Дзень студэнта: рэктар ідзе да дзяўчат, а выкладчык — на кватэру да сяброў

121116_martynovi4_den_studenta_0.mp3

Еўрарадыё сабрала студэнцкія прыколы.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Батура, калі вучыўся, хадзіў на Дзень студэнта да дзяўчат у суседнюю ВНУ. Бо ў радыётэхнічным дэфіцыт дзяўчын.

Міхаіл Батура: “У радыётэхнічным у нас вучылася толькі 5% дзяўчат. Цяжкая сітуацыя. А ў Інстытуце народнай гаспадаркі было 5% хлапцоў. І мы выкарыстоўвалі Дзень студэнта, каб трапіць туды, дзе нам цікавей”.

Цяпер у БДУІРы пятая частка дзяўчат, хлопцам прасцей.

Першы прарэктар Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Міхаіл Вішнеўскі студэнцкае свята асабліва не адзначаў. А ў Дзень студэнта прыгадвае, як прапісаў сваёй вучаніцы найлепшую дыету: тая схуднела на вачах.

Міхаіл Вішнеўскі: “Дзяўчына прыйшла цягнуць білет, яна была не вельмі худзенькая. І раптам пачала худнець на вачах . Бо пачалі падаць шпаргалкі, цэлы невялікі бар’ерчык вакол яе вырас”.

Былы рэктар Беларускага медыцынскага ўніверсітэта Павел Беспальчук Дзень студэнта адзначаў на кватэры ў мінскіх аднакурснікаў. Са студэнцкіх прыколаў, цяпер ужо выкладчык кафедры траўматалогіі і артапедыі, прыгадвае здачу экзамену ў студэнтаў-педыятраў.

Павел Беспальчук: “Пытаешся, адкуль з’явілася слова артапедыя. І ён пачынае сачыняць, што гэта ў перакладзе “правільная стопа”. Атрымліваецца студэнт педыятрычнага не ведае, што такое педыятрыя. Бо “ортас” – гэта сапраўды прамы, а “пэс (pais, paidos)” – гэта дзіцё. То бок “прамое дзіця”.

Калі вы думалі, што хор спявае, то гэта не так. Паводле студэнтаў выкладчыцы Універсітэта культуры Святланы Уланоўскай, ён ходзіць і стаіць пад музыку.

Святлана Уланоўская: “Харэаграфічнае мастацтва — гэта мастацтва ў якім на сцэне стаіць і ходзіць хор, — прыгадвае Святлана адказ аднаго са сваіх студэнтаў. — Я спытала ў якіх выпадках ён стаіць, а ў якіх не стаіць. А ён адказвае, што ходзіць калі грае музыка”.

А колішні рэктар БДУ Аляксандр Казулін на дзень студэнта патрапіў… у адстаўку. Спярша жартам, а пасля —сур’ёзна.

Аляксандр Казулін:Мяне акурат у гэты дзень вызвалілі з пасады. Я сабраў студэнтаў, а яны кажуць, што мяне з пасады знялі. Спачатку пасмяяліся, думалі, што жарт”.

17 лістапада – Міжнародны Дзень студэнтаў. Еўрарадыё віншуе ўсіх са святам.

Фота: st1.showbiza.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі