Грамадскім аб’яднанням прапануюць бессэнсоўнае пераўтварэнне ў партыю
Парламентарыі разглядаюць змены ў заканадаўства, якія, на думку экспертаў, так і застануцца “мёртвымі”.
Грамадскім аб’яднанням спросцяць магчымасць пераўтварэння ў партыю — такую змену ўтрымлівае законапраект, што зараз разглядаюць дэпутаты парламента. Магчымасць пераўтварэння ў партыю дэпутат Тамара Красоўская ў інтэрв’ю БЕЛТА ўзнёсла называе “навацыяй”. Цікава, што ў размове з Еўрарадыё яна больш асцярожная.
Тамара Красоўская: “Калі казаць пра закон цалкам, то тут, сапраўды, канцэптуальных зменаў не было ўнесена”.
Згодны з такой ацэнкай палітолаг Юрый Чавусаў: вялікага сэнсу ад гэтай дэпутацкай працы ён не бачыць.
Юрый Чавусаў: “Калі ў адпаведнасці з прапанаванымі Цэнтравыбаркамам зменамі грамадскім аб’яднанням будзе нададзенае права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, то прапанаваная ў законапраекце змена, што грамадскім аб’яднанням можна будзе пераўтварацца ў партыю, губляе сэнс”.
Грамадскія аб’яднанні і так змогуць займацца палітыкай. А зарэгістраваць, да прыкладу, партыю “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” новы праект закону не дапаможа.
Значна не паўплываюць прапанаваныя ў законапраекце змены і на дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, разважае дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.
Вольга Смалянка: “Праект закона не адмяняе адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, не аблягчае сам працэс рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, які ў Беларусі дастаткова складаны. Ён не змякчае кантроль за дзейнасцю грамадскіх аб’яднанняў”.
Паводле слоў эксперта, нешматлікія пазітыўныя моманты праекта закона губляюцца з-за дробных недапрацовак.
Не раіць чакаць нечага “выбуховага” і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тамара Красоўская. Але падрабязна абмяркоўваць законапраект пакуль адмаўляецца. Адно абяцае: усе прапановы будуць улічаныя.
Суразмоўцы Еўрарадыё сцвярджаюць: прапанаваныя змены носяць тэхнічны характар.
Юрый Чавусаў: “Палітыка ў Беларусі не партыйная, палітычная сістэма — не партыйная. І пакуль не зменіцца выбарчае заканадаўства, пакуль партыі не будуць адыгрываць большую ролю ў палітычнай сістэме, любыя змены тэхнічнага характару не будуць мець значэння”.