Garbage шакавалі беларускі гурт Lilac
Нечакана запрасіўшы яго да сябе у сапарт.
Малады мінскі гурт Lilac выступіць на разагрэве амерыканскіх зорак Garbage ў сталічным Палацы спорту. Праўда, музыкі Lilac даведаліся пра гэта толькі ўвечары за дзень да канцэрта і, нават, не ведаюць якім чынам гэта адбылося.
“Магчыма, наш мэнэджар падаў заяўку, — разважае лідарка гурта Ганна Жданава і працягвае дзяліцца ўражаннямі ад такой навіны. — Да таго, як я пачала пісаць свае песні, я грала каверы на Garbage. Напэўна, гэта самы вялікі флэшбэк для мяне. Нам гэта сказалі нечакана і мы цяпер едзем на саўндчэк. Пакуль я ўвогуле не ўяўляю, як гэта ўсё будзе адбывацца, бо мы граем незаяўленымі ў праграме, канцэрт пачынаецца ў 20:00, а нам сказалі, што мы будзем пачынаць ці не ў 19:00! Для мяне гэта такая ж нечаканасць, як і для большасці, таму нічога ўвогуле не магу сказаць”.
Натуральна, музыкі не думалі ні пра якія падарункі сусветна вядомым зоркам, нават, дэбютны альбом гурта яшчэ ў працэсе стварэння. Але, калі атрымаецца дамовіцца на нейкае супрацоўніцтва з Garbagе, беларусы будуць рады, хоць моцна на гэта і не разлічваюць.
Нагадаем, канцэрт Garbage адбудзецца 13 лістапада ў Палацы Спорту, пачатак у 20:00, хоць варта было б прыйсці на гадзіну раней, каб патрымаць мінскіх музыкаў-шчасліўчыкаў.
Фота: ultra-music.com