Гомельская “рэвалюцыя” скончылась хапуном (фота)
Сёння ў Гомелі праходзіла “маўклівая акцыя”. Па самых мінімальных ацэнках, на ёй было больш за 400 чалавек.
Плошча Леніна, як звычайна, была перакрытая турнікетамі, стаяў АМАП і ДАІ, на самой плошчы праходзіў нейкі вайсковы парад. Таму пратэстоўцы сабраліся на прыпынку “Парк” на вуліцы Працоўнай.
Народ пляскаў у ладкі машынам, што праязджалі паўз прыпынак. Знаёмыя паміж сабой віталіся воклічам “ШОС!”.
Недзе каля паловы на восьмую натоўп рушыў у кірунку вакзалу па праспекце Леніна. Аўтааматары падтрымлівалі натоўп сігналамі. Неўзабаве гамельчукі дайшлі да скрыжавання з Чырвонаармейскай, дзе іх ужо чакаў АМАП і міліцыянт з мегафонам. Ён загадаў удзельнікаў акцыі разыходзіцца направа і налева. Тых, хто вырашыў ісці налева, каля ЗАГСу Чыгуначнага раёна чакаў аўтазак. Там АМАП пачаў хапаць людзей. Сярод затрыманных — Руслан Усціменка, якога два тыдні таму ўжо забіралі на такой акцыі.
Паводле сведкі гэтага затрымання, Руслана затрымлівалі людзі ў цывільным.