ФК Нёман: Міліцыя на стадыёне не спрыяе здаровай атмасферы
Футбольныя клубы і федэрацыя хочуць замяніць міліцыю сцюардамі.
У бліжэйшую суботу стартуе чарговы чэмпіянат Беларусі па футболе. Але сцюардаў на стадыёнах замест міліцыянтаў мы зноў не ўбачым.
“Даведаемся, як абстаяць справы ў клубах, і сыходзячы з гэтага, будзе далейшае развіццё. Мы рэкамендуем, каб клубы праводзілі гэтую працу. Але вы ж разумееце, што арганізаваць нешта на грамадскіх пачатках цяжка. Для таго, каб прыцягнуць сцюардаў, трэба вызначыць, хто імі будзе. Ці студэнты нейкія, альбо аматары футбола, ці яшчэ хто”, – распавядае Еўрарадыё афіцэр па пытаннях бяспекі БФФ Аляксандр Чэрнік пра бліжэйшае пасяджэнне федэрацыі, на якім будуць абмяркоўваць магчымае з’яўленне сцюардаў.
Пра жаданне, вывесці сцюардаў на стадыёны ў федэрацыі футбола казалі яшчэ год таму. Але ўсё па-ранейшаму знаходзіцца на пачатковай стадыі.
Аляксандр Чэрнік: “Трэба дамовіцца, на якіх умовах яны (сцюарды – заўв. Еўрарадыё) будуць займацца гэтай працай. Так, адразу жадаючых можа быць шмат. Пройдзе 1-2 матчы, паглядзяць, што там ёсць нейкая адказнасць ці рызыка ўцягнуцца ў нейкія неправамерныя дзеянні асобных хуліганаў, якіх хапае ў нашым балельшчыцкім асяроддзі. Само паняцце сцюарда нідзе не замацаванае. Трэба даць прававы статус, зараз гэтым займаемся”.
На адсутнасць прававога статусу сцюардаў скардзіўся і дырэктар ФК “Гомель” Яўген Пабаловец падчас сустрэчы з заўзятарамі. Праўда, і фанатаў, якія жадаюць забяспечваць парадак у Гомелі падчас матчаў, знайшлося няшмат.
Тым часам гродзенскі “Нёман” плануе да канца сезона цалкам вывесці супрацоўнікаў міліцыі за чашу стадыёна. На думку прэс-сакратара клуба Андрэя Чэпы, гэта мусіць павысіць наведвальнасць матчаў.
Андрэй Чэпа: “Вы ведаеце, што дагэтуль на нашых стадыёнах толькі міліцыя. Ад гэтага гледачы атрымоўваюць такі невялікі негатыў. Адна справа, бачыць сцюарда і іншая – супрацоўніка правапарадку. У нас чамусьці такая традыцыя, што гэта не спрыяе здаровай атмасферы на стадыёне. Будзем дзейнічаць неяк прагрэсіўна. І думаю, што рана ці позна да гэтага прыйдуць усе”.
Намеснік гендырэктара па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю БАТЭ Віктар Хадасевіч кажа, што барысаўскі клуб таксама з радасцю ўвёў бы пасаду сцюарда. Калі б гэта дазваляла заканадаўчая база.
Віктар Хадасевіч: “Год таму нам абяцалі, што гэта будзе. Можа і не адразу. Тым больш у федэрацыі ёсць рычагі ўздзеяння, у нас такіх рычагоў няма. Пакуль усё засталося, як і было. Можа, заўтра з’явіцца нейкая новая інфармацыя”.
Спецыяліст па працы з балельшчыкамі ФК “Брэст” Юрый Караба кажа, што ў Брэсце паменшыць колькасць міліцыянтаў на стадыёне прапанавалі… самі міліцыянты. Цікава, што на брэсцкім фанацкім сектары і так не прысутнічаюць супрацоўнікі міліцыі.
Юрый Караба: “Даўно існуе дамоўленасць паміж супрацоўнікамі АМАПа і фанатамі. Непасрэдна на самім фан-сектары АМАП не прысутнічае. Пакуль гэтая дамоўленасць засталася ў сіле. Міліцыя здзяйсняе прапускны рэжым, але падчас матча на сектары іх няма”.
Брэсцкія міліцыянты нават плануюць спецыяльнае навучанне для людзей, якія будуць забяспечваць парадак на стадыёне. Тым часам у клубе вывучаюць заканадаўства на тэму выкарыстання фанатамі піратэхнікі.
Юрый Караба: “Зараз будзем разбірацца, кансультавацца з МНС. Балельшчыкі хочуць чагосьці падобнага. Усё ж такі, калі гэта разумна і добра арганізавана, то гэта прыгожа. Калі гэта робіцца з мэтай упрыгожвання, то гэта дадае футболу пэўную прывабнасць”.
Нагадаем, першы тур чэмпіянату па футболе 2012 года адбудзецца 24-25 сакавіка.
Фота: soccernews.ru