама не беспарадак. Такія дзеці былі ў нас. Гэта праяўленне сваёй асобы”.

Адзіная ўмова для хлапцоў: доўгія валасы трэба збіраць у хвосцік.

У 161-й мінскай гімназіі джынсы вучням насіць не дазваляюць. Але калі прыйдуць так, з урокаў не пагоняць.

“Міністэрства адукацыі не вызначылася з адзіным меркаваннем наконт строю ў школе. Цяпер у дзяўчат — спаднічка, камізэлька, у хлопцаў — пінжак, гальштук. Цёмная, светлая… за гэта ніхто моцна не ганяе”, — расказваюць у 161 мінскай гімназіі.

І дадаюць, што за джынсы з урокаў не выганяць, але правядуць гутарку і патэлефануюць бацькам.

Выходзіць, “дзелавы стыль” для кожнага розны. І школа сама вырашае, у чым можна хадзіць. А ў чым — не.

Фота: kanekalon.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі