Еўрарадыё ўжо ў Будапешце і запрашае патусіць на Сігеце!

Сёння панядзелак, і прыгожы венгерскі горад Будапешт адчыніў свае вуліцы для меламанаў з усяго свету – пачаўся фестываль Сігет. На рачны востраў у цэнтры горада – Абудай Сігет – з самага ранку сцягваюцца людзі з заплечнікамі, машыны, ровары – сёння ўжо можна афіцыйна заходзіць на тэрыторыю фестывалю, разагравацца і заставацца там цэлы тыдзень.

110808 Kotka1 site.mp3

Еўрарадыё таксама даехала да Будапешту. Наша місія тут – распавесці ва ўсіх смачных падрабязнасцях пра самы вядомы сярод беларусаў еўрапейскі фестываль.

Праграма сёлетняга, 19-га Сігету вельмі насычаная. Трынаццаць буйных сцэн і на кожнай па 25-45 канцэртаў усіх магчымых музычных стыляў – ад поп-року да рэгі. Каб мець хоць нейкі план сваіх паводзін на такім буйным фэсце, Еўрарадыё зрабіла “выбарку” тых канцэртаў і выступаў, на якія мы паспрабуем (але не абяцаем) трапіць. 

Аўторак, 9 жніўня, дзень 0: Prince, Ленинград

Серада, 10 жніўня, дзень 1: Rise Against, Interpol, Pulp, Richie Hawtin

Чацвер, 11 жніўня, дзень 2: Kasabian, The Chemical Brothers, Gotan Project, Crystal Castles, Bomb The Bass

Пятніца, 12 жніўня, дзень 3: The Prodigy, Hadouken!, Oi Va Voi, Deftones, Kode9, Trentemoller

Субота, 13 жніўня, дзень 4: Thirty Seconds To Mars, Buraka Som Sistema, Zombie Nation, Goran Bregovich

Нядзеля, 14 жніўня, дзень 5: White Lies, Gogol Bordello, Kid Cudi

Калі вы не знайшлі вашага любімага гурта ў гэтым спісе, але ведаеце, што ён будзе на Сігеце – калі ласка, не маўчыце. Пішыце ў каментах, на які канцэрт нам варта завітаць, і мы пабудзем вашымі вушамі і вачыма. Поўную праграму глядзіце на афіцыйным сайце фэсту.
Таксама раім вам не толькі сядзець на сайце euroradio.fm, але не забывацца і пра жывы эфір. Уключэнні з карэспандэнтамі Еўрарадыё Мілай Коткай і Дзянісам Дзюбам штодзень у 12:35 і 21:10 – прама з эпіцэнтру фестывалю Сігет.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі