Генадзь Бураўкін: Нашы чыноўнікі абсалютна глухія да таго, што кажуць людзі

Кампанія “Гавары праўду!” паспрабавала ў чарговы раз прыцягнуць увагу грамадскасці да назваў вуліц у Мінску і Гродне. Дакладней, да нежадання уладаў ўшаноўваць памяць Васіля Быкава і называць імем вялікага пісьменніка адну з вуліц горада. З гэтай нагоды ў аўторак у Мінску актывісты кампаніі правялі флэш-моб, падчас якога трымалі ў руках партрэты пісьменніка і стылізаваныя шыльды з нумарамі дамоў па вуліцы Быкава.


Пачынаючы акцыю, лідар кампаніі “Гавары праўду!” Ўладзімір Някляеў прызнаўся: не верыў, што такое простае пытанне выкліча такі супраціў уладаў.

Уладзімір Някляеў:
“Нашы патрабаванні — Саюза пісьменнікаў і кампаніі “Гавары праўду!” — такія простыя, такія зразумелыя! Ёсць вялікі, геніяльны пісьменнік. Яго імя — Васіль Быкаў. І сорам, што столькі гадоў мы дамагаемся таго, каб была ўшанаваная памяць гэтага вялікага чалавека — у Гродне і ў Мінску”.



Падтрымаў Някляева і сябар Васіля Быкава паэт Генадзь Бураўкін.

Генадзь Бураўкін: “Тое, што блізка ў адным месцы і вуліца Леніна, і вуліца Ўльянаўская, даруйце, пры ўсёй павазе да гістарычнай асобы Ўладзіміра Леніна, гэта — перабор. Уладзімір Ільіч, будучы інтэлігентам, не пакрыўдзіўся б і адну з вуліц саступіў Васілю Быкаву”.



Паводле словаў Някляева, ён асабіста сустракаўся са старшынёй Мінскага гарадскога савета дэпутатаў і абмяркоўваў гэтае пытанне. Атрымаў абяцанне, што вуліца Быкава ў сталіцы будзе. Але час ідзе, а рашэнне так і не прынятае. Таму, кажа Някляеў, іх маральны абавязак дабівацца ўшанавання памяці Быкава.

Уладзімір Някляеў: “Мы будзем старацца пакуль што ўсё рабіць, што называецца, па-чалавечы. І будзем біць і біць пакуль што на сумленне гэтых людзей, ад якіх залежыць: быць ці не быць вуліцы імя Быкава ў Мінску. Яна-то будзе! Не ад іх гэта залежыць. Але сёння вырашаюць яны. Да ўсяго сказанага мы напісалі 57 зваротаў ад імя 100 тысяч грамадзянаў Беларусі — персанальна кожнаму з дэпутатаў Мінскага гарсавета”.



Не адкладаючы справу ў доўгую скрыню, Някляеў рушыў перадаваць гэтыя звароты ў гарсавет.



Па дарозе карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў Генадзя Бураўкіна яго стаўленнем да таго, што гарадскія ўлады так зацягваюць рашэнне гэтага, здавалася, простага пытання.

Генадзь Бураўкін: “Калі ўлада слухае толькі сябе, свае інтарэсы і не збіраецца адгукацца на тое, што кажуць людзі – ну як яе, чым яе можна прымусіць?! Я такіх сродкаў сёння, шчыра кажучы, не бачу. Бо чыноўнікі нашы абсалютна глухія да таго, што кажуць людзі”.

А старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч нагадаў, што пісьменнікі ўзнялі пытанне з наданнем адной вуліц Мінска імя Быкава адразу пасля яго смерці. Выніку няма дагэтуль. Што, кажа, вельмі дзіўна.

Алесь Пашкевіч: “У Мінску ўганараваныя большасць вядомых беларускіх літаратараў. Сярод іх — такія паэты і празаікі, як Пятро Глебка, Пімен Панчанка, Кандрат Крапіва, Янка Брыль — гэта ўжо ў раёне новабудоўляў. Ёсць вуліца класіка беларускай літаратуры Алеся Гаруна. У гэтым гарадскім вулічным вянку не хапае бліскучага пялёстка — вуліцы Васіля Быкава, народнага пісьменніка Беларусі”.



Да гарсавета Ўладзімір Някляеў у суправаджэнні паплечнікаў і журналістаў прыйшоў за 15 хвілін да заканчэння абеду. Вырашылі не сыходзіць і пачакаць ля ўваходу. Зацікавіліся “несанкцыянаваным сходам” ля гарсавета міліцыянты. Але хутка сышлі, калі Някляеў гучным голасам, перакрыкваючы транспарт, пачаў тлумачыць, з якімі патрабаваннямі ён прыйшоў да дэпутатаў.



Нарэшце абед скончыўся і да прахадной выйшла памочніца старшыні гарсавета Вольга Засценская. Уважліва выслухала прэтэнзіі прэтэндэнта ў прэзідэнты да старшыні гарсавета, які не выконвае свае абяцанні.

Вольга Засценская: “Як вам абяцалі, так і будзе. Проста камісія збіраецца па перайменаванні і называнні вуліц рэдка ў нас. Па-другое, пытанні разглядаюцца ў парадку паступлення. А там вельмі вялікая колькасць пытанняў па перайменаванні, называнні вуліц назбіралася”.



Праўда, ўсе звароты да дэпутатаў забрала і паабяцала перадаць кожнаму асабіста. Развітваючыся, Някляеў запэўніў, што давядзе гэтае пытанне да лагічнага канца. Чаго б гэта яму ні каштавала і колькі часу б ні заняло. Маўляў, гэта для яго — справа гонару.

Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі