Канавалава і Кавалёва асудзілі на смерць
Такі прысуд 30 лістапада вынес суддзя Вярхоўнага суда Аляксандр Федарцоў. Паводле яго Канавалаў вінаваты ў тым, што ладзіў выбухі, а Кавалёў — у неданясенні
30 лістапада
Сваякі Кавалёва будуць падаваць прашэнне пра памілаванне
Сястра Уладзіслава Кавалёва Наталля паведаміла, што сям'я мае такі намер.
Па словах сваякоў, якія перадае interfax.by, яны не чакалі смяротнага прысуду Кавалёву. Нагадаем, што яго прызналі вінаватым у саўдзеле ў тэрактах і неданясенні пра тэракты.
Смяротны вырак шмат хто з прысутных у зале суда сустрэў з абурэннем. Людзі скандавалі "Ганьба".
Канавалаву і Кавалёву прысудзілі смяротную кару
Такі прысуд 30 лістапада вынес суддзя Вярхоўнага суда Аляксандр Федарцоў.
Па просьбе пацярпелых 114 старонак выраку зачытваліся цалкам. Абвяшчэнне прысуду доўжылася больш за 4 гадзіны.
Суд палічыў даказанай віну Дзмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва ў выбухах у 2005 годзе ў Віцебску, а таксама ў 2008 і 2011 гадах у Мінску. Паводле высноваў суда Канавалаў вінаваты ў тым, што ладзіў выбухі, а Кавалёў — у неданясенні і саўдзеле.
***
У судзе абвешчаны перапынак на гадзіну.
***
На сайце youtube.com з'явілася відэа з суда.
У судзе абвясцілі пра віну Канавалава і Кавалёва
Канавалава называюць вінаватым у выбухах, Кавалёва — у саўдзеле і неданясенні.
Па віцебскіх эпізодах суд абвясціў, што Дзмітрый Канавалаў ладзіў выбухі, а Уладзіслаў Кавалёў ведаў пра іх і не паведаміў кампетэнтным органам.
У падзеях 4 ліпеня 2008 года Канавалаў таксама прызнаны вінаватым у арганізацыі выбуху, а Кавалёў — зноў вінаваты ў неданясенні.
Гаворачы пра выбух у мінскім метро, суд устанавіў, што Канавалаў учыніў выбух, а Кавалёў як саўдзельнік дапамагаў яму прывесці выбуховую прыладу ў баявы стан.
Прысуд Канавалаву і Кавалёву будуць зачытваць цалкам
Ён займае 114 старонак. Зачытванне прысуду можа заняць 4-5 гадзінаў.
Абвясціць прысуд цалкам папрасілі пацярпелыя. Суддзя Аляксандр Федарцоў пагадзіўся з такой просьбай.
Нагадаем, што абвінавачанне папрасіла прыгаварыць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да смяротнага пакарання. Іх вінавацяць у выбухах у Віцебску ў 2005 годзе, а таксама ў Мінску ў 2008 і 2011 гадах. Адвакаты падсудных настойваюць на тым, што віна Канавалава і Кавалёва не даказаная.
***
Маці Кавалёва хоча, каб на судзе цалкам зачыталі прысуд
Пра гэта Любоў Кавалёва (на здымку) абвясціла на прыступках Дома правасуддзя.
На яе думку, пасля поўнага абвяшчэння прысуду людзі змогуць пабачыць, ці ёсць нейкія доказы вінаватасці падазраваных.
На абвяшчэнне прысуду сабралося шмат журналістаў, дзясяткі відэкамераў.
***
Заключнае паседжанне па справе Канавалава-Кавалёва пачнецца а 11-й гадзіне ў сталічным “Доме правасуддзя”.
Ураджэнцаў Віцебска Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва абвінавачваюць у арганізацыі выбуху ў метро 11 красавіка, выбуху на Дзень незалежнасці ў 2008 годзе і шэрагу выбухаў у Віцебску. Адвакаты падсудных настойваюць на адсутнасці доказаў віны іх падабаронных.
15 лістапада
Прысуд па справе Канавалава і Кавалёва абвесцяць 30 лістапада
Дзмітрый Канавалаў адмовіўся ад апошняга слова.
Уладзіслаў Кавалёў у сваім апошнім слове прызнаў толькі некалькі хуліганскіх выхадак у Віцебску на пачатку 2000-х. Разам з тым ён адзначыў, што пры гэтым выкарыстоўвалася не выбухоўка, а "хлапушкі". Кавалёў заявіў, што не мае дачынення да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе і ў Мінску ў 2008 і 2011 гадах. Адмовіў ён і датычнасць Канавалава да гэтых выбухаў.
Кавалёў паведаміў, што паказанні на следстве былі дадзеныя пад ціскам. Сваё апошняе слова ён чытаў з паперы.
***
У судзе абвешчаны перапынак. Пасля яго працягнецца выступ Станіслава Абразея.
Адвакат Кавалёва Станіслаў Абразей у чарговы раз звярнуў увагу на элементы мантажу ў відэазапісах з метро. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што чалавек з сумкай з відэазапісу па росце і камплекцыі не адпавядае Канавалаву.
***
Адвакат Дзмітрыя Канавалава Дзмітрый Лепрэтар заклікаў суд прызнаць свайго падабароннага невінаватым па ўсіх ранейшых эпізодах (да 2008 года), якія адбыліся ў Віцебску. На яго думку, віна Канавалава ў іх не была даказаная.
***
Пацярпелы Тышкевіч заявіў аб жаданні выступіць. Спасылаючыся на экспертызу ФСБ, дзе гаворыцца, што пры той магутнасці бомбы на адлегласці 35 метраў ўсе атрымліваюць баратраўмы, заяўляе, што ў выканаўцы выбуха няма ні траўмаў, ні слядоў выбуху. Гэта сведку здзіўляе, як і адмова суда прагледзець відэа з метро, выклікаць на яго просьбу машыніста метро.
Таксама Тышкевіч цікавіцца, як дакладна тлумачыцца выхад спецслужбаў на кватэру тэрарыстаў. Кажа, што на працэсе шмат не зразумелага і ён не ўпэўнены, што могуць пакараць тых, хто насамрэч стаіць за выбухамі. Паводле яго слоў, доказы пракуратуры не пераканалі яго.
Суддзя выдаліў з залы дзяўчыну, якая пляскала выступу пацярпелага, які выказаў сумнеў, што пакараюць вінаватых.
***
Як паведамляе наш карэспандэнт Зміцер Лукашук, Канавалаў выглядае абыякавым, а Кавалёў праглядае нейкія паперы. Перад сцэнай вельмі шмат спецназаўцаў, у калідоры за сцэнай відаць аўтаматчыкі ў цывільным.
Адвакат размаўляе з Кавалёвым. Той усміхаецца і выглядае даволі бадзёрым.
***
Сёння ў судзе чакаецца выступ адвакатаў (на здымку).
14 лістапада
Абвінавачанне просіць расстраляць Канавалава і Кавалёва
Еўрарадыё
З такой просьбай да суда звярнуўся намеснік генпракурора Аляксей Стук.
Па яго словах, такое рашэнне абвінавачанне прыняло з улікам меркавання прадстаўнікоў загінулых. Таксама ён спаслаўся на тое, што абвінавачваныя ўчынілі асабіва цяжкія злачынствы.
Дзмітрыя Канавалава вінавацяць у здзяйсненні тэрактаў і вырабе выбуховых рэчываў, Уладзіслава Кавалёва — у дапамозе і неданясенні.
Пракурор: Канавалаў адмовіўся ад віцебскіх эпізодаў, бо саромеўся таварышаў
Такую здагадку выказаў на судзе спрэчак дзяржабвінаваўца Аляксей Стук.
Як нагадвае БЕЛТА, на следстве Канавалаў заяўляў, што ён рабіў выбухі ў верасні 2005 года. Але потым стаў адмаўляцца. На судзе ён пачаў адмаўляць і больш раннія віцебскія эпізоды.
Пракурор прапанаваў крытычна паставіцца да адмовы. На думку Стука, Канавалаву неабыякавае тое асяроддзе, у якім ён нарадзіўся і жыў. Калі б сябры даведаліся, што менавіта ён рабіў выбухі, яны пачалі б ставіцца да яго інакш.
Нагадаем, што Канавалаву пагражае смяротная кара.
На судзе Канавалава-Кавалёва пракурор расказаў пра выбухі ў маскоўскім метро
Сёння на працэсе пачаліся судовыя спрэчкі. Першым выступае пракурор Стук.
Як адзначае nn.by, ён пачаў з перадгісторыі тэрарызму, калі ён пачаў з’яўляцца ў жыцці беларусаў. Стук расказаў пра выбухі ў маскоўскім і лонданскім метро. Яго выступленне нагадвае экскурс у крымінальную гісторыю краіны ў літаратурнай апрацоўцы.
Па яго словах, следства выявіла асобу, якая здзейсніла ўсе выбухі ў Віцебску і Мінску — гэта Дзмітрый Канавалаў. Па словах Стука, Канавалаў з Кавалёвым пачалі рабіць выбухі ў 14-гадовым узросце (у 2000 годзе), а Кавалёў яму дапамагаў.
Па словах Стука, у судзе не было прадстаўлена пацвярджэнняў таго, што на Кавалёва рабіўся ціск падчас папярэдняга следства, каб змусіць яго даваць непраўдзівыя паказанні. Па словах паркурора, віна ва ўсіх інкрымінаваных Канавалаву злачынствах мае пацвярджэнне. Віна Кавалёва таксама пацвярджаецца матэрыяламі справы.
У панядзелак пачнуцца судовыя спрэчкі бакоў
Папярэдняе паседжанне было 3 лістапада. На ім абвясцілі пра заканчэнне судовага следства па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Нагадаем, што іх абвінавачваюць у шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года.
3 лістапада
На судзе па выбухах абвешчаны перапынак да 14 лістапада
Суд даў бакам час для падрыхтоўкі да спрэчак.
Перад гэтым суддзя абвясціў матэрыялы, з якіх вынікае, што набыты Уладзіславам Кавалёвым траціл быў у свой час выкрадзены з вайсковай часці салдатам Жолудзевым. На допытах той казаў, што прадаў шашкі знаёмым хлопцам прыкладна ў 2003 ці 2004 годзе. На следстве ён сцвярджаў, што непасрэдна з Канавалавым і Кавалёвым не знаёмы, інфармуе БЕЛТА.
Экспертызу па ранніх выбухах па справе Канавалава-Кавалёва рабіць не будуць
3 лістапада суд не задаволіў хадайніцтва адваката Дзмітрыя Лепрэтара, які абараняе Дзмітрыя Канавалава.
Адвакат прасіў прызначыць выбухатэхнічнай экспертызы па ранніх віцебскіх эпізодах — да 2004 года, перадае БЕЛТА. Па словах суддзі, суд не мае складовых частак адпаведных выбуховых прыстасаванняў.
Пасля гэтага два пацярпелыя заявілі новыя хадайніцтвы. Адзін з іх заявіў грамадзянскі пазоў. Другі пацярпелы папрасіў выклікаць на суд машыніста цягніка, які прыбыў на станцыю "Кастрычніцкая" з "Плошчы Леніна" пасля выбуху.
2 лістапада
Канавалаў прызнаў фінансавыя прэтэнзіі па эпізодах 2008 і 2011 гадоў
Дзмітры Канавалаў прызнаў пазоўныя патрабаванні ад грамадзянскіх пазоўнікаў па выбухах 2008 і 2011 гадоў.
Як перадае БЕЛТА, асноўны абвінавачаны ў выбухах заявіў, што прызнае толькі пазовы па выбуху 3 ліпеня 2008 года і 11 красавіка 2011 года. Астатнія пазовы ён прызнаць адмовіўся. А Уладзіслаў Кавалёў зусім не прызнаў фінансавыя прэтэнзіі.
Нагадаем, што грамадзянскія пазовы па розных эпізодах выстаўлялі, у прыватнасці, некалькі клінік, Мінскі метрапалітэн і сталічная міліцыя.
Пацярпелы Саакян пакінуў залу суда на знак пратэсту
Самвел Саакян хацеў каб у суд выклікалі спецназаўцаў падраздзялення "Алмаз", якія затрымлівалі Канавалава, Кавалёва і Пачыцкую.
Супраць гэтага выказалася дзяржабвінавачанне. Суддзя Аляксандр Федарцоў падтрымаў пракурораў. Гэта, як адзначае tut.by, і выклікала абурэнне пацярпелага.
Саакян працытаваў суду выказванні Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што ў гэтай справе няма чаго хаваць. Пацярпелага падтрымалі адвакаты абвінавачваных і шматлікія пацярпелыя, якія знаходзіліся ў зале.
Адвакат абвінавачванага Кавалёва Станіслаў Абразей таксама парсіў выклікаць КАнстанціна Зайцава. Яго адбіткі пальцаў былі зафіксаваныя на самаробнаымй выбуховым прыстасаванні 2008 года. Зайцаў з'яўляецца інжынерам–піратэхнікам спецпадраздзялення "Алмаз", які абясшкоджваў знойдзеную прыладу 3 ліпеня 2008 года. Суд адзначыў, што Зайцаў цяпер знаходзіцца ў камандзіроўцы і лічыць гэтую прычыну паважнай.
У судзе па выбухах паказалі чарговыя рэчавыя доказы
Гэта прадметы, канфіскаваныя з кватэры Канавалава ў Віцебску.
Сярод іх, інфармуе БЕЛТА, некалькі невялікіх пластмасавых кітайскіх будзільнікаў без стрэлак і батарэек. Такі ж будзільнік быў у неразарванай бомбе ў 2008 годзе. Таксама ў кватэры забралі даведнік па Мінску і дыскі з рознымі фільмамі.
Абвінавачванне зноў заявіла пра неабходнасць удзелу грамадзянскіх пазоўнікаў — ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, шпіталя МУС ды іншых. Дзяржаўныя структуры выставілі грашовыя пазовы. Напрыклад, Віцебская абласная клінічная лякарня — больш за 27 млн рублёў, Мінская абласная клінічная лякарня — больш за 16 млн рублёў. Мінскі метрапалітэн просіць спагнаць больш за 3 млрд рублёў, мінская міліцыя — каля 290 млн рублёў.
Суд вырашыў зачытаць паказанні сведак, якія не з'явіліся ў суд. Суддзя адхіліў хадайніцтва пра выклік спецназаўцаў, якія затрымоўвалі Кавалёва, Канавалава і Пачыцкую. Па яго словах, акалічнасці затрымання выкладзеныя ў справе.
1 лістапада
Суддзя паказаў макет бомбы для метро, зроблены Канавалавым
А знаёмы сказаў, што бачыў у яго бутэльку з кактэйлем Молатава.
Суддзя Аляксандр Федарцоў паказаў макет бомбы па выбуху 2011 года, зроблены Дзмітрыем Канавалавым на следстве, перадае БЕЛТА.
Макет — гэта дзве вялікія пластыкавыя бутэлькі з-пад вады, у якіх змешчаны імітатар выбухоўкі. Ёмістасці змацаваныя скотчам. У склад макета ўваходзіць электронны званок і дыстанцыйны пульт ад яго.
Таксама сёння на судзе выступіў знаёмы Канавалава Аляксандр Шпакаў. Ён расказаў, што ў склепе Канавалава бачыў шкляныя колбы і бутэльку з кактэйлем Молатава. Таксама Шпакаў згадаў, што Канавалаў рабіў узрыўпакеты.
Сведка Аляксандр Шпакаў быў дастаўлены ў суд пад канвоем, бо цяпер адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі. У зале суда яго ахоўвалі два супрацоўнікі спецназу ў бронекамізэльках і масках.
Эксперт: Выбухоўку ў 2008 годзе маглі рабіць розныя людзі
Гэта вынікае з сённяшняга выступу эксперта на судзе па выбухах.
Як перадае БЕЛТА, гэта эксперт-выбухатэхнік Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС. Па яго словах, прыстасаванне, якое не разарвалася ў 2008 годзе, было зроблена вельмі акуратна. Прылада, якая разарвалася, была зробленая больш нядбайна, кажа ён.
Паянне ацалелых правадоў у разарваным прыстасаванні адрозніваецца ад паяння ў іншай бомбе, дзе гэта было больш нядбайна. Па словах эксперта, аднак, немагчыма сцвярджаць, розныя людзі рабілі гэтую выбухоўку ці адзін і той самы. Аднак ён нагадаў, што іншая экспертыза паказала: для зборкі абедзвюх бомбаў у 2008 годзе выкарыстоўвалася адна і тая ж шпуля ізастужкі.
Адвакат Дзмітры Лепрэтар звярнуў увагу на несупадзенні паміж экспертызамі прыладаў 2008 года і тым, што паказаў Дзмітры Канавалаў на следчым эксперыменце. На гэта эксперт заявіў: гэта можна растлумачыць тым, што пасля выбуху прайшло шмат часу і Канавалаў забыўся на дэталі.
31 кастрычніка
Суд па справе пра выбухі працягнецца 1 лістапада
31 кастрычніка ў судзе выступілі работнікі метрапалітэну.
Начальнік дыстанцыі сувязі метро распавёў, як 12 красавіка праходзіла выманне відэазапісаў з камер назірання метро. Таксама ён патлумачыў, як працуе відэасістэма ў метро, перадае БЕЛТА.
Іншая супрацоўніца метро сказала, што сістэма відэаназірання не ўсталяваная на васьмі станцыях метро. Першыя станцыі, дзе ўкаранялася сістэма, — "Кастрычніцкая" і "Купалаўская". Таму там стаяць не найноўшыя камеры з не самай лепшай карцінкай.
Відэаінфармацыю захоўваюць некалькі сутак, потым сціраюць. Пасля выбуху было ўключанае блакаванне выдалення запісаў, каб праваахоўнікі знайшлі кадры, якія цікавяць следства.
Сведка на працэсе Канавалава-Кавалёва расказаў, як купляў траціл
На судзе па тэракце ў мінскім метро выступіў сусед аднаго з абвінавачваных.
Ён распавёў, што аднойчы пайшоў разам са сваім сябрам да знаёмага, каб купіць ровар, але ў выніку яны купілі траціл, перадае БЕЛТА. Выбухоўку купляў не сам сведка, а яго таварыш. Нядаўна гэты сябар распавёў сведку, што потым прадаў траціл Уладзіславу Кавалёву.
Яшчэ адзін сведка расказаў, што вучыўся ў ліцэі з абодвума абвінавачанымі. Па яго словах, некаторыя знаёмыя казалі пра магчымае захапленне Канавалава нацысцкімі ідэямі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што чуў пра гэта ад іншых людзей, а сам нічога не ведае.
Сведкі даўняга выбуху ў Віцебску заблыталіся ў паказаннях
Гаворка ідзе пра выбух, які адбыўся ў пад'ездзе жылога дома на пачатку 2000-х гадоў.
Як паведамляе interfax.by, сведкі даюць супярэчлівыя звесткі пра тое, калі і дзе адбыўся выбух. Нагадаем, што ў тым здарэнні вінавацяць Дзмітрыя Канавалава, які ўзяў на сябе віну за выбухі ў Мінску ў 2008 і 2011 гадах.
Так, сведка Віктар Восіпаў не памятае, у якім годзе адбыўся выбух. Акрамя таго, у судзе ён змяніў свае сведчанні, дадзеныя на папярэднім следстве: ён заявіў, што не бачыў петарду на месцы выбуху. Ён таксама ўдакладніў, што выбух адбыўся паміж 3 і 4 паверхамі, а не паміж 4 і 5, як казаў раней. Змену сведчанняў ён растлумачыў тым, што сведкі абмяркоўвалі будучыя паказанні ў дарозе, пакуль ехалі ў Мінск з Віцебску.
Пенсіянерка Людміла Мішына лічыць, што выбух адбыўся ў 2000 годзе, машыніст Рыбакоў памятае, што выбух адбыўся ў 2006-2007 гадах. Беспрацоўны Васіль Клюеў мяркуе, што гэта быў 2004- 2005 год, а пенсіянерка Ларыса Лукашэнка схільная думаць, што гэта быў 2002-2003 год.
Настаўніца: Канавалаў у школе любіў хімію
На судзе пра выбух у метро выступіла класная кіраўніца Канавалава. Па яе словах, Дзмітры Канавалаў звычайна трымаўся ўбаку ад аднакласнікаў.
Класная кіраўніца распавяла, што Канавалаў заўсёды быў падкрэслена элегантным на фоне ўсіх хлопчыкаў у класе. Хаця шмат якія хлопчыкі тады насілі спартовыя гарнітуры, ён апранаў класічны гарнітур, кажа настаўніца. Часам ёй даводзілася адчытваць Канавалава за пропускі. Але вучань пры гэтым не дазваляў сабе грубасцяў.
Маці Канавалава запомнілася класнай кіраўніцы як узважаны чалавек, які не дазваляе сабе рэзкіх выказванняў на бацькоўскіх сходах, перадае БЕЛТА.
Пра іншага абвінавачанага настаўніца сказала, што Уладзіслаў Кавалёў не вылучаўся ў агульнай масе і нічым ёй не запомніўся.
Па яе словах, Канавалаў пасля ўрокаў мог пайсці ў кабінет хіміі, бо любіў гэты прадмет.
28 кастрычніка
У судзе зачыталі матэрыялы, якія датычаць вырабу бомбаў, узарваных 3 ліпеня 2008 году. Паводле высновы экспертаў, яны маглі быць зробленыя ў адной з краін Усходняй Еўропы ў перыяд з траўня па чэрвень. Такія высновы дазволілі зрабіць дробныя часткі раслін, знойдзеныя ў неспрацаваўшай прыладзе. Сярод іх выяўленыя часткі палыну, ляшчыны, елкі і іншых.
Эксперты таксама заявілі, што бомба была зробленая ў хатніх умовах, непадалёк ад парка, альбо батанічнага сада, паведамляе БелТА.
Таксама на паседжанні стала вядома, што маці Дзмітрыя Канавалава заяўляла ў 2008 годзе ў міліцыю аб знікненні сына. Гэта вынікае з матэрыялаў справы, зачытанай пракурорам.
У справе гаворыцца, што адпаведная заява паступіла ў міліцыю 21 ліпеня 2008 г. Аднак крымінальная справа па факце знікнення распачата не была, так як Канавалаў самастойна вярнуўся дадому 20 ліпеня.
Таксама ў пятніцу пацярпелы ад тэракту Саакян абвінаваціў суд у парушэнні працэсуальнага заканадаўства. Ён прасіў выклікаць ў суд у якасці сведак супрацоўнікаў спецназа, якія ўдзельнічалі ў затрыманні абвінавачаных. Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава затрымлівалі ў Мінску на вуліцы Караля. Самвел Саакян лічыць, што гэта выклікаць спецназаўцаў у суд неабходна для ўстанаўлення сапраўдных абставінаў затрымання 12 красавіка, паведамляе “Інтэрфакс”.
Суд адмовіў у задавальненні гэтага хадайніцтва, у сувязі з чым пацярпелы папрасіў занесці ў пратакол пасяджэння заяву аб парушэнні працэсуальнага заканадаўства. Адмова была зробленая без агучвання матываў адмовы.
Суд таксама адмовіў у хадайніцтве адвакату Кавалёва Станіславу Абразею, які раней звяртаўся да з просьбай аб допыце ў якасці сведак чатырох рабочых, якія праводзілі рамонтныя работы на станцыях "Кастрычніцкая" і "Купалаўская" незадоўга да выбуху.
27 кастрычніка
У судзе сёння абнародавалі вынікі экспертызы, якую псіхіятры зладзілі ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава, галоўнага абвінавачанага ў тэракце ў метро.
Так, эксперты не маюць падставаў сцвярджаць, што Канавалаў меў паталагічную схільнасць да выбухаў. Таксама ён не мае алкагольнай залежнасці і не пакутуе на псіхічныя захворванні. У падсуднага не было часовых разладжанняў псіхікі. У момант здзяйснення тэракту ён быў у яснай свядомасці і разумеў сэнс сваім дзеянняў. Ён ведаў, што яму пагражае пажыццёвае зняволенне ці расстрэл, але не казаў пра суіцыдальныя думкі, паведамляе БелаПАН.
На думку псіхіятраў, Канавалаў не пакутуе на разладжанні полавай перавагі, але ў яго слабая ідэнтыфікацыя ў мужчынскай роляй. IQ абвінавачанага складае 95. У яго нізкі ўзровень варожасці і сярэдні — агрэсіўнасці. Пры гэтым эксперты лічаць яго эгацэнтрычным і схільным спісваць свае няўдачы на іншых людзей, у яго завышаная самаацэнка
Уладзіслава Кавалёва таксама прызналі псіхічна здаровым. Яго IQ — 114. А ўзроўні агрэсіўнасці і варожасці ў іншага падсуднага нізкія. Эксперты адзначаюць шырыню поглядаў Кавалёва, адсутнасць злапомнасці, прыняцце адказнасці за падзеі ў жыцці на сябе, неканфліктнасць. Малады чалавек можа адмовіцца ад уласных інтарэсаў, калі іншы чалавек мае над ім уладу.
Мяркуючы па метададзеных файла, фотаздымкі зробленыя ў студзені 2011 года фотаапаратам Канавалава маркі “Алімпус”, перадае БЕЛТА. На відэа ёсць запіс эксперыментальнага выбуху. Паміж дрэвамі на пэўнай вышыні было замацавана выбуховае прыстасаванне. Частка яго была падобная да трубы ці палкі. Калі яно спрацавала, у кадры бачны дым, а ў бок камеры ляцяць нейкія ашмёткі, падобныя да кавалкаў кары ці грунта. Мяркуючы па здымках, выбух быў узімку ці ўвесну, бо навокал бачны снег.
Дарэчы, сярод рэчыўных доказаў, якія крыміналісты знайшлі на гэтым “палігоне”, ёсць два кавалкі такой самай трубы, якая была на фота, але з пашкоджаннямі.
На другі дзень агляду месца, якое Дзмітрый Канавалаў, мяркуючы па яго паказаннях на следстве, выкарыстаў для выпрабавальных выбухаў, крыміналісты выявілі дрэвы з характэрнымі пашкоджаннямі. Гэта вынікае з відэазапіса агляду, які быў прадэманстраваны сёння ў судзе, перадае БЕЛТА.
На згаданым участку ў наваколлях Віцебска было выяўлена пашкоджанае дрэва з характэрным расшчапленнем ствала. Эксперты выказалі здагадку, што дрэва пашкодзіў выбух.
26 кастрычніка
Следства па справе аб тэракце ў метро знайшло месцы трэніровачных выбухаў
Пробныя бомбы ўзарвалі ў раёне станцыі Грышаны пад Віцебскам. Мяркуецца, што выбухі ажыццявіў галоўны абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў.
Відэаматэрыялы агляду месца здарэння прадэманстравалі сёння ў судзе аб тэракце ў мінскім метро. На лясны масіў каля чыгункі следству паказаў іншы абвінавачаны, Уладзіслаў Кавалёў. Агляд праводзіўся 26 красавіка.
Тады ў лесапаласе знайшлі дзве варонкі, найбольшая з якіх дасягала ў дыяметры 170 сантыметраў і мела глыбіню 56 сантыметраў. Вакол варонак знайшлі дробныя часціцы металу і іншыя рэчы, з якіх маглі вырабіць бомбу, паведамляе БелаПАН.
***
Сёння на працэсе з'явіліся родныя галоўнага абвінавачанага — бацька, маці і сястра. Яны скарысталіся правам не сведчыць супраць сына і адмовіліся даваць паказанні. Больш за тое, як паведаміў журналіст Еўрарадыё Віталь Ругайн, родныя Канавалава нават не засталіся на паседжанні. Яны адразу ж выйшлі з залі. Пасля гэтага іх сустрэлі невядомыя, пасадзілі ў аўтамабілі з танаваным шклом і адвезлі ў невядомым накірунку.
Акрамя родных Дзмітрыя Канавалава, сёння ў судзе сведчылі былыя аднакласнікі Канавалава. Яны падцвердзілі існаванне зацікаўленасці Канавалава ў хіміі.
***
Схемы з сшытка Дзмітрыя Канавалава маглі быць выкарыстаныя для зборкі электрадэтанатараў. Аб гэтым сёння на судзе заявіў эксперт - супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, паведамляе БелТА.
Некаторыя схемы ў сшытку былі закрэсленыя. Эксперт патлумачыў, што яны не вельмі надзейныя. Супрацоўнік БДУІР таксама адзначыў, што ўсюды на схемах была электралямпачка. У некаторых прыладах, як сведчаць матэрыялы справы, Канавалаў выкарыстаў менавіта лямпачкі ў якасці дэталі электрадэтанатара.
***
У сталічным Доме правасуддзя а 11-й сёння адновіцца працэс па справе Канавалава-Кавалёва. Чакаецца, што будзе працягнутае апытанне сведак.
25 кастрычніка
У ходзе гэтага следчага дзеяння эксперты адзначылі, што Канавалаў для выбуху ў 2008 годзе сінтэзаваў досыць вялікую колькасць выбухоўкі. Яны зрабілі выснову, што Канавалаў ўжо адпрацаваў працэс сінтэзу рэчыва. Аднак для выбуху 11 красавіка ён, па яго ж словах, выкарыстаў крыху іншы спосаб. Падсудны пацвердзіў, што гэта было зроблена таму, што для тэракту ў метро патрэбен быў досыць вялікі аб'ём выбуховага рэчыва.
Уладзіслаў Кавалёў зноў просіць змякчыць яму меру стрымання
Кавалёў, у прыватнасці, сказаў, што не было прадстаўлена ніводнага доказу яго віны. У сувязі з гэтым падсудны просіць выпусціць яго з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Таксама ён лічыць невінаватым у здзяйсненні тэракту Дзмітрыя Канавалава, другога абвінавачанага, паведамляе БЕЛТА.
Суд зноў адхіліў хадайніцтва і спаслаўся на цяжкасць злачынства, у якім абвінавачваюць Кавалёва. Адначасова адвакат гэтага падсуднага Станіслаў Абразей заявіў яшчэ адно хадайніцтва. Абаронца просіць суд зрабіць запыт у метрапалітэн наконт паказанняў аднаго з пацярпелых. Гэты чалавек бачыў 10 кастрычніка, за дзень да тэракту, як супрацоўнікі праводзілі нейкія рамонтныя работы каля эскалатара. Праўда, ён дакладна не сказаў, дзе гэта было — на “Кастрычніцкай” ці на “Купалаўскай”.
Суд паабяцаў разгледзець хадайніцтва цягам трох дзён.
***
Сёння ў судзе павінны выступіць сведкі, якія не з’явіліся на папярэднія паседжанні. Іх вырашана даставіць прыводам у дом правасуддзя.
Мінулае паседжанне было ў пятніцу, 21 кастрычніка. Такі перапынак у тры дні тлумачыцца яшчэ і тым, што адзін з абвінавачаных Уладзіслаў Кавалёў павінен быў азнаёміцца з двума далучанымі да справы тамамі. Яны тычацца Дзмітрыя Канавалава. Апошняга якраз і вінавацяць у тым, што ён прынёс бомбу на станцыю метро “Кастрычніцкая” 11 красавіка і запусціў выбуховы механізм.
21 кастрычніка
У “Доме правасуддзя” працягнецца працэс Канавалава-Кавалёва
Суд адновіцца аб 11-ай гадзіне.
Разгляд справы аб выбуху ў сталічным метро працягнецца выступамі адвакатаў абвінавачаных Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. На паседжанні ў чацьвер яны агучылі некаторыя спрэчныя моманты ў эпізодах сярэдзіны 2000-ых гадоў. У прыватнасці, адвакаты прадставілі суду дакументы з жыллёвага ўпраўлення, паводле якіх ніякіх выбухаў у пад’ездах віцебскіх дамоў не было і рамонт там не праводзіўся. Між тым, па версіі абвінавачвання, Канавалаў і Кавалёў здзейснілі серыю выбухаў у дамах. У іх выніку былі пашкоджаныя пад’езды па вуліцы Бядулі і вуліцы 39-ай арміі.
Сёння адвакаты працягнуць аспрэчваць заявы абвінавачвання.
20 кастрычніка
Суд зноў не задаволіў хадайніцтва адваката аб вызваленні Уладзіслава Кавалёва
20 кастрычніка на судзе па справе аб выбухах у Мінску і Віцебску было зноў заяўлена хадайніцтва аб вызваленні Уладзіслава Кавалёва з-пад варты, паведамляе БЕЛТА. Суд, разгледзеўшы гэтае хадайніцтва, пастанавіў яго не задавальняць. Раней адвакат Уладзіслава Кавалёва - Станіслаў Абразей – ужо двойчы падаваў падобныя хадайніцтвы.
***
У чацвер пачнецца 23 дзень працэсу Канавалава-Кавалёва
На паседжанні працягнуць выступаць адвакаты.
Працэс адновіцца аб 11-ай гадзіне ў “Доме правасуддзя”. Мяркуецца, што разгляд справы аб выбуху ў сталічным метро працягнецца выступамі адвакатаў абвінавачаных Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Учора яны агучылі некаторыя спрэчныя моманты ў эпізодах сярэдзіны 2000-ых гадоў. У прыватнасці, прагучала заключэнне экспертаў аб тым, што выбухі ў Віцебску маглі здзейсніць асобы, што маюць адмысловую падрыхтоўку і веды.
На ўчорашнім паседжанні таксама было паўторна адмоўлена ў змяненні меры стрымання Уладзіславу Кавалёву на падпіску аб нявыездзе.
19 кастрычніка
Спецыялісты лічаць, што выбухі маглі здзейсніць людзі, якія маюць спецыяльныя веды і навыкі
Абаронцы фігурантаў справы аб тэракце ў метро азнаёмілі суд з матэрыяламі справы, якія тычацца расследавання выбухаў у Віцебску 14 і 22 верасня 2005 года.
З гэтых матэрыялаў вынікае, што, як лічаць спецыялісты, выбухі маглі здзейсніць людзі, якія маюць спецыяльныя веды і навыкі. Прычым гэтыя навыкі маглі быць атрыманыя ў часе тэрміновай службы ў складзе разведвальных або дыверсійных падраздзяленняў. У першым выпадку выбуховае прыстасаванне было зроблена на аснове армейскага боепрыпаса “Шырас-М”, а ў другім — траціла.
Тады ў распрацоўку праваахоўных органаў трапіла некалькі дзясяткаў чалавек. Многія з іх былі затрыманыя. Сярод падазраваных былі і браты Віталь і Юры Мурашкі, а таксама браты Сяргей і Дзмітры Лабусавы, перадае БелаПАН.
***
У судзе разглядаюць матэрыялы "віцебскіх эпізодаў" справы, у тым ліку аб арганізацыі выбуху ў кіёску. Згодна з матэрыяламі, аператыўнікі, якія прыехалі па выкліку, знайшлі бутэльку, у якой нібыта была выбуховая вадкасць. Але выявілася, што гэта быў муляж, і ў бутэльцы выбухоўкі не было. Таму і крымінальную справу тады нават не распачыналі, і абвінавачаных па факце здзяйснення выбуху ў кіёску не было, перадае карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн.
***
Суд адхіліў хадайніцтва адваката Станіслава Абразея аб змяненні меры стрыманняяго падабароннаму Уладзіславу Кавалёву, які праходзіць у якасці абвінавачанага па справе аб выбухах у Мінску і Віцебску, перадае БЕЛТА.
У тлумачэнні суда, у прыватнасці, сказана: "Хадайніцтва не падлягае задавальненню, так як Кавалёў абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве і ў саўдзеле ў асабліва цяжкім".
Адвакат Уладзіслава Кавалёва хадайнічаў сёння, каб падабароннаму змянілі меру стрымання: з заключэння пад варту на падпіску аб нявыздзе. Гэта ўжо другое падобнае хадайніцтва на працягу працэсу.
Не прынялі і іншую заяву адваката, якая тычылася вызвалення Уладзіслава Кавалёва пад падпіску аб нявыездзе. Абарона лічыць, што цяпер на судзе разглядаюцца іншыя эпізоды справы, да якіх Кавалёў не мае дачынення. Да таго ж, мала доказаў яго віны ў саўдзеле ў тэракце 11 красавіка. Суд адхіліў і гэта хадайніцтва.
У працэсе Канавалава-Кавалёва скончыўся двухдзённы перапынак у паседжаннях
У мінскім “Доме правасуддзя” сёння аднавіўся працэс падазраваных у арганізацыі серыі выбухаў і тэракта ў метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Як плануецца, слова возьмуць адвакаты абвінавачаных.
Нагадаем, што Дзмітрыя Канавалава вінавацяць у падрыхтоўцы і здзяйсненні тэракта 11 красавіка 2011 году. Канавалаў прызнаў сваю віну. Яму пагражае смяротнае пакаранне. Уладзіслава Кавалёва вінавацяць у садзейнічанні ў падрыхтоўцы тэракта і неданясенні на Канавалава. Кавалёў віны не прызнае і актыўна ўдзельнічае ў працэсе.
14 кастрычніка
На судзе над Канавалавым і Кавалёвым 19 кастрычніка выступяць адвакаты
У судовым працэсе па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва абвешчаны перапынак да 19 кастрычніка.
Як паведамляе БелаПАН, плануецца, што 19 кастрычніка ў судзе некаторыя матэрыялы справы будуць абвяшчаць абаронцы падсудных. Пра неабходнасць падрыхтавацца да гэтага Дзмітрый Лепрэтар і Станіслаў Абразей заявілі старшыні суда Аляксандру Федарцову сёння. Мяркуючы па рэакцыі суддзі, ён быў незадаволены негатовасцю абароны абвяшчаць матэрыялы ўжо 14 кастрычніка.
19 кастрычніка таксама мяркуецца дапытаць шэраг пацярпелых ад выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008 года.
Эксперты не ведаюць, як дзейнічалі бомбы, узарваныя ў 2005 годзе ў Віцебску
Ні беларускія, ні расійскія эксперты не змаглі даць дакладных высноваў пра бомбы, узарваныя ў Віцебску.
