“Гавары праўду!” пакаралі за рэкламу Адміністрацыі прэзідэнта і Мінпрацы"
Менавіта так патлумачыў дзеянні праваахоўных органаў у дачыненні да грамадзянскай кампаніі эксперт Аляксандр Фядута. Палітолаг Святлана Навумава выказала меркав
Падчас прэс-канферэнцыі з нагоды ўчорашніх ператрусаў у офісах і на прыватных кватэрах у актывістаў кампаніі “Гавары праўду!”, эксперт гэтай грамадскай ініцыятывы Аляксандр Фядута патлумачыў, чаму падставай для пераследу стала абвінавачванне ў “распаўсюдзе ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі”.
Аляксандр Фядута: “Мы рэкламавалі дзейнасць Адміністрацыі прэзідэнта, пра што напісалі ўсе блогеры: што акцыя з паштоўкай “Гавары праўду!”, якую трэба было накіраваць прэзідэнту, — гэта была прапагандысцкая акцыя. Мы рэкламавалі дзейнасць Мінгарсавета, які мае права пераймяноўваць вуліцы. І мы рэкламавалі дзейнасць Мінпрацы. Бо трэцяя наша гучная акцыя — “Сто твараў беспрацоўя”.
Вось толькі, кажа, грошай ад гэтых арганізацый за свае рэкламныя паслугі кампанія не атрымала. Затое атрымалі палітычную падзяку — што не пакінуў без увагі лідэр партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін.
Сяргей Калякін: “Тое, што зрабіла ўлада за апошнія суткі, вы б рабілі яшчэ не адзін месяц. Сёння кампанія сапраўды ператварылася ў агульнанацыянальную з пункту гледжання ведання пра яе. Пра яе пачалі казаць простыя людзі, якія пачулі, што затрымліваюць. А калі затрымліваюць — значыцца, нешта правільнае вы робіце. Пры ўсёй трагічнасці сітуацыі гэта — вялікі поспех. Я кажу: калі апазіцыя нешта недаробіць, то ўлада ім гэтага не дазволіць”.
Што ж тычыцца артыкула, паводле якога сябра Палітбюро ЦК партыі Сяргей Вазняк сядзіць на Акрэсціна, то, кажа Калякін, па ім трэба перасаджаць шмат каго з уладных структур.
Сяргей Калякін: “Паводле гэтага артыкула 250 частка 1, калі яе ўжыць палітычна, як гэта робіцца цяпер, трэба пасадзіць за краты ўсіх ідэолагаў дзеючага рэжыму, усе дзяржаўныя СМІ. Бо калі разглядаць інфармацыю як тавар, то яны даюць ілжывую інфармацыю аб стане палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў рэспубліцы”.
Упэўненасць у тым, што за эканамічнымі артыкуламі, на падставе якіх праводзіліся ператрусы і затрыманні, стаіць палітыка, выказала і палітычны эксперт Святлана Навумава.
Святлана Навумава: “Зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што ён дакажа: ёсць сувязь паміж беларускай апазіцыяй і Крамлём. Наслухаўшыся тых плётак, якія хадзілі вакол кампаніі “Гавары праўду!”, улада выцягнула той козыр і прад’явіла грамадскасці праект, які не мае ніякіх адносінаў да Крамля. Такім чынам улада паступае не як улада, а як баба з рынку, якая слухае гэтыя плёткі”.
У сваю чаргу, Аляксандр Фядута ўбачыў за ўчорашнімі падзеямі спробы шантажу з боку ўлады.
Аляксандр Фядута: “Зараз ідзе спроба шантажу беларускай уладай заходняй супольнасці: альбо вы становіцеся легітыматарам, альбо тут будзе не рэпрэсіўна-аўтарытарная дзяржава, а сапраўдная дыктатура. Адначасова Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў шантажаваць і Расію. Гэта сведчыць аб тым, што і з усходняга боку рэжым адчувае небяспеку”.
Што адчувае рэжым цяпер — не так важна на фоне таго, што чакае затрыманых. Сяргей Калякін распавёў, што сёння сваякі Сяргея Вазняка спрабавалі перадаць яму на Акрэсціна цёплыя рэчы. Але ахоўнік заявіў, што галоўны рэдактар газеты “Товарищ” — бандыт, сядзіць у кайданах і яму нельга нічога перадаваць. І толькі пасля патрабаванняў выклікаць кіраўніцтва рэчы прынялі.
А праваабаронца Таццяна Процька заявіла, што ўчорашнія ператрусы і затрыманні адбываліся з парушэннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. І гэта абавязкова будзе пазначана ў скаргах на імя пракурора. Таксама яна выказала ўпэўненасць у тым, што ўсе затрыманыя выйдуць на волю праз тры дні, але, кажа, судовай перспектывы ў іх справах яна не бачыць: пакаранне будзе палітычна абгрунтаванае.
Таццяна Процька: “Іх выпусцяць, але з падпіскай аб нявыездзе. Паколькі распачатая крымінальная справа. Уласна кажучы, тут няма судовай перспектывы, як кажуць юрысты. Але тут ёсць добра адпрацаваная ў Беларусі практыка: распачаць справу, зрабіць чалавека невыязным і трымаць яго ўвесь час на кручку”.
Нягледзячы на гэта, Аляксандр Фядута заявіў, што кампанія будзе рабіць усё, каб затрыманых выпусцілі як мага хутчэй. Таццяна Процька паабяцала, што ўсе праваабаронцы і юрысты апазіцыйных партый будуць аказваць ім юрыдычную дапамогу. Аляксандр Уліцёнак выказаў ўпэўненасць у тым, што факт канфіскацыі камп’ютараў не спыніць надоўга працу сайта кампаніі. А лідэр “Справядлівага свету” Сяргей Калякін, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і намеснік старшыні АГП Леў Марголін паабяцалі аказаць кампаніі пры неабходнасці і палітычную падтрымку.
Як паведамляла Еўрарадыё, ператрусы ў офісах кампаніі "Гавары праўду" пачаліся 18 траўня. На наступны дзень яны працягнуліся. Міліцыянты канфіскоўваюць аргтэхніку, друкаваныя матэрыялы і паветраныя балонікі з надпісам "Гавары праўду".
Таксама па тэме:
Уладзімір Някляеў знаходзіцца за кратамі
Працягваюцца затрыманні і допыты актывістаў кампаніі "Гавары праўду"
Генадзь Бураўкін: У мяне няма лагічнага тлумачэння дзеянням міліцыянтаў
Фота: Змітра Лукашука