Harotnica запісвае адразу два ЕР

Для таго, каб нарэшце сесці ў студыі, Harotnica спатрэбілася 5 гадоў! За гэты час у музыкаў выйшаў усяго адзін дэма-запіс, які зусім не адлюстроўвае творчасць каманды. “Можна падумаць, што мы тыя і мы сённяшнія — гэта два розныя гурты!” — смяецца вакалістка Harotnica Валерыя Валадзько. І дадае, што прычына такой няплённасці — шчыльны гастрольны графік кожнага з васьмі(!) удзельнікаў праекта.

Першы сінгл музыкі вырашылі зрабіць “жывым”, каб максімальна перадаць атмасферу Harotnica і даць магчымасць прыхільнікам расслухаць кожны з інструментаў гурта. Рэліз складуць 4 кампазіцыі.

“Хацелі максімальна захаваць “лайф-разгільдзяйства” Harotnica! — тлумачыць Валерыя Валадзько. — У гэтым ЕР чутно, што мы ўсе стаім побач, кожную секунду перажываем разам. Крута! Нібыта запісана падчас канцэрту! Нават можна пачуць валторну, якую часта гукачы “губляюць” на канцэртах. Нарэшце народ расслухае ўсё: і мяне, і словы, і мову, на якой мы спяваем!”

Калі да працы над першым ЕР Harotnica саспела самастойна, то на другі сінгл гурт падштурхнула… Еўрарадыё! Усё проста: падчас прэміі “Даём рады” мы ўручылі гурту сертыфікат на запіс сінгла. Яго музыкі плануюць зрабіць зусім іншым: з чыстым, адточаным гукам і самымі доўгімі “аркестравымі сімфоніямі”, якія толькі ёсць у Harotnica.

Ужо на наступным тыдні Harotnica пачынае працу над другім сінглам у студыі “Осмос”. Вядома, што на ім будзе тры кампазіцыі, адна з якіх цалкам новая. Абодва рэлізы музыкі плануюць выдаць адначасова, каб прыхільнікі творчасці гурта маглі параўнаць іх і выбраць, якая Harotnica ім падабаецца больш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі