Упершыню за 17 гадоў у Францыі будзе прэзідэнт-сацыяліст
Франсуа Аланд набраў 51,62% галасоў супраць 48,38% у Нікаля Сарказі.
Міністэрства ўнутраных спраў Францыі агучыла канчатковыя дадзеныя па выніках прэзідэнцкіх выбараў.
Франсуа Аланд атрымаў 51,62% галасоў выбарцаў альбо 18 мільёнаў 438 галасоў, Нікаля Сарказі — 48,38% альбо 16 мільёнаў 869 тысяч 371 голас. Яўка выбарцаў склала 80,34%. Канчатковыя вынікі выбараў на працягу 10 дзён мусіць пацвердзіць Канстытуцыйны савет Францыі, паведамляе Reuters.
***
Афіцыйны прадстаўнік выбарчай кампаніі прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі Наталі Касцюшка-Марызе прызнала яго паражэнне на выбарах. "Мы прайгралі гэтыя выбары", — цытуе яе словы "Франс Прэс".
Нагадаем, афіцыйныя вынікі галасавання аб'явіць Канстытуцыйны савет на працягу дзесяці дзён.
Франсуа Аланду 57 гадоў. Ён нарадзіўся ў Руане на поўначы Францыі ў сям'і лекара і сацыяльнага працаўніка. Ён — выпускнік элітнай Нацыянальнай школы кіравання. З пачатку 1980-х — у Сацыялістычнай партыі, у 1990-х — нацыянальны сакратар Сацпартыі па эканамічных пытаннях. У 1988 г. быў выбраны дэпутатам Нацыянальнага сходу. З 1997-га на працягу 11 гадоў кіраваў Сацыялістычнай партыяй. У 2001-2008 гг. быў мэрам горада Цюля, а пасля кіраваў генсаветам дэпартамента Карэз.
***
У першым туры сацыяліст Франсуа Аланд атрымаў 28,6% галасоў і апярэдзіў дзеючага прэзідэнта Нікаля Сарказі, які набраў 26,2%, нагадвае ВВС. Калі Аланд пераможа ў другім туры, гэта будзе першы выпадак з 1988 года, калі прэзідэнтам Францыі робіцца прадстаўнік Сацыялістычнай партыі.
Асноўнымі тэмамі цяперашняй перадвыбарчай кампаніі сталі рост беспрацоўя ў краіне і крызіс еўра. Сарказі абяцаў выбаршчыкам “захаваць моцную Францыю” і падкрэсліваў свае заслугі ў барацьбе з рэцэсіяй. У той жа час Аланд сцвярджае, што краіна знаходзіцца ў стане “сур’ёзнага крызісу” і мае патрэбу ў пераменах.
Вынік гэтых выбараў вельмі залежыць ад таго, за каго прагаласуюць прыхільнікі іншых кандыдатаў, якія не выйшлі ў другі тур, але набралі значны працэнт галасоў. Кандыдатку ад ультраправых Марын Лё Пэн падтрымала 6,4 мільёны выбаршчыкаў, аднак палітык заявіла, што апусціць у скрыню для галасавання пусты бюлетэнь. Сваіх прыхільнікаў яна заклікала галасаваць у адпаведнасці са сваім сумленнем. Марын Лё Пэн пры гэтым заявіла 3 траўня, што выбары скончаныя, бо Сарказі “ужо даўно прайграў”.
Яшчэ адзін удзельнік гэтай прэзідэнцкай кампаніі, цэнтрыст Франсуа Байру, заявіў, што падтрымае ў другім туры Аланда. Сам палітык набраў 9% галасоў у першым туры. Кандыдата ад сацыялістаў падтрымаў таксама ультралевы палітык Жан-Люк Меланшон, за якога ў першым туры прагаласавала 11% французаў.
Фота — Reuters