Дзе набыць “пяшчотны хэндмэйд”?
Закаханым прапануюць не абіваць парогі дзяржаўных крамаў, бо адчыняецца дызайнерскі кірмаш!
Напярэдадні Дня святога Валянціна, усяго на адзін дзень 11 лютага з 12:00 да 18:00 у музеі гісторыі Беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4) адчыніцца тэматычны кірмаш Love Pop-up Shop.
“Гэта будзе кірмаш хэндмэйд-сувеніраў і падарункаў, якія робяць беларускія дызайнеры, — распавядае Еўрарадыё арганізатарка Марына Давыдава. — Прычым, гэта будзе не толькі біжутэрыя, але цацкі, мыла і буфет! На мінулым кірмашы (навагоднім) ён карыстаўся вялікім попытам і быў раскуплены цалкам”.
Беларускія дызайнеры – гэта Наташа Касцова, Наташа Сахарава, Вера Сідоўская, Алена Бірукова, Вера Масэ. Іх працы звычайна можна знайсці ў краме галерэі “Ў”, “Падземцы”, але для “любоўнага маркета” іх папрасілі зрабіць менавіта тэматычныя падарункі.
“Кожны дызайнер будзе сам прадстаўляць свае сувеніры, прадаваць іх, — працягвае Марына. — Да таго ж, мы заўсёды стараемся ўпрыгожваць памяшканне, у гэты раз вырашылі заваліць усё рознакаляровымі шарыкамі, каб падтрымаць тэму дня Святога Валянціна”.
Арганізатары запрашаюць прыйсці не толькі, каб набыць падарункі, але і проста натхніцца, павысіць сабе настрой, каб у дзень 14 лютага быць здольным сваёй пяшчотай сагрэць і каханых, і сяброў, нават замёрзлых на марозе галубоў.