Гаворка ідзе пра канструкцыю, прынцып дзеяння, спосаб падрыву самаробных выбуховых прыстасаванняў. Гэта вынікае з экспертызаў, праведзеных у 2005—2007 гадах МУС Беларусі і ФСБ Расіі. Матэрыялы былі прадстаўленыя на судзе па справе Дзмітрыя Канавалаву і Уладзіслава Кавалёва, інфармуе БелаПАН. У арганізацыі выбухаў у Віцебску вінавацяць Канавалава.
Беларускія эксперты канстатавалі, што выбухоўку рабіў чалавек, які мае веды ў выбуховай справе. Эксперты ФСБ канстатавалі, што дакладна вызначыць прынцып дзеяння і спосаб падрыву не падаецца магчымым.
Расійскія спецыялісты таксама канстатавалі, што віцебскія прылады толькі ў адным былі падобныя з выбухоўкай, знойдзенай у Мінску ў ліпені 2008 года — усе яны былі закамуфляваныя ва ўпакоўкі з-пад якіх-небудзь напояў.
Экспертыза выявіла ідэнтычнасць прыпою на паяльніку з кватэры Канавалава і прыпою, знойдзенага на месцы выбуху 22 верасня.
У судзе над Канавалавым і Кавалёвым абвяшчаюць вынікі экспертызы
Эксперты абследавалі так званыя "палігон" і "лабараторыю" Канавалава ў Віцебску.
Вынікі экспертызы зачытаў 14 кастрычніка абвінаваўца Дзмітрый Цімафееў, перадае БЕЛТА. Па высновах экспертаў, прадметы, забраныя з месца, дзе Канавалаў ладзіў выпрабавальныя выбухі, і з яго склепа маюць агульнае паходжанне.
Эксперты абследавалі фрагменты труб, знойдзеных на месцы выпрабаванняў, а таксама з сутарэнняў. Акрамя таго, фрагменты фольгі з "палігона" маюць агульнае паходжанне з фольгай са склепа.
13 кастрычніка
Пры расследаванні справы па тэракце быў адменены адзін з ранейшых прысудаў
Гаворка ідзе аб прысудзе за падпал шапіка "Белсаюздрука" ў Віцебску.
Матэрыялы справы, абвешчаныя ў судзе 13 кастрычніка, паведамляюць, што за падпал шапіка ў раёне, дзе жыў Канавалаў, віцебскі суд у 2004 годзе асудзіў двух чалавек. Аднак, перадае БЕЛТА, атрыманая інфармацыя дазволіла аспрэчыць, што злачынства ўчынілі згаданыя асобы.
Прысуд па шапіку быў адменены, а справу накіравалі ў пракуратуру для правядзення новага расследавання.
Выбух увосень 2004 года зацікавіў міліцыю толькі праз год
У судзе над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым выступіў пацярпелы ад выбуху на чыгуначнай станцыі Грышаны.
14-гадовы падлетак Іван Калуцкі тады падарваўся на расцяжцы з запальнай вадкасцю. У падлетка было абпалена 10% цела. Цалкам абгарэлі твар, шыя, часткова левая рука і левая нага.
Па словах Калуцкага, якія перадае БелаПАН, у 2004 годзе яго ў міліцыю не выклікалі. Міліцыя падзеяй зацікавілася толькі праз год, пасля выбуху ў Віцебску 14 верасня 2005 года. Ні сам пацярпелы, ні яго бацькі ў міліцыю не звярталіся. Па словах хлопца, ён меркаваў, што ў міліцыю пра падзею павінны былі паведаміць медыкі.
13 кастрычніка ў судзе таксама дапыталі пенсіянера Уладзіміра Шалудкевіча. У жніўні 2004 года ён пераехаў на ровары аналагічную расцяжку каля станцыі Грышаны. Мужчына не атрымаў траўму, бо рухаўся хутка і выбух адбыўся ззаду.
Шалудкевіч спрабаваў выклікаць міліцыю. Але міліцыянты сказалі, па яго словах: "Ха-ха! Жывы? Добра, добра". Больш ён у міліцыю тэлефанаваць не стаў.
У судзе над "тэрарыстамі" працягваюць разглядаць віцебскія эпізоды
Адна са сведак распавядала пра выбух у пад'ездзе віцебскага дома.
Па словах жанчыны, якія перадае БЕЛТА, у міліцыю пасля выбуху яна не звярталася, бо ніхто не пацярпеў. Таксама ніхто з жыхароў пад'езду не звяртаўся ў ЖЭС: жыхары пад'езда самастойна памянялі пашкоджаныя шыбы.
Таксама ў судзе зачыталі паказанні адной са сведак наконт выбуху каля чыгуначнай станцыі Грышаны пад Мінскам. Па яе словах, ад выбуху ў 2004 годзе быў слуп агню вышынёй каля 15 м. Сведка на той момант працавала касіркай на станцыі Грышаны і жыла недалёка. Сёння жанчына пацвердзіла гэтыя сведчанні.
12 кастрычніка
Кавалёў працягвае адмаўляць некаторыя папярэднія паказанні
12 кастрычніка на судзе абвінаваўца Аляксей Стук пытаўся ва Уладзіслава Кавалёва пра супярэчнасці ў яго паказаннях.
Так, на адным і тым жа допыце 13 красавіка Кавалёў даваў розныя версіі з нагоды адбіткаў пальцаў Канавалава. Спярша ён сказаў, што Дзмітры паведаміў пра дактыласкапію 10 красавіка, а потым — па тэлефоне 9 красавіка. На судзе Кавалёў сказаў, што ён заблытаўся ў датах.
Таксама Кавалёў на пачатку следства апісаў адзін з элементаў выбуховага прыстасавання. Цяпер ён сцвярджае, што нічога не ведаў пра бомбу. Па яго сдлвах, яму паказалі малюнкі бомбы на следстве, перадае БЕЛТА.
Былі і іншыя несупадзенні. На следстве Кавалёў казаў, што закапаў траціл з-за ператрусу, які быў у Канавалавых пасля выбухаў 2005 года. На судзе ж ён сказаў, што траціл і рэчыва для выбухоўкі схаваў у 2006 годзе, бо "выйшаў з таго ўзросту".
Кавалёў адмовіў і некаторыя іншыя паказанні, дадзеныя на следстве. Ён патлумачыў, што быў напалоханы і "нёс усякае глупства". Таксама Кавалёў заявіў, што шмат якія паказанні ён прыдумаў.
За падпал шапіка, які закідаюць Канавалаву, ужо асудзілі двух чалавек
Пра гэта гаворыцца ў допыце Уладіслава Кавалёва, які агучылі ў сераду.
Як перадае interfax.by, Уладзіслаў Кавалёў сцвярджае, што Дзмітры Канавалаў распавёў яму пра падпал шапіка. Ён лічыць, што Канавалаў зрабіў гэта з хуліганскіх памкненняў.
Абарона знайшла разыходжанні ў матэрыялах справы Канавалава і Кавалёва
З хадайніцтвам выступіў адвакат Станіслаў Абразей.
Гаворка ідзе пра матэрыялы, якія тычацца супастаўнасці асобы і вопраткі Дзмітрыя Канавалава з падазраваным, якога зафіксавалі камеры відэаназірання ў метро.
У прыватнасці, 12 кастрычніка былі прадэманстраваныя стоп-кадры, знятыя 11 красавіка на станцыі "Фрунзенская", і следчага эксперыменту з Канавалавым на той жа станцыі. На першым стоп-кадры — чалавек з торбай у чорнай вопратцы, на другім — Канавалаў з торбай таксама ў вопратцы чорнага колеру. Адвака звярнуў увагу суда на тое, што на першым стоп-кадры куртка на падазроным шчыльна абліпае цела, на другім стоп-кадры відаць, што куртка, у якую апрануты Канавалаў, яму вялікая. Пры гэтым падчас следчага эксперыменту Канавалаў быў апрануты ў куртку, вынятую ў яго пасля затрымання.
Таксама абарона звярнула ўвагу, што рост чалавека з 11 красавіка не адпавядае росту Канавалава ў другім стоп-кадры, перадае БелаПАН.
У судзе былі абвешчаныя высновы Інстытута крыміналістыкі ФСБ Расіі. З іх вынікае, што немагчыма ацаніць партрэтнае падабенства з Канавалавым чалавека, знятага ў метро. Пры гэтым рост падазронага адпавядае росту Канавалава. Агульнымі з'яўляюцца хударлявы целасклад, гарбаватасць. Эксперты мяркуюць, вопратка Канавалава магла быць на падазроным, якога зафіксавалі відэакамеры.
У судзе над "тэрарыстамі" паказваюць відэазапіс з Віцебску
На відэа здымалася праверка паказанняў Кавалёва.
Згодна з відэазапісам, адзначае БЕЛТА, амаль усе месцы ў Віцебску, дзе адбываліся раннія эпізоды па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, знаходзяцца вельмі блізка адно ад аднаго. Гэта тыя месцы, дзе выраслі Канавалаў і Кавалёў.
У Віцебску Кавалёў падрабязна распавёў, як адбываўся выбух на фасадзе дзіцячай бібліятэкі. Таксама следчыя і абвінавачваны пабывалі на прыпынку, дзе Канавалаў, па словах Кавалёва, спрабаваў падпаліць шапік "Белсаюздруку". Наведалі яны і пад'езд, дзе Кавалёў і Канавалаў падрывалі ўзрыўпакет.
Уладзіслаў паказаў іншыя месцы, дзе адбыліся раннія эпізоды справы. Кавалёў удзельнічаў далёка не ва ўсіх з іх. Пра шматлікія выпадкі ён даведваўся ўжо пазней ад Канавалава.
11 кастрычніка
Пра ход судовага працэсу распавядае карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн:
Кавалёў паказваў следчым месца выпрабавальных выбухаў на ўскраіне Віцебску
Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах справы, якія зачытаў у судзе абвінаваўца Сяргей Мірончык.
Як перадае БЕЛТА, Кавалёў паказваў гэтыя і іншыя месцы падчас праверкі "віцебскіх" паказанняў на месцы. Гэта бязлюдныя месцы. Там, па словах Уладзіслава Кавалёва, падрываліся кавалкі дыперакісу ацэтону.
Следчыя і Кавалёў таксама пабывалі ў цэнтры горада — там, дзе 22 верасня 2005 года адбыўся выбух. У пратаколе адзначана, нібы Кавалёў паказаў яму месца, дзе было ўсталяванае выбуховае прыстасаванне.
У судзе па выбухах працягваюць зачытваць пратаколы допытаў
11 кастрычніка дзяржабвінаваўца Аляксандр Мірончык зачытваў пратаколы допытаў Уладзіслава Кавалёва.
З іх вынікае, што Дзмітры Канавалаў распавядаў прыяцелю пра выбух, зладжаны ў цэнтры Віцебску, перадае БЕЛТА. Паводле пратаколу, Кавалёў прызнае, што Канавалаў расказваў яму пра падкладзенае ў кветнік выбуховае прыстасаванне. Выбух, які там адбыўся, нібыта не задаволіў Канавалава, і ён хацеў зрабіць больш магутную прыладу.
***
У сталічным Доме правасуддзя працягваецца працэс па справе Канавалава-Кавалёва. Мяркуецца, што сёння зноў будуць дапытваць пацярпелых і сведкаў
10 кастрычніка
Кавалёў і Канавалаў разам чыталі рэцэпты выбухоўкі
Пра гэта Уладзіслаў Кавалёў казаў на папярэднім следстве.
Тэкст допыту зачытваў у судзе прадстаўнік абвінавачвання Дзмітрый Цімафееў, перадае БЕЛТА. У прыватнасці, па словах Кавалёва, у раздрукоўках быў рэцэпт аманалу. На следстве Кавалёў сцвярджаў, што раздрукоўкі былі ў Канавалава яшчэ да выбухаў 2005 года ў Віцебску. Кавалёў казаў, што ў 2004 годзе рабіў "эксперыментальныя выбухі". А выбухоўку для іх рабіў Канавалаў.
Таксама на допыце Кавалёў паведаміў, быццам Дзмітрый Канавалаў казаў, што збіраецца падарваць яшчэ адну бомбу ў Мінску.
Знаёмыя Кавалёва выступалі за "чысціню расы"
Пра такія знаёмствы Уладзіслаў Кавалёў сам распавядаў на папярэднім следстве.
Пратакол зачытваў сёння ў судзе па выбухах абвінаваўцаым Дзмітры Цімафееў. Так, на допыце 19 красавіка Кавалёў сказаў, што гэтыя хлопцы звалі сябе правымі фанатамі, але не былі нацыянал-сацыялістамі. Гэтыя знаёмцы Кавалёва апраналіся як скінхэды. У нейкі момант Уладзіслаў перастаў з імі кантактаваць.
Якое дачыненне гэтыя звесткі маюць да справы пра выбухі, не паведамляецца.
На гэтым допыце, як перадае БЕЛТА, Кавалёў сцвярджаў, што дае паказанні добраахвотна і без усялякага прымусу. Тады ён заявіў, што ведаў пра падрыхтоўку Канавалавым выбухаў у Віцебску, у Мінску ў 2008-м і 2011 годзе.
Таксама ў пратаколе ёсць сведчанні Кавалёва, што Канавалаў паказваў яму выбухоўку — цагліну з дыперакісу ацэтону. Канавалаў папярэджваў таварыша, што гэта небяспечнае рэчыва. Аднойчы Канавалаў штосьці рабіў з гэтай выбухоўкай дома на кухні, і рэчыва падарвалася проста на стале. На месцы выбуху ўтварылася дзірка, запісалі ў пратаколе следчыя.
У судзе выступіла сястра Уладзіслава Кавалёва
Дзяўчына распавяла, што маці не ўхваляла яго сяброўства з Дзмітрыем Канавалавым.
Сястра Кавалёва прыгадала, што ў іх раёне некалі згарэў аўтамабіль, які стаяў без нагляду. Вялікага значэння гэтаму дзяўчына тады не надавала. Па яе словах, у раёне кожны трэці — алкаголік, так што адбыцца можа ўсё што заўгодна.
Падпал гэтага аўтамабіля — адзін з віцебскіх эпізодаў, у якіх абвінавачваюць Канавалава. Гэты выпадак адбыўся ў першай палове 2000-х гадоў.
Віцебскі выратавальнік распавёў, як ён гасіў пажар у шапіку "Белсаюздруку" ў 2004 годзе. Падпалены шапік знаходзіўся ў раёне, дзе жыў Канавалаў, адзначае БЕЛТА.
Сусед Кавалёва Павел расказаў пра выпадак з расцяжкай, які ўжо згадваўся ў судзе. Па яго словах, іх кампанія з трох чалавек (у тым ліку і Кавалёў) наступіла на гэтую расцяжку. Кавалёў пабег на гару, якая была побач і дзе сядзелі некалькі чалавек. Вярнуўшыся, Уладзіслаў сказаў, што гэта "яго знаёмыя пажартавалі".
Сёння падчас допыту сведак суддзя Аляксандр Федарцоў зрабіў заўвагу адвакату Станіславу Абразею, які абараняе Кавалёва. Суддзя папрасіў, каб адвакат не задаваў рытарычных пытанняў, якія ўтрымоўваюць адказы, а толькі задаваў пытанні.
***
У сталічным Доме правасуддзя ў панядзелак мусіць аднавіцца працэс па справе Канавалава-Кавалёва.
У мінулую пятніцу на паседжанні былі заслуханыя паказанні віцебскіх сведкаў. Яны расказвалі аб эпізодах пачатку 2000-х гадоў. Гаворка ішла аб выбухах, пра якія стала вядома ўжо пасля арышту Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
7 кастрычніка
Канавалаў часта ўзрываў петарды ці ўзрыўпакеты ў сваім двары
Пра гэта сёння распавёў на судзе сведка Ілля — сусед Дзмітрыя Канавалава.
Па яго словах, калі ўзрывалася петарда, усе адразу думалі на Канавалава, перадае БЕЛТА. Ілля таксама бачыў, як Канавалаў засунуў петарду ці ўзрыўпакет у снежку і кінуў. Ён адзначыў, што астатнія аднагодкі ўзрывалі петарды ўзімку, перад Новым годам, а Канавалаў мог рабіць гэта і ўлетку. Сусед пацвердзіў, што ў Дзмітрыя было хобі — хімія.
Таксама Ілля паказаў, што прыкладна ў 2005-2006 гадах Канавалаў хацеў дастаць дамкрат. Нагадаем, што раней ужо згадваўся дамкрат, які быў у Канавалава, і на якім маглі быць сляды кампанентаў выбуховага рэчыва.
У судзе сёння таксама выступілі работнікі віцебскай бібліятэкі. Яны распавялі, што ў будынку было пашкоджаная шыба: расколіна ўздоўж шкла і прабітая адтуліна. Пра тое, што гэта вынік выбуху, бібліятэкаркі даведаліся толькі гэтым летам ад міліцыянтаў. Сведкі сказалі, што шыбы ў бібляітэцы білі неаднаразова.
Віцябляне не паведамлялі ў міліцыю пра выбух у сваім пад'ездзе
Гэта распавялі сёння ў судзе сведкі.
Міліцыя звярнулася да жыхароў пад'езда, дзе адбыўся адзін з выбухаў, згаданых у справе Канавалава і Кавалёва, толькі пасля тэракту 11 красавіка. Самі жыхары пра гэты інцыдэнт у міліцыю не паведамлялі, перадае БЕЛТА.
Па словах віцяблянаў, пры выбуху на пачатку 2000-х у пад'ездзе не было ні крыкаў, ні пажару. Як адзначыла адна з жанчын, усе вырашылі, што гэта выхадкі дзяцей. Іншая жыхарка пад'езду распавяла, што былі два выпадкі: першы раз — пажар, а праз два гады — выбух. Яна таксама пацвердзіла, што міліцыя даведалася пра выпадкі ў пад'ездзе толькі ў 2011 годзе, бо жыхары не паведамлялі пра інцыдэнты.
Суд адмовіўся вызваляць Уладзіслава Кавалёва з-пад варты
Пра гэта 7 кастрычніка хадайнічаў адвакат абвінавачанага Станіслаў Абразей.
Адвакат мяркуе, што ў матэрыялах справы няма аб'ектыўных доказаў віны Кавалёва. Абразей адзначыў, што выманне запісаў камер назірання вялося без панятых. Таму абарона прапанавала вызваліць абвінавачанага з-пад варты.
Адвакат згадаў пра станоўчыя характарыстыкі Кавалёва. Таксама ён згадаў, што Уладзіслаў на судзе казаў пра ціск з боку следства на стадыі папярэдняга расследавання.
Але суд, паводле інфармацыі БЕЛТА, адмовіўся задаволіць гэтае хадайніцтва. Суддзя спаслаўся на тое, што Кавалёва вінавацяць у саўдзеле ў цяжкіх злачынствах, якія пацягнулі смерць людзей.
Пры гэтым абвінавачванне адзначыла, што закон зусім не патрабуе канфіскоўваць відэа пры панятых.
6 кастрычніка
Уладзіслаў Кавалёў працягвае адмаўляцца ад ранейшых паказанняў
Зміцер Лукашук
Ён кажа, што следчыя змусілі яго агаварыць Дзмітрыя Канавалава.
Сёння адбываецца допыт Уладзіслава Кавалёва. Ён пацвердзіў, што разам з Канавалавым рабіў два выбухі ў Віцебску ў 2000-2002 гадах. Адзін з іх адбыўся ў сутарэнні жылога дома, другі — у віцебскай бібліятэцы. Ад іх, кажа Кавалёў, толькі выбіла шкло.
Суддзя папрасіў Кавалёва распавесці пра расцяжку з гаручай сумессю, ад якой абгарэў чалавек. Прызнанне пра гэта ёсць у допытах Кавалёва. Аднак Уладзіслаў заявіў, што пра гэты выпадак ён даведаўся толькі ад следчага, калі сядзеў у СІЗА КДБ. Той, па словах Кавалёва, псіхалагічна ціснуў на яго, каб хлопец прызнаўся, што чуў ад Канавалава пра гэта. Тое самае тычыцца і гісторыі са спаленым у Віцебску шапіку "Саюздруку" і згарэлай у віцебскім двары машыны.
Кавалёў напісаў заяву на імя старшыні КДБ
Гэта адбылося падчас папярэдняга следства.
У заяве, як паведамляе БЕЛТА, Уладзіслаў Кавалёў адзначае, што не паведаміў у праваахоўныя органы пра планы Дзмітрыя Канавалава, бо баяўся крымінальнай адказнасці.
Кавалёў заявіў, што добраахвотна хоча працягнуць супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі і распавесці ўсё, што яму вядома пра выбухі ў 2005 годзе ў Віцебску і 2008 годзе ў Мінску. Кавалёў прызнаўся, што ведаў пра датычнасць Канавалава да гэтых злачынстваў.
Акрамя заявы Кавалёва сёння ў судзе дзяржабвінаваўца зачытваў судова-біялагічныя і медыка-крыміналістычныя экспертызы. Гэтыя дакументы яшчэ раз даказваюць, што людзі ў метро загінулі ад выбуху.
***
Сёння працягнулася агучванне матэрыялаў справы. Нагадаем, што следства перадало ў суд 550 тамоў матэрыялаў.
5 кастрычніка
Бацька пацярпелага ацэньвае шкоду ад выбуху ў 500 тысяч еўра
Такую ацэнку мужчына даў на сённяшнім паседжанні суда па выбуху ў метро.
Па яго словах, сын з сябрам сядаў у першы вагон метро, калі адбыўся выбух. На хлопцах аплавілася вопратка. Сын мужчыны быў увесь у аскепкавых раненнях. Праз выбух хлопец стаў інвалідам. Дагэтуль у яго целе каля 10 аскепкаў, якія зайшлі занадта глыбока.
Лекары выратавалі хлопцу зрок, але яго яшчэ чакае аперацыя па перасадцы рагавіцы на пашкоджаным воку, а таксама імплантацыя штучнага крышталіка. Праўда, гэта адновіць зрок толькі часткова, адзначае БЕЛТА.
Бацька пацярпелага ацаніў шкоду здароўю і маральную шкоду ў суму не меней за 500 тысяч еўра. У той жа час ён адзначыў, што гэта ў прынцыпе нельга ацаніць у грошах.
***
У мінскім “Доме правасуддзя” працягваецца працэс Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Іх абвінавачваюць у арганізацыі выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года, а таксама ў выбуху на Дзень незалежнасці 3 ліпеня 2008 году і шэрагу выбухаў у Віцебску.
На сённяшнім паседжанні запланаваны допыт сведак.
4 кастрычніка
Пацярпелы ад выбуху ў метро хацеў кампенсацыю ў 160 млн рублёў
Пра такую суму маральнай і матэрыяльнай шкоды заявіў на папярэднім следстве пацярпелы Чэпікаў.
Пратакол яго допыту зачыталі ў судзе 4 кастрычніка, перадае БелаПАН. Падчас выбуху Чэпікаў быў у вагоне. Выбухам яму пашкодзіла барабанныя перапонкі. Атрыманыя траўмы эксперты кваліфікавалі як "лёгкія целавыя пашкоджанні з разладам здароўя".
Гэта самая вялікая шкода, дагэтуль заяўленая кімсьці з пацярпелых. У аўторак у судзе называліся сумы ў 3 млн, 3,5 млн і 5 млн рублёў. Аднак яны датычылі толькі матэрыяльнай шкоды.
Пры гэтым шмат хто з пацярпелых казаў пра атрыманыя псіхалагічныя траўмы. У прыватнасці, яны сталі баяцца спускацца ў метро.
У судзе заслухалі паказанні 80 пацярпелых ад выбуху ў метро
Зачытваў іх дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Миірончык. Таксама ён зачытаў экспертызу атрыманых імі траўмаў.
Пацярпелыя аздначалі, што шмат хто з іх атрымаў траўмы не ад выбуховай прылады, а ад падзення на іх канструкцый са сцен ды столі, а таксама самой столі над эскалатарам, перадае БелаПАН.
Адна з пацярпелых бачыла, як над галавой праносіліся металічныя прадметы, таму была вымушаная нахіліцца. Іншая бачыла, як выбухам быў выдраны кавалак сцяны. Шмат пацярпелых распавядалі на следстве пра часовую страту памяці.
Эксперты зафіксавалі ў пераважнай большасці пацярпелых "лёгкія цялесныя пашкоджанні з разладам здароўя". Прыкладна палова пацярпелых звярнулася па меддапамогу на наступны ці праз некалькі дзён пасля выбуху.
Сумы шкоды, заяўленыя пацярпелымі на следстве, складаюць ад некалькіх дзясяткаў тысяч да некалькіх мільёнаў рублёў. Яны залежалі ад ступені пашкоджання вопраткі, а таксама ад таго, ці былі на станцыі страчаны нейкія рэчы.
Пацярпелы ад выбуху ў метро распавёў пра марадзёраў
Па яго словах, міліцыя затрымала марадзёра з яго кашальком і дакументамі.
Паводле інфармацыі БЕЛТА, пацярпелы распавёў, што пры выбуху ў яго згарэла вопратка, ён страціў кашалёк і г.д. Гэты кашалёк і дакументы міліцыя выявіла ў затрыманага марадзёра. Ён не ўдакладніў, калі адбылося гэтае затрыманне.
Нагадаем, што судовы працэс па выбуху ў метро ідзе ў мінскім Доме правасуддзя.
***
Сёння ў “Доме правасуддзя” адновіцца працэс Канавалава-Кавалёва. Плануецца, што абвінавачванне працягне агучваць паказанні пацярпелых. Большасць з іх не прымае удзелу ў працэсе. Раней яны напісалі заявы, каб гэтыя матэрыялы разглядаліся ў іх адсутнасць.
Паводле ацэнак юрыстаў, суд па справе аб выбуху ў мінскім метро працягнецца яшчэ не адзін тыдзень. Справа ўтрымлівае 550 тамоў матэрыялаў. Толькі ў якасці пацярпелых па ёй праходзяць некалькі соцень чалавек.
3 кастрычніка
Суд працягнецца ў аўторак.
На судзе аб тэракце ў метро зачыталі паказанні 125 пацярпелых
Апроч таго, суд сёння на паседжанні быў азнаёмлены з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы аб нанесеных людзям пашкоджаннях у выніку выбуху.
Самі пацярпелыя ў дом правасуддзя не з’явіліся — раней яны напісалі заявы, каб гэтыя матэрыялы разглядаліся ў іх адсутнасць, перадае БелаПАН. Асноўная частка гэтых пацярпелых знаходзілася каля другога вагона цягніка ці ў самім вагоне. Гэта была зона паражэння выбуховага прыстасавання.
Згодна з заключэннем судмедэкспертаў, каля 40 чалавек атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. У прыватнасці, адзін з пацярпелых аслеп на адно вока, яшчэ адзін пазбавіўся абедзвюх ног, а адна з пацярпелых жанчын страціла адну нагу.
На судзе па выбуху ў метро паказалі відэазапісы агляду вагонаў
Пацярпелым не дазволілі асабіста агледзець вагоны.
У паняязелак на судзе паказалі некалькі відэазапісаў з агляду цягніка, каля якога адбыўся выбух.
Як інфармуе БЕЛТА, на здымках відаць, што ў вокнах пярэдніх вагонаў няма шыбаў. Асабліва гэта датычыць другога па ліку вагона ў цягніку. Гэты вагон быў прызнаны рэчавым доказам. Усярэдзіне вагона хаатычна раскіданыя паперы, кнігі, галаўныя ўборы, мабільныя тэлефоны, металічныя шарыкі, элементы ўнутранай абшыўкі, аскепкі ды інш.
Некаторыя пацярпелыя хадайнічалі, каб ім дазволілі асабіста агледзець вагон. Суд адхіліў хадайніцтва пад нагодай таго, што такі агляд можа адмоўна адбіцца на псіхіцы пацярпелых.
Нагадаем, што суд праходзіць у мінскім Доме правасуддзя.
29 верасня
На судзе паказалі вочную стаўку Дзмітрыя Канавалава і Яны Пачыцкай
Цяпер Пачыцкая праходзіць сведкай, але напачатку расследавання была ў ліку падазроных.
Ёй і Канавалаву 29 красавіка зладзілі вочную стаўку, перадае interfax.by. На стаўцы выявілася, што Канавалаў пасля выбуху шмат піў, абмяркоўваў гэтую падзею, але не спаў, як лічылася раней.
Пачыцкая падчас вочнай стаўкі паказала, што Канавалаў загадзя планаваў адлучыцца ў панядзелак у 5 гадзін вечара. Таксама яна адзначыла, што Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў адкрывалі сумку і шапталіся, знаходзячыся ў пакоі за фіранкай.
Сам Канавалаў абверг сведчанні дзяўчыны і сказаў, што за фіранкай быў адзін, а Кавалёва там не было. Дарэчы, Кавалёў на вочнай стаўцы пацвердзмў словы Пачыцкай.
На відэа вочнай стаўкі Канавалаў практычна нічога не кажа, пераважна ківае ці матляе галавой замест "так" і "не".
ФСБ: Выбуховае прыстасаванне ў мінскім метро працавала ад пульта
Такую выснову экспертызы ФСБ Расіі абвясціў сёння на судзе дзяржабвінаваўца Аляксандр Мірончык
Як перадае БЕЛТА, пра пульт казаў у сваіх паказаннях на следстве асноўны абвінавачаны Дзмітры Канавалаў. Ён тлумачыў, што выкарыстоўваў бесправадны званок, у якім выдаліў дынамік.
Эксперты ФСБ пацвердзілі, што выбуховае прыстасаванне прыводзілася ў дзеянне бесправадным пультам. Сама бомба, на думку расійскіх спецыялістаў, была самаробным выбуховым прыстасаваннем электрычнага тыпу і аскепкава-фугаснага дзеяння. Маса зарада, падарванага ў метро, складала каля 12,5 кг.
Апроч таго, у экспертызе гаворыцца, што на адлегласці да 35 м ад цэнтра выбуху на адкрытай мясцовасці ад такой бомбы людзі могуць атрымаць баратраўмы, у тым ліку смяротныя.
***
Сёння 11-ты дзень працэсу Канавалава-Кавалёва.
28 верасня
Канавалаў за хвіліны сабраў імітацыю выбухоўкі з лямпачкі, дражэ і макарон
Следчы эксперымент ладзіўся 20 красавіка.
Падчас яго Дзмітры Канавалаў зрабіў імітацыі выбуховага рэчыва і выбуховага прыстасавання, паведамляе interfax.by. У пратаколе адзначае, што выбуховыя рэчывы былі замененыя імітатарамі.
Спярша Канавалаў паказаў, як зрабіў выбухоўку, ужытую ў метро 11 красавіка. Для гэтага ён выкарыстоўваў ацэтон, гідраперыт, серную кіслату, аміячную салетру, уратрапін, пластылін, скотч. На выраб яму спатрэбілася 27 секундаў.
Потым Канавалаў зрабіў з лямпачкі дэтанатар. Змясціў яго ў 5-літровую бутэльку з рэчывам, прыматаўшы пакет з паражальнымі элементамі. Іх ролю ў эксперыменце выконвалі цукеркі дражэ, макароны і спагецці. У цэлым на падрыхтоўку да дзеяння выбуховага прыстасавання Канавалаву спатрэбілася не больш за паўгадзіны.
Падчас эксперыменту Канавалаў паведаміў, што рэчыва і дэтанатар ён вырабіў чатыры дня назад і захоўваў у склепе ў Віцебску.
У Канавалава знайшлі хімрэактывы, розныя прыборы і запісы з формуламі
Усё гэта знайшлі ў скляпенні, якое займаў Дзмітры Канавалаў.
У судзе па выбуху ў метро 28 верасня зачыталі пратаколу агляду памяшкання, перадае БЕЛТА. У дакуменце сярод іншага пералічваюцца пакеты з аміячнай салетрай, таблеткі гідраперыту, лісткі з формуламі і схемамі, медыцынская маска, свёрдлы, вогнетушыцелі ды інш. Адну са знаходак ідэнтыфікавалі як дэтанатар.
Абвясцілі абвінаваўцы і пратакол ператрусу 13 красавіка ў кватэры, дзе жыў Канавалаў. Адтуль забралі сістэмны блок ад камп'ютара, фотаапарат, некалькі флэш-картак, два фотаальбомы, кардонныя скрынкі з гайкамі, цвікамі і г.д.
Нагадаем, што сёння суд пра выбух у метро ідзе ўжо дзясяты дзень.
Сёння 10-ы дзень працэсу Канавалава-Кавалёва
У судзе будуць вывучаць новыя дакументы, апытваць пацярпелых і сведак.
Працэс аднавіўся аб 11-й гадзіне ў "Доме правасуддзя".
27 верасня
Адвакаты хочуць ведаць, хто наведваў Канавалава і Кавалёва ў СІЗА КДБ
З такім хадайніцтвам звярнуўся адвакат Кавалёва Станіслаў Абразей.
Як павеадмляе БелаПАН, адвакат хоча атрымаць журнал наведванняў абвінавачаных падчас іх знаходжання ў СІЗА КДБ і на абследаванні ў цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках.
На гэта суддзя Аляксандр Федарцоў сказаў, што ў суда ёсць тры дні на разгляд гэтага хадайніцтва.
Варта адзначыць, што раней на судовым працэсе Кавалёў заяўляў, што і ў СІЗА КДБ, і ў псіхіятрычнай лякарні яго дапытвалі без пратаколу і без адваката.
Канавалаў распавядаў сябрам у Віцебску пра датычнасць да "нейкіх выбухаў"
Пра гэта распавяла ў судзе Наталля Каралёва, якая сябравала з Канавалавым у 2006—2008 гадах.
Па яе словах, якія перадае БелаПАН, недзе ўвосень 2008 года ў іх зайшла гутарка пра выбух у Мінску на Дзень Незалежнасці. Канавалаў сказаў, што баіцца здаваць адбіткі пальцаў, "што ў яго дзесьці адбіткі засталіся, што зразумеюць, што ён датычны да выбуху". Да якога канкрэтна выбуху, цяпер Каралёва не памятае. Словы Канавалава яна прыняла за жарт, не думала, што ён на такое здольны. Пры гэтым абое былі нападпітку.
У пратаколах следства адзначана, што Каралёва наварыла пра выбухі ў Віцебску і Мінску. Аднак сама дзяўчына заяўляе, быццам некалькі разоў падчас следства казала, што не памятае, ці называў Канавалаў канкрэтныя месцы выбухаў. Тым не менш у пратаколах гэта ўсё засталося.
Пры расследаванні выбуху ў метро некаторым сведкам нават не прапанавалі апазнаць Канавалава
У прыватнасці, пра гэта ў судзе заявіла супрацоўніца фірмы па арэндзе кватэраў Таццяна Вараўка.
Па яе словах, якія перадае БелаПАН, 10 красавіка ў агенцтва патэлефанаваў, а потым і прыехаў малады мужчына. Ён сказаў, што яму трэба кватэра на трое сутак. Ён прад'явіў пашпарт на імя Дзмітрыя Канавалава. Мужчына заплаціў ёй 300 тысяч рублёў, пасля гэтага Вараўка выдала ключы ад кватэры на вуліцы Караля.
У зале суда жанчына не змагла апазнаць Канавалава. Яна адзначыла, што падчас допытаў на папярэднім следстве ёй Канавалава апазнаць не прапанавалі. І нават калі яна сама прапанавала следчым правесці працэдуру апазнання, тыя заявілі, што такой неабходнасці няма.
Віцебскі таксіст апазнаў на судзе Канавалава
Віцеблянін, які працаваў у красавіку таксоўцам, выступаў сёння ў судзе як сведка.
Ён кажа, што ў свой першы працоўны дзень у фірме вёз Канавалава на віцебскі вакзал. Таксовец дапамагаў пасажыру ставіць сумку ў багажнік і даставаць яе. Па ацэнцы віцебляніна, яна важыла 20-25 кг. Па дарозе Канавалаў не размаўляў з таксоўцам, перадае БЕЛТА.
Суд па справе пра выбух у метро ідзе сёння ўжо дзевяты дзень.
26 верасня
У судзе па выбуху ў метро паказалі здымкі следчага эксперыменту
Падчас яго следства рэканструявала дзеянні Канавалава ўвечары 11 красавіка ў метро і на вуліцах горада.
Як перадае БЕЛТА, следчы эксперымент пачаўся на "Фрунзенскай". Канавалаў і група супрацоўнікаў праваахоўных органаў зайшлі ў спецыяльна падагнаны пусты цягнік. Эксперымент ладзіўся ў начны час у прысутнасці адваката.
Калі электрычка прыбыла на "Купалаўскую", Канавалаў паказаў, як ён ішоў далей. Пры гэтым у яго ў руках з самага пачатку эксперыменту была сумка, падобная па вазе і габарытах да той, з якой Канавалаў быў 11 красавіка. На відэа абвінавачаны распавядае следчым, як ён нёс сумку да месца выбуху, колькі людзей ён бачыў на "Кастрычніцкай", як выглядаў пульт ад самаробнага выбуовага прыстасавання і г.д.
Канавалаў распавёў, якім маршрутам сыходзіў са станцыі пасля выбуху і зноў прайшоў па гэтым шляху. У прыватнасці, ён мінуў Дом афіцэраў, будынкі ЦК БРСМ, цырка, Палаца прафсаюзаў, Палаца Рэспублікі, ратушы, затым уздоўж праспекта Пераможцаў і г.д.
У раёне Кастрычніцкай плошчы, як паведамляецца, Канавалаў рабіў прыпынак, каб паглядзець, што адбываецца каля ўваходу на станцыю метро. Таксама Канавалаў заявіў, што выкінуў пульт ад бомбы ў сметніцу каля аддзялення аднаго з банкаў.
Суд па выбуху ў метро можа скончыцца ў сярэдзіне лістапада
Разгляд справы пра выбухз у метро плануецца завяршыць на працягу двух месяцаў ад пачатку слуханняў.
Пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, інфармуе БЕЛТА. Па яго словах, судовыя працэсы такога характару па працягласці плануюцца, складаюцца графікі на кожны дзень, кожны тыдзень. Калі не адбудзецца нічога неардынарнага, суд павінен за два месяцы завяршыць разгляд гэтай справы, кажа Сукала.
Нагадаем, што суд над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым пачаўся 15 верасня. Асноўнага фігуранта — Канавалава — вінавацяць больш як па 30 эпізодах, а Кавалёва — па 15 эпізодах.
Экспертыза ФСБ Расіі пацвердзіла, што на камерах метро зняты Канавалаў
Эксперты расійскага ФСБ дапамагалі папярэдняму расследаванню справы пра выбух у метро.
На іх думку, на відэахзапісах з мінскага метро зняты Дзмітры Канавалаў. Пра гэта стала вядома 26 верасня ў судзе падчас абвяшчэння дакументаў з матэрыялаў справы, перадае БЕЛТА.
Гаворка ідзе і пра параўнальнае даследаванне відэазапісаў, зробленых камерамі назірання 10 і 11 красавіка на станцыях "Фрунзенская", "Купалаўская" і "Кастрычніцкая".
Следчыя папрасілі Канавалава перапрануцца ў вопратку і абутак, канфіскаваныя ў яго пасля затрымання. Яго адвезлі на станцыю "Фрунзенская", дзе следчыя прасілі яго станавіцца ў тых жа месцах і ў тых жа позах. Гэтыя фотаздымкі і відэазапісы параўноўваліся са здымкамі 10-11 красавіка. Расійскія эксперты прыйшлі да высновы, што перад выбухам у метро камеры зафіксавалі Канавалава.
***
Сёння 8-ы дзень працэсу Канавалава-Кавалёва. Паседжанне аднавілася аб 11-й гадзіне ў мінскім “Доме правасуддзя”.
23 верасня
У працэсе аб'яўлены перапынак да панядзелка, 26 верасня.
Бацькі Канавалава з'явяцца на працэсе ў якасці сведак
Аднак пакуль невядома, калі гэта адбудзецца.
Як паведаміў суддзя Аляксандр Федарцоў, бацькі Дзмітрыя Канавалава былі дапытаныя ў якасці сведак і прыцягваюцца да працэсу. Паводле яго слоў, яны з’явяцца ў судзе, аднак “не сёння і не заўтра”, паведамляе БелаПАН.
Варта адзначыць, што на ўсіх пасяджэннях суда прысутнічае маці Уладзіслава Кавалёва. Яна сядзіць у апошнім радзе ў зале побач з чалавекам у цывільным. Нагадаем таксама, што бацька галоўнага падазраванага Дзмітрыя Канавалва пасля затрымання сына таксама правёў некаторы час ў СІЗА, аднак пазней яго адпусцілі.
Камеры назірання ў метро падрабязна паказваюць рух Канавалава і Кавалёва
У судзе па выбуху ў мінскім метро праглядаюць відэазапісы з камераў назірання ў метрапалітэне і на вакзалах Мінску і Віцебску.
Як перадае Іnterfax.by, даволі высокая якасць запісу дазваляе стварыць поўную карціну руху абвінавачваных за 10-11 красавіка 2011 года.
Зранку 10 красавіка на віцебскім вакзале Дзмітры Канавалаў спакойна некалькі хвілін сядзіць у пачакальнія. Каля яго — сумка, дзе меркавана знаходзіцца выбухоўка. Ён п'е каву і чакае аб'явы пра пасадку. Па намаганнях, якія ён прыкладае для ўздымання сумкі, яна можа важыць 15 кг.
У судзе даследуюцца запісы з мінскага чыгуначнага вакзала, дзе сустрэліся Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Падрабязна паказваецца іх рух на станцыю метро "Фрунзенская" і "выпрабавальны" выезд Канавалава на станцыю метро "Кастрычніцкая".
На відэа 11 красавіка яму відавочна цяжэй, чым у папярэдні дзень, несці торбу.
***
Смяротная кара — занадта гуманнае пакаранне за тэракт у метро. Такую заяву сёння зрабіла сястра адной з загінулых падчас выбуху на станцыі "Кастрычніцкая". У сталічным Доме правасуддзя працягваецца працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым. Найбольш цяжкі эпізод справы — выбух у метро 11 красавіка сёлета. Канавалаву пагражае смяротнае пакаранне, нагадвае БЕЛТА.
Сястра загінулай таксама адзначыла, што мае прэтэнзіі і да метрапалітэна. Справа ў тым, што выбухам жанчыну адкінула на супрацьлеглы пуць і там яе цела пераехаў цягнік.
22 верасня
Сведка: Канавалаў казаў, што 11 красавіка яму трэба будзе кудысьці схадзіць
На судзе па выбуху ў мінскім метро ідзе допыт сведкаў і пацярпелых.
Некаторыя з пацярпелых патрабуюць, каб Дзмітрыя Канавалава прысудзілі да смяротнага пакарання, а Уладзіслава Кавалёва — да пажыццёвага.
Сярод іншых апытвалі дзяўчыну Яну, затрыманую на кватэры разам з Канавалавым і Кавалёвым, інфармуе БЕЛТА. Яна распавяла, што 10 красавіка Канавалаў казаў, быццам у панядзелак 11 красавіка яму трэба будзе адысці кудысьці ў 17.00. Ужо 11 красавіка, перад сыходам, Канавалаў сказаў, што не будзе шмат піць спіртнога, бо яму трэба было ісці.
Увечары 11 красавіка, ужо пасля вяртання Дзмітрыя, Яна з хлопцамі глядзела рэпартажы пра выбух. Кампанія абмяркоўвала, чаму гэта магло адбыцца.
Яна кажа, што на кватэры яны разам былі да затрымання ўвечары 12 красавіка. Дзяўчына сказала, што ў дзверы хтосьці настойліва званіў, але Канавалаў не адчыняў. Дзяўчына падумала, што гэта гаспадыня. Дзмітры паглядзеў у вочка, не сказаў, хто знаходзіцца за дзвярыма, але пачаў бегаць. Неўзабаве дзверы ўзламалі, і ў кватэры з'явіліся міліцыянты з аўтаматамі. Кавалёў тым часам спаў.
Па словах дзяўчыны, Канавалаў пытаў яе, што яна б зрабіла, калі б ёй засталося мала жыць. Яна спытала, ці ёсць у хлопца нейкія сур'ёзныя захворванні. Дзмітры адказаў, што няма.
Дзмітрый Канавалаў пазнаў сябе на здымках з камераў мінскага метро
Пра гэта сведчыць пратакол аднаго з допытаў, які сёння абвяшчаюць у судзе.
Нагадаем, што ў мінскім Доме правасуддзя працягваецца суд па выбуху ў метро 11 красавіка. Асноўны абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў адмаўляецца даваць паказанні, таму на працэсе зачытваюцца пратаколы следства.
Следчыя паказвалі Канавалаву розныя кадры з камер відэаназірання, на якіх ён пазнаваў сябе. На некаторых быў і Кавалёў. Апошнія здымкі датуюцца 10 красавіка. На кадрах зафіксавана, як Канавалаў і Кавалёў ехалі ў метро з вакзала. Яны везлі з сабой сумку з выбуховым прыстасаваннем.
Таксама на здымках зафіксаваны шлях Канавалава 11 красавіка да месца выбуху з той жа сумкай. Ён апазнаў сябе і на здымках камер, усталяваных на вуліцы каля ўваходаў на станцыі "Кастрычніцкая" і "Купалаўская". Гэтыя здымкі былі зробленыя 11 красавіка пасля выбуху. Канавалаў растлумачыў, што выйшаў тады з мятро і пешшу дайшоў да арандаванай кватэры, інфармуе БЕЛТА.
21 верасня
Бацьку адной з пацярпелых ад тэракту ў мінскім метро затрымалі ўвечары 20 верасня
Прычыны, па якіх затрымалі Аляксандра Крутога, невядомыя.
На судзе па справе пра тэракт у мінскім метро ён прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, пацярпелай падчас выбуху 11 красавіка. Як інфармуе БелаПАН, бацька затэлефанаваў дачцэ каля 20 гадзін і сказаў толькі, што яго затрымалі і даставілі ў Маскоўскае РУУС. Прычыны затрымання сваякі даведацца не могуць.
Невядома таксама, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандр Крутой — ці дагэтуль у Маскоўскім РУУС, ці ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Нагадаем, менавіта Аляксандр Крутой хадайнічаў пра перанос суда да адмены смяротнай кары ў Беларусі, пра стварэнне інстытута прысяжных заседачоў і ўвядзення іх у працэс.
Інэса Крутая сёння ўпершыню прыйшла на паседжанне суда. Яна хоча папрасіць у суддзі прыпыніць працэс, пакуль яе бацька не будзе зноў дапушчаны ў суд у якасці яе прадстаўніка. Сама дзяўчына наведваць суд не можа, бо атрымала сур'ёзныя траўмы падчас тэракту.
Дзмітрый Канавалаў на допыце заяўляў пра катаванні
Падчас допыту 18 красавіка ён адмовіўся ад дадзеных раней паказанняў.
Ён адмовіўся ад таго, што меў дачыненне да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе. Следчаму ён заявіў, што прызнаўся ў гэтых злачынствах пад ціскам міліцыянтаў пасля затрымання 12 красавіка. На пытанне следчага, у чым быў ціск, Канавалаў адказаў, што было ўжыванне гвалту, перадае БелаПАН.
Ён распавёў, што два міліцыянты паклалі яго на жывот, рукі ў наручніках зацягнулі пад скрыжаваныя ззаду ногі. Па словах Канавалава, яму сказалі, каб ён даў паказанні па выбухах у Мінску ў 2011 і 2008 гадах і ў Віцебску ў 2005-м.
Разам з тым на гэтым жа допыце Канавалаў заявіў, што прызнае сваю датычнасць да выбухаў у Мінску ў 2008 і 2011 гадах.
Бацькі Канавалава не здагадваліся пра яго захапленне выбухоўкай
У мінскім Доме правасуддзя працягваецца прагляд відэазапісаў з допытаў Дзмітрыя Канавалава.
На допыце 13 красавіка ён заявіў, што бацькі не ведалі пра яго захапленне выбухоўкай, перадае БЕЛТА. Таксама Канавалаў заявіў, што рэчывы для бомбы, узарванай у метро, ён захоўваў у сябе дома ў тумбачцы. Следчы здзівіўся, як магло столькі кампанентаў змясціцца ў адну тумбачку. На гэта Канавалаў адказаў, што ўсё змяшчалася. Ён таксама адзначыў, што бацькі не бачылі гэтых рэчываў.
Нагадаем, што 20 верасня Канавалаў адмовіўся даваць сведчанні, скарыстаўшыся канстытуцыйным правам не сведчыць супраць сябе.
20 верасня
З 2007 года Канавалаў зрабіў каля 15 кг розных выбуховых рэчываў
Гэта вынікае з матэрыялаў яго допыту, праведзенага 15 чэрвеня.
Пратакол допыту зачытвалі 20 верасня на судовым працэсе па справе пра тэракт у мінскім метро, інфармуе БелаПАН.
Як патлумачыў Канавалаў, ён зрабіў прынамсі адзін кілаграм трыперакісу ацэтону, прычым рабіў яго не менш за 10 разоў. Таксама ён зрабіў каля 14 кг аматрапіну А. Гэтыя выбуховыя рэчывы выкарыстоўваліся падчас выбухаў у Мінску ў 2008 і 2011 гадах. У прыватнасці, для выбуху ў метро 11 красавіка было скарыстана каля 10 кг аматрапіну і трыперакіс ацэтону.
Канавалаў казаў, што на пачатку 2010 года ён зрабіў каля 20 г рэчывы СDМА. Гэтае рэчыва ён не выкарыстоўваў, планаваў падарваць яго ў якасці эксперыменту пад Віцебскам у раёне станцыі Грышаны.
На следстве Канавалаў прызнаваўся ў выбухах у Мінску і Віцебску
На допыце 13 красавіка Дзмітрый Канавалаў прызнаўся, што зрабіў выбухі ў мінскім метро і ў ноч на 4 ліпеня 2008 года.
Таксама ён прызнаўся, што ўчыніў выбухі ў верасні 2005 года ў Віцебску. Відэазапіс гэтага допыту праглядаюць сёння ў судзе, перадае БЕЛТА.
На пытанне, як менавіта бомба была прыведзеная ў дзеянне ў метро, Канавалаў кажа: "Націснуў на кнопку". Пра мэту тэракту ён тлумачыць, што жадаў "дэстабілізаваць становішча ў Рэспубліцы Беларусь". Гэтую фразу падчас допыту ён паўтарае некалькі разоў.
Следчы пацікавіўся, адкуль Канавалаў узяў рэчывы, каб зрабіць выбухоўку. Той гаворыць, што купіў у крамах і на рынках. Схему выбуховага прыстасавання ён знайшоў на адным з інтэрнэт-сайтаў.
У 2008 годзе Канавалаў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам
Пра гэта 20 верасня на судзе заявіў Уладзіслаў Кавалёў.
Узімку 2008 года Канавалаў патэлефанаваў Кавалёву і паведаміў, што ўскрыў сабе вены. Як перадае БелаПАН, Кавалёў прыехаў да сябра і ўбачыў, што ў яго перабінтаваны запясці рук. Матывы сваіх дзеянняў Канавалаў не растлумачыў. Яго сябар выказаў здагадку, што ў Канавалава была дэпрэсія.
Таксама Кавалёў сказаў, што пасля тэракту ў мінскім метро Канавалаў збіраўся пакончыць з сабой і паказваў таблеткі жоўтага колеру з атрутным рэчывам. Наколькі рэальныя былі намеры скончыць з сабой, Кавалёў не ведае.
У судзе па выбуху ў метро галоўны абвінавачаны адмовіўся гаварыць
Дзмітры Канавалаў 20 верасня адмовіўся даваць сведчанні ў судзе па справе пра выбух у мінскім метро
Як перадае БЕЛТА, Канавалаў адмовіўся тлумачыць прычыны свайго ўчынку. Ён заявіў, што выкарыстоўвае сваё права.
19 верасня
Канавалаў задумаў выбух у метро адразу пасля войска?
Пра гэта паведаміў на папярэднім следстве Уладзіслаў Кавалёў. Пратакол допыту з гэтай заявай зачытаў у судзе пракурор.
Як перадае БЕЛТА, на допыце Кавалёў сказаў, што даведаўся пра планы Дзмітрыя Канавалава пра выбух у метро яшчэ да красавіка 2011 года. Нібыта, спачатку Канавалаў збіраўся зрабіць выбух не на станцыі, а ў вагоне. Для гэтага ён нават выкраў пэўныя прадметы ў вайсковай часці, дзе служыў. Па словах Кавалёва, Канавалаў, верагодна, не паспеў выкарыстаць гэтыя прадметы.
У допыце з'яўляюцца і новыя дэталі з нагоды выбуховага прыстасавання, скарыстанага ў метро. Кавалёў сказаў, што ў бомбе быў "чорны будзільнік". Акрамя таго, прыстасаванне ў метро адрознівалася ад папярэдніх вырабаў Канавалава. Там было скарыстана іншае рэчыва, чым у папярэдніх выпадках, заяўляў на допыце Кавалёў.
Абвінавачаны ў тэракце Кавалёў марыў зарабіць мільён долараў
Пра гэта ён паведаміў сёння, адказваючы на пытанні суддзі.
Як перадае БЕЛТА, Уладзіслаў Кавалёў адвёў сабе на выкананне гэтай мэты ад 5 да 10 гадоў. Ён планаваў адкрыць сваю справу, вывучаў фондавы рынак. Кавалёў паведаміў, што вывучаў працы розных псіхолагаў, што дазволіла часткова выпрацаваць псіхалагічную ўстойлівасць.
Акрамя таго, ён па-ранейшаму адмаўляе частку паказанняў, спасылаючыся на ціск з боку следства.
У судзе па выбуху ў метро праглядаюць відэа з допытаў
У прыватнасці, праглядаюць відэазапіс допыту Ўладзіслава Кавалёва.
Ён паведаміў, што Дзмітры Канавалаў здзейсніў тэракт у метро 11 красавіка, разумеючы, што рана ці позна яго пасадзяць.
Як інфармуе БЕЛТА, на допыце Кавалёў таксама прызнаўся, што 10 красавіка Канавалаў паказваў яму змесціва сваёй сумкі. Там нібыта былі дзве пластыкавыя вялікія пяцілітровыя бутэлькі з выбуховым рэчывам. Акрамя таго, на відэазапісе Кавалёў распавядае, што неўзабаве пасля выбуху ў ноч на 4 ліпеня 2008 года Канавалаў прызнаўся яму ў зробленым злачынстве.
16 верасня
Абвешчаны перапынак да 11-й гадзіны 19 верасня.
Любоў Кавалёва: Не веру!
Маці Кавалёва Любоў зачытала перад журналістамі зварот да ўладаў аб правядзенні рэферэндума ў пытанні адмены смяротнага пакарання. Яна баіцца, што смяротная кара будзе прыменена да яе сына. Любоў Кавалёва не верыць агалошаным паказанням сына, згодна з якімі ён ведаў пра тэракт. Яна кажа, што гэта было пасля ціску, аказанага на пачатку следства, паведамляе Радыё Свабода.
Кавалёў лічыць, што Канавалаў не рабіў выбух у мінскім метро
Пра гэта Уладзіслаў Кавалёў заявіў у зале суда.
На яго думку, Дзмітры Канавалаў не рабіў выбухаў ні ў 2005 годзе, ні ў 2011-м, перадае interfax.by.
Кавалёў заявіў, што падчас следства прызнаўся ў неданясенні пра выбух, бо з суседняга кабінета ў СІЗА пачуў крыкі Канавалава. Нібыта следчыя сказалі Кавалёву, што яму дадуць за неданясенне два гады турмы, а ў тэрарызме яго абвінавачваць не будуць. Кавалёў кажа, што даваў сведчанні, бо быў напалоханы магчымым расстрэлам. Пры гэтым ён пацвердзіў, што гвалт да яго не ўжывалася.
Таксама Кавалёў распавёў, што Дзмітры Канавалаў пасля выбуху ў метробяў вясёлы, жартаваў і смяяўся. У той жа час матэрыялы следства ўтрымліваюць паказанні Кавалёва, дзе тоё згадвае аб намерах Канавалава пасля тэракту здзейсніць самагубства. Нібыта, ён нават паказваў Кавалёву нейкія таблеткі, якімі збіраўся атруціцца.
Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што на следстве на яго ціснулі
Абвінавачваны па справе пра тэракт у мінскім метро адмовіўся ад сваіх сведчанняў на папярэднім следстве.
Кавалёў распавёў, што з Канавалавым знаёмы з першага класа, ніякіх "злавесных" схільнасцяў за ім не заўважаў. Паводле звестак interfax.by, Кавалёў акцэнтаваў увагу на тым, што кола кантактаў у іх было рознае, у кожнага свая кампанія. Сцвярджаў, што ў апошні час не кантактаваў з Канавалавым, а потым пераехаў у Мінск. Нават адмовіўся ад запрашэння папіць піва разам 1 студзеня, калі наведваў бацькоў у Віцебску.
Таксама Кавалёў заявіў, што да 9 красавіка 2011 года не кантактаваў з Дзмітрыем Канавалавым. А ў той дзень, па словах Кавалёва, зямляк яму затэлефанаваў і сказаў, што хоча прыехаць у Мінск на наступны дзень.
Фігуранта справы пра выбух перакваліфікавалі ў сведку
Фігурант справы пра выбух у метро Румянцаў праходзіць на судзе ў якасці сведкі.
Пра гэта, як інфармуе БЕЛТА, заявіў суддзя на паседжанні 16 верасня. Між тым, у тэксце абвінавачвання Румянцаў фігуруе як саўдзельнік па ранніх эпізодах у Віцебску. У прыватнасці, гаворка ідзе пра выбух у пад'ездзе. Пракурор паведаміў, што справа супраць Румянцава спыненая за даўнасцю гадоў.
У сваю чаргу прадстаўнік пацярпелай Інэсы Крутой спытаў, чаму ж у гэтых эпізодах вінавацяць Канавалава і Кавалёва, калі з іншых здымаюць абвінавачанні. На гэта суддзя заявіў, што гэта абумоўлена асаблівасцямі тэорыі крымінальнага права і не стаў тлумачыць больш падрабязна.
15 верасня
Канавалаў прызнаў, што здзейсніў выбух у метро
Дзмітры Канавалаў таксама прызнаў, што зладзіў выбух у Мінску ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года.
Акрамя таго, ён прызнаўся ў незаконным абыходжанні з выбуховымі рэчывамі. Усе астатнія абвінавачанні Канавалаў адверг. Пра гэта перадае з залы суда карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн.
Уладзіслаў Кавалёў прызнаў сваю віну ў выбухах з 2000 па 2002 год. Ён не прызнаў сваёй віны ў віцебскіх выбухах 2005 года, адмовіў свае паказанні, дадзеныя на папярэднім следстве, і не прызнаў укрывальніцтва дамкрата. Сваю віну ў неданясенні пра выбух 2008 года Кавалёў прызнаў. Але ён адмовіўся, што набыў траціл і перадаў яго Канавалаву. Таксама ён не пацвердзіў дадзеныя раней паказанні наконт выбуху ў метро.
Адна з пацярпелых ад тэракту запатрабавала адмяніць смяротнае пакаранне
Гэтыя патрабаванні пацярпелай Інэсы Крутой агучыў яе бацька Аляксандр.
Як перадае interfax.by, мужчына запатрабаваў, каб смяротную кару адмянілі да пачатку судовага працэсу. Таксама ён хадайнічаў пра ўвядзенне суда прысяжных, каб яны змаглі прыняць рашэнне па гэтым пытанні.
Акрамя таго, бацька пацярпелай заявіў, што яго дачка шосты месяц пазбаўленая ўсіх сродкаў да існавання і да сённяшняга дня ёй не аплацілі ніводзін бальнічны лісток. Ён таксама запатрабаваў выявіць у працэсе, ці былі зацікаўленыя ў выбуху палітычныя партыі.
Да гэтага хадайніцтва далучылася пацярпелая Лебядзінская.
***
Дзмітрыю Канавалаву дзве гадзіны зачытвалі абвінавачанне
Яно заняло першую палову першага дня судовага працэсу.
Пасля абедзеннага перапынку будуць зачытваць абвінавачанне Уладзіславу Кавалёву, перадае з суда карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн. Такім чынам, сёння наўрад ці варта чакаць допытаў — як абвінавачаных, так і сведкаў.
110915 Rugajn 2 s.mp3
У судовай зале на 500 месцаў занятыя толькі каля паловы. Пры гэтым сярод прысутных 121 пацярпелы. Яшчэ больш за 400 пацярпелых прысутнічаць на судзе не змаглі. Як сведчыць карэспандэнт Еўрарадыё, зала даволі стрымана ставіцца да абвінавачаных. Толькі калі завялі ў залу аднаго з іх, нейкі мужчына выкрыкнуў, каб той апусціў галаву.
Нагадаем, што пацярпелыя заявілі шэраг хадайніцтваў. Сярод іх былі скаргі на тое, што ім далі мала часу на азнаямленне з матэрыяламі справы. Адзін з пацярпелых адзначыў, што меў на гэта толькі тры дні.
***
Як відаць на здымку з залы суда, клетка абвінавачаных падзеленая шкляной перагародкай на дзве часткі. Такім чынам, Канавалаў і Кавалёў не маюць магчымасці кантактаваць між сабой падчас працэсу.
***
У судзе над абвінавачанымі ў выбуху разглядаюць хадайніцтвы
Пацярпелыя ад выбуху ў мінскім метро заявілі шэраг хадайніцтваў. Па адным з іх суд забараніў фота- і відэаздымкі ў зале.
Як паведамляе БЕЛТА, суд задаволіў хадайніцтвы больш як 300 пацярпелых, каб працягваць слуханні ў іх адсутнасць. Таксама заяўлена пра выклік у суд жанчыны, якая здавала жытло абвінавачванаму Канавалаву напярэдадні выбуху ў метро.
Адзін з абвінавачваных прасіў даь яму пагаварыць з адвакатам сам-насам. Але суд узяў бок абвінавачання і не задаволіў хадайніцтва. Старшыня суда адзначыў, што да суда быў падпісаны дакумент, які дазваляе абвінавачванаму мець зносіны з абаронцам у неабмежаванай колькасці.
***
У вялікай актавай зале (прыблізна на 500 месцаў), дзе праходзіць суд прысутнічае шмат прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. У жалезнай клетцы, усталяванай злева на сцэне, знаходзяцца абвінавачваныя — Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Сёння ўжываюцца надзвычайныя меры бяспекі — ахова вельмі сур'ёзная. Прысутным забаранілі карыстацца мабільнай сувяззю, інтэрнэт не працуе.
Суд прыняў рашэнне забараніць фота- і відэаздымкі ў зале паседжання. Такім чынам было задаволенае хадайніцтва аднаго з пацярпелых.
***
Нагадаем, што абвінавачанымі з'яўляюцца два ўраджэнцы Віцебску Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Канавалава вінавацяць у тэрарызме, незаконным абыходжанні са зброяй і выбуховымі рэчывамі, злосным хуліганстве. Кавалёва вінавацяць у саўдзеле ў тэрарызме, неданясенні пра злачынства і ўкрывальніцтве.
Па словаў пракурорскіх работнікаў, першае злачынства маладыя людзі ўчынілі яшчэ ў 2000 годзе.