Футбалістаў і хакеістаў просяць зарабляць на паркоўках і рэкламным бізнэсе

Усё разлічана на тое, каб адвучыць клубы гульнявых відаў спорту ад бясконцай спонсарскай дапамогі.

На першым этапе (цягам 2013-га года) ад каманд патрабуецца забяспечыць уласнымі намаганнямі хаця б 20% бюджэту. Толькі тады дзяржпадтрымку працягнуць на 2014-ы год.

Далейшую схему нам дапамагае зразумець Дзмітрый Цыкуноў, дырэктар хакейнага клуба “Металург-Жлобін”:

“Што тычыцца 2015-га года, сума дапамогі будзе роўная лічбе, якую клуб заробіць у 2014-ым. Заробіць клуб 5 мільярдаў ― значыцца, і атрымае ў 2015-ым дзяржпадтрымку ў памеры 5 мільярдаў”.


Якім жа чынам зарабіць уласныя грошы? Указ дазваляе клубам, напрыклад, арганізоўваць паркоўкі, займацца будаўніцтвам і транспартнымі паслугамі, наладжваць турызм і рэкламны бізнэс.

Той жа ХК “Металург” з вялікай доляй верагоднасці выканае ў 2013-ым годзе умову 20-ці працэнтаў.

Але як быць клубам, якія толькі становяцца на ногі? Да прыкладу, наш легендарны гандбольны “СКА-Мінск” вярнуўся з нябыту толькі ў гэтым сезоне. Развіваецца і сам клуб, і вялікая дзіцяча-юнацкая школа пры ім.

Мне здаецца, выканаць пастаўленыя фінансавыя патрабаванні нам пакуль няпроста, ― выказваецца Алег Лебедзеў, начальнік каманды “СКА-Мінск”. ― Але ва ўказе ёсць момант, што пры дасягненні высокіх вынікаў можна не прытрымлівацца працэнтных лічбаў. Я думаю, нашы поспехі ў еўрапейскім Кубку Выкліку будуць аднесеныя да паспяховага выступлення, і мы пакуль зможам атрымаць паслабленні”.


Уявім, што беларускім клубам з розных гульнявых відаў спорту ўжо сёння прапанавалі выйсці на самаакупнасць. Вытрымаць такое мог бы, відаць, толькі чэмпіён Беларусі па футболе БАТЭ.

“Але гэта дзякуючы Лізе чэмпіёнаў, дзе мы добра гуляем на групавой стадыі, ― адзначае Наталля Марчанка, мэнэджэр па развіццю ФК БАТЭ. ― Указ складзены добра, але многім футбольным клубам будзе няпроста гэту задуму ажыццявіць. У пытанні самаакупнасці вялікую ролю граюць еўракубкі. Трэба ўвесь час падтрымліваць высокі ўзровень, каб зарабляць на спартовым складніку. А там — прыйдуць поспехі на трансферным рынку і гэтак далей”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі