Эксперт: У інтарэсах "Газпрома" трымаць свае трубы ў Беларусі поўнымі

111109 Nasta Gaz.mp3

Такое меркаванне выказвае ў размове з Еўрарадыё галоўны рэдактар сеткавага тыднёвіка The Russian Energy Міхаіл Круціхін:


"Я не думаю, што паток будзе скарачацца. Для гэтага няма ні палітычных, ні эканамічных падставаў. Таму што “Газпром” фактычна ўладальнік 1,5 з двух газаправодаў на тэрыторыі Беларусі. І ў яго інтарэсах трымаць іх запоўненымі. Па-другое, калі і будуць здымаць нейкія транзітныя патокі, то здымаць іх будуць з Украіны, дзе "Газпрому" не належыць кантроль ні над якімі трубаправодамі".


8 лістапада афіцыйна пачала працаваць першая нітка еўрапейска-расійскага трубаправоду Nord Stream. Нягледзячы на запуск трубаправода, "Газпром" не будзе скарачаць транзіт газу праз Беларусь, паведаміў намеснік старшыні праўлення "Газпрома" Аляксандр Мядзведзеў.


Спадар Міхаіл Круціхін мяркуе, што нават з часам сітуацыя не зменіцца, а захаваецца такой і праз год-два:

“Я не бачу пакуль ніякіх падставаў да змянення цяперашняга стану на тэрыторыі Беларусі. Думаю, што цяперашні стан захаваецца і далей”.


Сёння адна з дзвюх трубаў “Белтрансгаза” знаходзіцца ва ўласнасці Расіі. “І палова другой трубы — таксама”, — кажа Круціхін. Паводле словаў эксперта, нягледзячы на гэта, Беларусь будзе працягваць атрымліваць грошы за транзіт. Магчыма, зменіцца толькі фармулёўка.


Міхаіл Круціхін: “Думаю, што ў будучыні гэта можа называцца не як "плата за транзіт", а, верагодна, гэта будзе называцца "плата за выкарыстанне аб’ектаў уласнасці на беларускай тэрыторыі". То бок назву прыдумаюць нейкую іншую, але плацяжы ў бюджэт Беларусі за карыстанне гэтымі трубамі павінны будуць працягвацца. За арэнду тэрыторыі пад трубаправодам”.


Эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак лічыць, што вялікіх страхаў для Беларусі ў запуску Nord Stream няма. Але відавочна, што Беларусь страчвае козыры на перамовах па газе, якія мела да сённяшняга часу. Плюс трэба ўлічваць, што "Газпром" мае на тэрыторыі Беларусі ўласны газаправод “Ямал — Еўропа”.


Таццяна Манёнак: “Яго магутнасць — 33 мільярды кубаметраў. У параўнанні з ім беларуская труба даволі мізэрная. Праз яе перапампоўваецца толькі 14 мільярдаў кубаметраў прыроднага газу. І калі гэта труба, як мяркуецца, пяройдзе ва ўласнасць расійскага "Газпрому", а беларускі бок будзе займаць адэкватную транзітную тарыфную палітыку, то я думаю, што яны змогуць знайсці нейкі кампрамісны падыход”.


Таццяна Манёнак падкрэсліла, што Расія таксама не зацікаўленая ў канфлікце з Беларуссю.


“З 1 студзеня 2012 года стартуе новы этап Мытнага саюза, які называецца Адзіная эканамічная прастора. У Расіі — перадвыбарная кампанія. Канфліктаваць у такой сітуацыі Расія наўрад ці будзе”.


Нагадаем, магутнасць першай ніткі Nord Stream — 27,5 млрд кубаметраў газу на год. Запуск праз некалькі гадоў другой ніткі газаправоду павялічыць яго прапускную здольнасць да 55 млрд кубаметраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі