Фядута: Цяжка, калі адзіны голас у камеры — гэта твой голас

Літаратар і грамадскі дзеяч Аляксандр Фядута выйшаў на волю 8 красавіка, калі яму была змененая мера стрымання на вызваленне з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Сябра перадвыбарчага штаба Ўладзіміра Някляева правёў у следчым ізалятары КДБ больш за тры месяцы, з якіх 55 дзён — у адзіночнай камеры. За гэты час Фядута схуднеў на 15 кілаграмаў.

Фядута: “Гэта адноснае вызваленне. Бо вызваленне будзе пасля суда, калі яно будзе... Але я сапраўды трохі лічу, што я на волі”.

Еўрарадыё: Пачалася новая хваля "выпускаў" — выпусцілі вас і Анатоля Лябедзьку. На вашую думку, з чым гэта звязана?

Фядута: “Я не хацеў бы зараз даваць нейкія палітычныя ацэнкі, рабіць высновы, бо я амаль нічога не ведаю, што тут адбывалася ў мінулыя месяцы. Я спадзяюся ўсе ж такі, што здаровы сэнс ёсць і ў нашай уладзе — і ён перамагае над прагай помсты. І спадзяюся, што тыя сілы, якія выступаюць ва ўладзе за перамовы з Захадам, яны ўсе ж такі бяруць верх. Што насамрэч адбываецца, я не ведаю".

Еўрарадыё: Алеся Міхалевіча таксама выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Можа ўлада дае шанец збегчы з краіны?

Фядута: “Па-першае, я не збіраюся выязджаць з краіны. У мяне правы на гэтую краіну не меншыя, чым у любога з грамадзянаў Беларусі. Па-другое, прабачце, пад хатнім арыштам застаецца Уладзімір Някляеў. Я разумею, што калі хто-небудзь з кіруючых чальцоў ягонага штабу перадвыбарчага зараз паспрабуе з’ехаць, гэта будзе ўскосным вызнаннем яго віны. І менавіта таму мы размаўлялі з Андрэем Дзмітрыевым, напрыклад. Ні ён, ні я, ні, спадзяюся, спадар Вазняк, не збіраемся з’язджаць да суда. А пасля суда, як суд вырашыць…”.

Еўрарадыё: Што вас найбольш уразіла на волі?

Фядута: “Подпісы, якія ставіліся пад адкрытымі лістамі ў маю абарону і іншых вязняў Плошчы. Там шмат подпісаў выдатніх філолагаў, дзеячоў культуры і Расіі, Украіны і іншых нашых суседзяў. Там ёсць і подпісы беларусаў, якія пазначалі і месца працы, і месца вучобы, і ставілі свае сапраўдныя імёны, і гэта азначае толькі адно, што людзі не баяцца. Людзі не баяцца пераследу! Гэта тыя подпісы, якім нельга здрадзіць, якіх нельга падвесці”.

Еўрарадыё: Ці ў СІЗА КДБ катаванні маюць месца?

Фядута: “Не ведаю, ці маюць катаванні месца. Я апроч адзіночнай камеры, некаторы час праводзіў і ў звычайных камерах з людзьмі, якія сядзелі па іншых справах. Там таксама катаванняў не было. Псіхалагічны ціск на мяне быў і я ніколі не скажу, што яго не было. І я разумею, што псіхалагічны ціск быў на кожнага, хто там знаходзіцца. А ціск у тым, што мае лісты не даходзілі да жонкі, я не мог чытаць газеты — усе гэта псіхалагічын ціск. Але катаванняў не было. Пэўныя рэчы мне было цяжка выносіць, але ўсе роўна я іх выносіў. І я не разумею, чаму значна маладзейшы за мяне, здаравейшы чалавек, так іх ацэньвае. Але я сапраўды не ведаю, што з ім было”.

Еўрарадыё: А што менавіта вам было цяжка выносіць?

Фядута: “Я з такім гонарам адмовіўся ад тэлевізара, калі мяне перавялі ў адзіночную камеру. Напачату я прызвычаіўся, а пасля зразумеў, як гэта цяжка, калі адзіны голас у тваёй камеры, гэта твой уласны голас. І зараз разумею, што псіхалагічна мне было б лягчэй, нават калі б там я глядзеў толькі беларускае тэлебачанне. Але мажліва, калі б я глядзеў беларускае тэлебачанне, то сёння б звар’яцеў. Такое таксама мажліва”.

Еўрарадыё: Ваша жонка перадвала вам шмат літаратуры. Ці атрымлівалася там пачытаць і ці шмат вы напісалі?

Фядута: “Чытаць там шмат не атрымалася. Атрымалася шмат напісаць. Новая кніга будзе пачынацца фразай: ”Из "американки" сбежать нельзя, но мне это удалось — я сбежал в Гродно”. Я сапраўды паспрабаваў збегчы ў самыя прыемныя для мяне ўспаміны. Гэта ўспаміны пра маю маладосць, пра маё Гродна. У гэтым годзе 20 год, як я з’ехаў з Гародні, і седзячы ў “амерыканцы”, я вырашыў абавязкова напісаць успаміны пра сваю маладосць. Не пра тое, пра што ўсе чакаюць — пра “амерыканку”. І адбылося так, што першым чытачом быў мой следчы, а другім чытачом — мая жонка. І абодва сказалі, што светлыя такія ўспаміны, што цікава чытаць”.

Еўрарадыё: Ці гэта кніга будзе выдадзена?

Фядута: “Там яшчэ трэба дзве запланаваныя главы дапісаць. Зараз на волі я разумею, што гэта будзе больш цяжка, чым седзячы ў “амерыканцы”, бо будзе менш час. Але я іх абавязкова дапішу. Гэта яшчэ хочацца прыгожа выдаць, а гэта азначае, што трэба сесці за свае фотаархівы, стэлефанавацца з сябрамі, паглядзець, што ў іх засталося. І зрабіць такую кніжку... Я прыдумаў яшчэ дзве мемуарныя кнігі, калі будзе час, то я іх калі-небудзь дапішу. Другая кніжка будзе называцца “Боевая раскраска Гурона” і будзе прысвечана першым 10 гадам майго жыцця ў Мінску. І трэцяя будзе называцца “На щите” і будзе прысвечана гісторыі кампаніі “Гавары праўду”, выбарам 2010 года і таму, што адбывалася са мной у “амерыканцы”. Але калі гэтая кніжка выйдзе, я не ведаю. Бо выдавецтва пэўна не пагодзіцца яе выдаваць”.

Фота — Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі