Гурту Zatoczka не хапіла гарбаты на Басах, а IQ48 у Магілёве і вады не далі
Музыкі распавялі Еўрарадыё, як іх прымалі на оўпэн-эйрах у Беларусі, Польшчы і Літве.
“Басовішча-2012” пакінула супярэчлівыя ўражанні. З аднаго боку, добра, што, насуперак усім праблемам, фестываль адбыўся. З іншага, музыкі, якія раней гатовыя былі перакладаць свае рускамоўныя праграмы на беларускую мову, каб патрапіць на канцэрт у Гарадок, сёння шукаюць альтэрнатыўныя пляцоўкі. Бо лічаць, што фармат "Басоў" ужо неактуальны.
“Гурты, якія былі сёння, усе аднолькавыя, як у мінулыя гады. Засталіся ў 1980-х, не развіваюцца, прабачце за дрэнныя словы. Neuro Dubel — як светлая пляма на гэтым усім, бо жывыя і вясёлыя. Больш ніяк. А яшчэ палякі гралі на 10 галоў лепш за ўсіх астатніх”, — самаўпэўнена і нават нахабна “праязджаецца” па фестывалі лідар гурта Zatoczka Макс Астравухаў.
Назаўтра магілёўскія музыкі возьмуць прыз глядацкіх сімпатый на прэстыжным польскім Seven Festival. А зараз яны стаяць са мной за сцэнай "Басоў" і дзеляцца сваімі ўражаннямі з іншых польскіх фестываляў.
Zatoczka: “Мы трапілі ў гданьскую фан-зону Еўра-2012. Адыгралі вялікі маштабны сэт для балельшчыкаў і фанатаў. Падпалілі, пакрычалі крычалак і іншага. А самае цікавае адбывалася ў горадзе. Размаляваныя ўсе гэтыя іспанцы, італьянцы, немцы паміж сабой сябравалі, а не біліся. Крычалі свае песні, абдымалі сцягамі дзяўчын, прымушалі іх танчыць”.
Гітарыст гурта Ілля ўлазіць у нашу размову. Ён скардзіцца, што з "Басоў" знік намёт з гарбатай, які заўжды тут быў.
Музыкі гурта Znich Алесь Таболіч і Аляксандр Беленькі разам узгадваюць, як было ў Літве на фестывалі Kilkim Zaibu, дзе нядаўна выступалі “знічы”.
Аляксандр Беленькі і Алесь Таболіч: “Апарат стаяў, прывезены з Латвіі, на якім выступала Metallica. Уяві сабе падыход. Дзве гіганцкія сцэны. Уражанні ад фестывалю зусім іншыя. Той фестываль быў больш ідэйны, ён быў прысвечаны Купаллю. Музыка ўся была металічная, цяжкая. Калі збіраецца шмат людзей, якіх рухае адна і тая ж дзвіжуха, гэта вельмі ўражвае. Было вельмі крута, “Басовішчу” побач няма чаго лавіць”.
Гурт IQ48 пахваліцца такімі крутымі выступамі пакуль не можа. Зараз у музыкаў праблемы з канцэртамі нават у Беларусі, “з-за нібыта забароненасці”. Нядаўна “лосі” маглі адыграць у Магілёве разам з яшчэ адным нібыта забароненым гуртом Naka. Але не атрымалася з-за "галімага кідалава арганізатараў", як кажа Саша Ракавец.
IQ48: “Літаральна за дзень-два, калі мы падрыхтавалі адмысловую праграму, нам сказалі, што ўвогуле нічога не змогуць нам прадставіць. Я нават не пра грошы кажу. Мы там ледзь не на роварах павінны былі ехаць. Непрыемна, калі дарогу нават не аплачваюць. Мы простыя хлопцы, без пантоў”.
На “Басовішчы” айк’юшнікі адчуваюць сябе ўтульна. Не тое што ў Магілёве, дзе ў музыкаў не было нават вады на сцэне.
Крытыкі фестывалю “Басовішча” лічаць, што гурты IQ48, B:N: ды Sciana ездзяць сюды занадта часта. Маўляў, увесь час граюць адны і тыя ж людзі, таму зараз фестываль не адлюстроўвае аб’ектыўнай карціны беларускай сцэны, як гэта было раней.
Арганізатарка сёлетняга “Басовішча” Ганна Пякарская глядзіць у будучыню з аптымізмам. Яна кажа, што, хутчэй за ўсё, будзе адноўлены конкурс маладых гуртоў, які, безумоўна, дадасць фэсту інтрыгі.
Ганна Пякарская: “Нельга казаць, "Басовішча" было горшае ці лепшае. Я сарвала голас так, як і ў мінулым годзе. Можа, праграмна сёлетні фестываль слабейшы, але думаю, што энергія і сіла вакол фестывалю большая, чым у мінулыя гады. Пасля сядзем, будзем думаць, шукаць праблемы і вырашаць, што зрабіць, каб у наступным годзе было менш праблемаў”.