Дзіянаў: Гатую на амерыканскай пліце за 20 тысяч долараў (Фота)

У багатым універсітэцкай гісторыяй Кракаве польскія і замежныя студэнты здымаюць сотні кватэраў. Адна з іх асабліва адметная. Чым вабяць увагу сусветных СМІ маладыя беларусы, якія здымаюць звычайную кракаўскую трохпакаёўку?

У наведанай Еўрарадыё кватэры жывуць каардынатары суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".

Серада, 13 ліпеня абяцала быць больш загружанай за астатнія дні тыдня – гэта "гарачы" дзень календара. Вячаслаў Дзіянаў на кухні варыць макароны і сасіскі ды робіць салат з гародніны. Усе прадукты, па яго словах, набытыя за грошы са стыпендыі Праграмы Каліноўскага. Раз на месяц польскі ўрад выплачвае “каліноўцам” каля 340 долараў.

Вячаслаў Дзіянаў гатуе сціплы абед

Еўрарадыё: Вячаслаў, пра вашу каманду ходзяць самыя розныя чуткі: пра вялікія амерыканскія і еўрапейскія гранты, віскі ледзь не кожны дзень. Гэта праўда?

"Было б дзіўна, калі б мы, піўшы штодзённа дарагі віскі, елі простыя макароны і сасіскі, як цяпер. З рэчаў, што мы маем у кватэры, толькі адна купленая за амерыканскія грошы – вось гэтая маленькая пліта, яна каштуе 20 тысяч долараў", – відавочна жартуе Дзіянаў, ківае на старэнькую пліту "савецкага стылю" і працягвае:

Пліта "за 20 тысяч долараў"

"У краму ходзім па чарзе, ніхто кожны раз не хоча сам. І прыбіраем па чарзе таксама. Жывем як звычайныя студэнты, толькі скіравалі сваю дзейнасць на пратэсты ў Беларусі".

"Маўклівыя" акцыі пратэсту, план якіх выкладаецца ў суполцы вКонтакте, сталі самымі вялікімі антыўрадавымі выступленнямі пасля 19 снежня 2010 года. Таму крытыка сацыяльных сетак з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі зразумелая.

Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрвію беларускім СМІ: "Ёсць месцы - ідзіце тупайце, улюлюкайце, крычыце!.. Яны чакаюць на крытычную масу, пусціць гарматнае мяса ў перадзе сябе, і за іх спінамі заскочыць ва ўладу!"

Фёдар Масленнікаў з каманды кіраўніцтва суполкі кажа, што яшчэ месяц таму сам не мог уявіць, што маўклівыя акцыі набудуць такі розгалас.

Фёдар: "Месяц таму не мог сабе такога ўявіць. Але Вячаслаў быў вельмі захоплены ідэяй, траціў на яе ўвесь вольны час, і паціху мы ўсе ўцягнуліся".

Фёдар Масленнікаў

З наступленнем вечару інтэрнэт-актывісты цалкам пагружаныя ў свае ноўтбукі: за пошукам свежай інфармацыі, перамовы ў скайпе і сацыяльных сетках. Пачынаюцца частыя тэлефанаванні беларускіх і замежных СМІ.

Прыходзіць інфармацыя аб блакіроўцы вКонтакце. Паплечнік Вячаслава рассылае па е-мэйлах розных СМІ прэс-рэліз з паведамленнем пра блакіроўку сацыяльнай сеткі і парушэнне права на доступ да інфармацыі.

Вячаслаў: "Забаронай толькі робяць сабе горш. Яны нам што – падыгрываюць? Інфармацыя пра план дзеянняў ужо даўно была распаўсюджаная!"

З пачаткам маўклівай акцыі самыя чытаныя стужкі Твітара атакуюць сваймі паведамленнямі новаствораныя акаўнты.

Нехта пад імем @MyLOveMoscau і @MyLoveVitebsk паўтараюць той самы допіс пра Вячаслава: "Почувствуй себя придурком - сядь в тюрьму вместо Славы!". "Прыкол" ад  @llja_Oblomov: "Куда теперь? В Краков к Дианову?"

Дарэчы, нават твітар-акаўнты беларускіх праваахоўных органаў нярэдка згадваюць Дзіянава нядобрым словам. Так, на пытанне карыстальніка @zeuty ("Значит этот бандит, который напал на дедушку – молодец?") да Твітар-акаўнта ГУУС Мінгарвыканкама (@GUVD_Minsk) з нагоды разгону мінулай маўклівай акцыі апошні адказаў: "искренне жалко. и это - только семечки по сравнению с тем, чего желает достичь Дианов & со. Неужели вы настолько слепы, люди?"

Пад гукі песні "Перамен" Цоя з калонак Вячаслаў Дзіянаў кажа, што каманда суполкі і не арганізуе акцыі пратэсту ў звычайным сэнсе слова, але проста каардынуе дзеянні тысяч актыўных беларусаў.

Вячаслаў Дзіянаў: "Большасць ідэй ідуць ад саміх карыстальнікаў суполкі, мы проста адбіраем самыя лепшыя і збіраем у адно. Людзі самі ствараюць стратэгію. А мы каардынуем, забяспечваем інфармацыяй, як сябе весці ў міліцыі, куды звяртацца па штрафах. Увогуле, самаарганізацыя людзей расце з кожным днём"

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі