Дырэктар “Гомеля”: Беларуская мова на стадыёне дадае каларыт

У першым туры чэмпіяната Беларусі па футболе гомельскі стадыён “Цэнтральны” загучаў па-беларуску. Адзін з заўзятараў клуба “Гомель” прапанаваў свае паслугі — ўвесці беларускую мову на “Цэнтральным”. Дырэктар ФК “Гомель” Яўген Пабаловец лічыць эксперымент паспяховым.

Яўген Пабаловец: “Усім вельмі спадабалася, было шмат пазітыўных водгукаў. Таму і будзем працягваць. Беларуская мова прыдае каларыт. І сам па сабе дыктар больш сучасна вядзе, заводзіць публіку”.

Футбалісты клуба з “беларусізацыяй” не спяшаюцца.

Яўген Пабаловец: “Не тое, што супраць, яны ж не супраць мовы як такой. Але яны сказалі, што ім больш зручна, каб прозвішчы пісаліся па-руску”.

А вось у жодзінскім “Тарпеда-БелАЗ” яшчэ некалькі гадоў таму прозвішчы футбалістаў на форме пазначаліся па-беларуску. Праўда, перад пачаткам мінулага сезона гульцы выказалі жаданне перайсці на рускую. Але беларускамоўны дыктар жодзінскага стадыёна Сяргей Пузанкевіч (які, дарэчы, працуе прэс-сакратаром “Тарпеда-БелАЗ”), спадзяецца, што гэты пераход часовы.

Сяргей Пузанкевіч: “Футбол з’яўляецца адной з тых сацыяльных з’яваў, якая вабіць і моладзь. І вось праз беларускую мову на стадыёне няхай прыходзіць гэтая цікавасць”.

Сяргей Пузанкевіч агучвае жодзінскія матчы па-беларуску ўжо 19 гадоў. Задумваецца пра “беларусізацыю” афіш матчаў.

Сяргей Пузанкевіч: “Некаторыя прапануюць рабіць на беларускай мове афішы і праграмкі. Але, на жаль, рэаліі такія, што не чытэльна гэта пакуль. Трэба, каб было падрыхтаванае грамадства. Вось пра афішы я задумаўся. Можа не з гэтага сезона, з наступнага. Ёсць такое ў планах”.

Добра ставяцца да ўжывання беларускай мовы на матчах і ў футбольным клубе “Мінск”. Генеральны дырэктар клуба Ігар Шлойда абяцае Еўрарадыё паразмаўляць на гэтую тэму з дыктарам мінскага стадыёна “Дынама”, дзе праводзяць хатнія гульні “гараджане”.

Ігар Шлойда: “Магчыма, сапраўды, трэба нешта памяняць, паспрабаваць новае. Лягчэй гэта зрабіць на нашым стадыёне “Тарпеда”. Думаю, ёсць шмат маладых людзей, якім падабаецца прафесія дыктара. Хай спрабуюць на роднай мове. Ніякіх пытанняў. Ідэя нядрэнная. Пагавару з Барысам (дыктар стадыёна “Дынама”. — заўв. Еўрарадыё). Можа, і ён валодае роднай мовай”.

ФК “Мінск” з’яўляецца адзіным футбольным клубам вышэйшай лігі, эмблема якога выканана на беларускай мове.

Амаль 1800 чалавек падпісаліся за ўвядзенне беларускамоўнага дыктара на матчах хакейнага мінскага “Дынама”. Раней у клубе казалі, што заўважылі ініцыятыву балельшчыкаў і будуць сачыць, колькі яна збярэ подпісаў. Мінулі два месяцы...

“Мы зайшлі на гэтую петыцыю і пабачылі, што гэта не рэальныя людзі з прозвішчам, імем і пашпартнымі дадзенымі — а гэта людзі, якія падпісваюцца нікамі, мянушкамі. Хацелася б бачыць петыцыю, больш сур’ёзна арганізаваную. Каб падпісаліся рэальныя. Калі балельшчыкі былі супраць пераезду ў Бабруйск, то яны ставілі рэальныя прозвішча, імя, подпіс”, — распавядае Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы мінскага “Дынама” Іван Караічаў.

Паводле яго слоў, у “Дынама” ставяцца паважна да роднай мовы. Толькі знайсці якаснага беларускамоўнага дыктара не так проста. Тым больш, што ёсць пэўныя абмежаванні з боку КХЛ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі