Еўрапейскі саюз студэнтаў: Беларусь мае шансы трапіць у Балонскі працэс

А ў Міністэрстве адукацыі кажуць, што Беларусь ужо даўно далучылася да Балонскага працэсу.

Беларускія студэнты яшчэ некалькі гадоў не спазнаюць карысцяў Балонскага працэсу. 

Працоўная група Балонскага працэсу адмовілася ад абмеркавання далучэння Беларусі.

Нечакана ў прэс-службе Міністэрства адукацыі нашай краіны Еўрарадыё кажуць, што Беларусь… ужо даўно далучылася (!) да Балонскага працэсу.


Прэс-служба Міністэрства адукацыі: “Мы падпісалі дэкларацыю аднымі з першых. Нас нікуды не не прынялі ці прынялі — нас не запрасілі на нараду з палітычных матываў. Вось і ўсё. Тэлефануйце ў Еўрасаюз і пытайцеся, чаму яны нас не запрасілі”.

Старшыня Еўрапейскага студэнцкага саюза эстонец Алан Пол патлумачыў Еўрарадыё, чаму Беларусь стала першай краінай, якой было адмоўлена ў прыняцці ў Балонскі працэс.


Алан Пол: “Мы маем сітуацыю, калі студэнты выключаюцца з універсітэтаў з-за сваёй палітычнай пазіцыі, а акадэмічная школа кантралюецца. Я думаю, што адмова ў прыняцці Беларусі — галоўнае меркаванне ў Еўропе. Гэта праблема не акадэмічнай школы, а праблема менавіта беларускіх уладаў”.

Алан Пол кажа, што беларускія ўлады сталі больш 

разумнымі, і цяпер яны не выключаюць студэнтаў адкрыта. Але ўсё роўна працягваюць гэта рабіць, выкарыстоўваючы розныя нагоды.

Тым не менш Алан Пол лічыць, што нашая краіна мае ўсе магчымасці, каб далучыцца да Балонскага працэсу.


Алан Пол: “Палітычная пазіцыя беларускага ўрада не дазваляе зрабіць належную ацэнку таго, ці можа Беларусь далучыцца да Балонскага працэсу. На дадзены момант Беларусі не адмоўлена, але патрабуецца больш часу, каб прыняць канчатковае рашэнне — такі зараз вынік”.

Беларуская адукацыя саступае еўрапейскай не толькі ўзроўнем акадэмічных свабодаў, але і паводле адукацыйных паказчыкаў, — лічыць эксперт “Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў” Святлана Мацкевіч.


Святлана Мацкевіч: “Мы за апошнія 10 гадоў страцілі шмат перавагаў, якія былі ў беларускай сістэме адукацыі. Тыя, што звязаныя з падрыхтоўкай у сферы IT, страцілі перавагі, якія былі ў галіне гуманітарнай адукацыі — у філасофіі, гісторыі. Гэта адбываецца, бо ў гэтых гуманітарных кірунках вялася мэтанакіраваная дэгуманітарызацыя адукацыі”.

Згодна з яе словамі, зараз беларуская гуманітарная думка развіваецца не ў дзяржаўных універсітэтах, а ў нефармальных асяродках, такіх як “Лятучы ўніверсітэт” ці “Беларускі калегіюм”.

Эксперт мяркуе, што не трэба цурацца сумяшчэння палітыкі і адукацыі. Наадварот: каб трапіць у Балонскі працэс, Мінск мусіць у першую чаргу вырашыць палітычнае пытанне.


Святлана Мацкевіч:Не трэба казаць, што адукацыя мусіць быць далёка ад палітыкі. Яна мусіць быць у палітыцы, але палітыка павінна весціся ў дыялогавым рэжыме — толькі тады мы зможам рабіць нейкія крокі ў плане рэальных рэформаў адукацыі. Дзяржаўныя чыноўнікі не разумеюць ролю і месца палітыкі ў гуманітарных працэсах”.

Далучыцца да Балонскага працэсу Беларусь зможа не раней за 2015 год, калі адбудзецца наступная сустрэча міністраў адукацыі з краін, якія ўваходзяць у Балонскі працэс.

Фота: skmagazine.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі