Інспектару ДАІ дазволена паркавацца на пешаходным пераходзе (фота)
У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся аўтааматар. У нядзелю, 7 красавіка, на вуліцы Інтэрнацыянальнай яго аштрафавалі за адсутнасць тэхагляду.
Сам аўтамабіліст прызнае, што інспектар ДАІ дзейнічаў у межах закону і выпісаў штраф справядліва. Але яго здзівіла, што сам інспектар запаркаваў сваё службовае аўто проста на рэгуляваным пешаходным пераходзе. Таму ён і запытаўся, ці можа супрацоўнік ДАІ паркавацца на пешаходным пераходзе.
У ДАІ кажуць, што на вуліцы Інтэрнацыянальнай ладзілі эвакуацыю аўтамабіляў. Кіраўніца прэс-службы мінскай ДАІ Таццяна Харлінская кажа, што інспектар дзейнічаў у рамках сваіх паўнамоцтваў:
Харлінская: "Пры выкананні службовых абавязкаў пры крайняй неабходнасці інспектар ДАІ мае права адступіць ад патрабаванняў правілаў дарожнага руху. Такая неабходнасць можа ўзнікнуць падчас спынення правапарушэннняў і забеспячэння дарожнай бяспекі. Менавіта ў гэтым кірунку і працаваў інспектар ДАІ”.