Гучныя адкрыцці года ў навуцы

Часопіс The Scientist Magazine зрабіў рэйтынг з дзесяці інавацый, якія паскорылі развіццё сусветнай навукі. 

Сярод значных адкрыццяў, напрыклад, сістэма BioFab, якая вырабляе сінтэтычныя ДНК: хуткасць працэсу паскорылася, а колькасць прадукту стала большай.  

Яшчэ адна прылада, Ion Proton System, пераўтварае хімічную інфармацыю ў лічбу і дазваляе больш хутка і эфектыўна праводзіць даследаванні на жывых істотах, вызначаць мутацыі ў пухлінах. А значыцца — прыдумляць новыя лекі можна будзе хутчэй.  



Перадавая праграма Labrugu сістэматызуе адкрытую інфармацыю з розных сусветных лабараторый, адсочвае змены і паскарае працу навукоўцаў. 

Таксама аўтарытэтны навуковы часопіс бэсціць дзеячаў, якія падраблялі навуковыя працы. Да прыкладу, японец Ёшытака Фуджыі з Такійскага ўніверсітэта медыцынскіх і стаматалагічных даследаванняў у вочы не бачыў пацыентаў, якіх “даследаваў”, уключаў у працы суаўтараў без іх ведама. 

Аднаго з амерыканскіх прафесараў за фальсіфікацыі адправілі выкладаць хімію ў звычайную школу. 

Натуральна, што ў 2012-м годзе СМІ грымелі навінамі пра марсаход Сuriosity.

А ўлетку стала вядома пра адкрыццё “базона Хігса” — субатамнай часціцы, якая тлумачыць, чаму матэрыя мае масу і як увогуле функцыянуе Сусвет. 

Што тычыцца “базона Хігса”, то да пошукаў часціцы спрычыніліся і беларускія навукоўцы. 

“Беларускія фізікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні эксперыментаў на Вялікім адронным калайдары, што прывяло да адкрыцця часціцы-базона Хігса”, — паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 

Але на самай гары рэйтынгу дзесяці высокіх дасягненняў беларускіх навукоўцаў — іншы факт.

Па-першае, гэта наш спадарожнік”, — прэс-сакратар НАН Беларусі Наталля Марцалева ставіць на вяршыню нашага навуковага рэйтынгу Беларускі касмічны апарат (БКА ці БелКА, як прызвычаіліся казаць у народзе).


Запуск 22 ліпеня 2012-га года завяршыў стварэнне Беларускай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі”, — выдзелена тлустым у прэс-рэлізе Акадэміі навук

Хоць здымкі са спадарожніка пакуль грамадству не дэманстраваліся. 

Сярод беларускіх дасягненняў нямала такіх, якія ў будучыні мусяць дапамагчы нашай медыцыне. Напрыклад, айчынныя інфарматыкі і біяхімікі сканструявалі чатыры хімічныя злучэнні, якія нейтралізуюць актыўнасць да ВІЧ-1. 

Злучэнні здольныя да блакады функцыянальна важных участкаў абалонкі віруса і прадстаўляюць перспектыўныя базавыя структуры для стварэння новых лекавых прэпаратаў супраць СНІДу”, — паведамляецца пра адкрыццё. 

Беларускія хімікі сярод іншага распрацавалі тэхналогіі атрымання супрацьпухлінавых генерычных лекаў першага пакалення “Пеметраксед” і “Азацытыдзін”.  

Да таго ж нашы фізіёлагі і біяфізікі стварылі прыладу, якая дазваляе паскорыць пераўтварэнне ствалавых клетак у нейроны. Гэта ў будучыні мусіць дапамагчы ў лячэнні захворванняў кровазвароту мозга.

Фота day-of-doom.com, adafruit.com, belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі