Кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта зменіць фармат і склад
Ініцыятыўная група Кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта прапанавала новыя перспектывы работы.
Што гэта будуць за змены, карэспандэнту Еўрарадыё расказала генеральны дырэктар Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SATIO Жана Грынюк.
Еўрарадыё: Што такога арыгінальнага вы прапанавалі?
Жана Грынюк: Слова “арыгінальнае” тут не вельмі пасуе. Мы на працягу ўсяго часу папярэдняй працы Савета вывучалі досвед грамадскіх саветаў у краінах Еўропы, правялі аналіз уласнай працы. Мы лічым, што ў сучасных сацыяльна-палітычных и эканамічных умовах мэтазгодная актывізацыя работы ГКС, пераўтварэнне яго ў больш актыўную і уплывовую структуру. Першае і самае галоўнае — мы прапанавалі пашырыць функцыі і формы работы нашага Савета, замацаваныя рэгламентам. Раней ён лічыўся Экспертным саветам, існаваў дзеля таго, каб мы праз Адміністрацыю прэзідэнта давалі зваротную сувязь і рэкамендацыі розным ведамствам па шэрагу сацыяльна-эканамічных пытанняў. Гэтую сваю экспертную функцыю Савет выканаў. І ў новых сацыяльна-эканамічных умовах мы прапанавалі змяніць форму Савета з экспертнага на дыялогавы. На новым этапе мы лічым, што Савет павінен актывізавацца і выконваць функцыю міжсектарнага дыялогу паміж уладай і грамадствам, грамадскай супольнасцю. Першае, што будзе зроблена, — будуць створаныя так званыя працоўныя групы.
Гэтыя групы будуць працаваць кожная ў сваім накірунку, і такім чынам мы структуруем працу ўсіх удзельнікаў Савета. Калі раней мы працавалі ўсе і над усімі пытаннямі, то зараз будуць такія групы. І праца Савета не будзе заключацца толькі ў сустрэчах на пасяджэннях, але і паміж пасяджэннямі праца Савета будзе працягвацца.
Другая змена звязаная з тым, што мы фармуем адкрытую дыялогавую пляцоўку для ўключэння грамадскай супольнасці ў працэс зваротнай сувязі, прыняцця рашэнняў на ўзроўні дзяржаўнай і рэгіянальных улад. Наш асноўны прынцып на бліжэйшы час — развіццё інклюзіўнай палітыкі ў Беларусі, гэта значыць палітыкі, накіраванай на ўключэнне шырокіх колаў грамадства. Савет будзе прымаць адкрытыя сацыяльныя абавязкі ў межах працоўных груп, раз на год ці паўгода мы будзем праводзіць грамадскія слуханні.
Гэта новыя формы працы, якія фармуюць адкрытасць і ўключэнне, уцягванне грамадства ў сістэму зваротнай сувязі аб стане спраў і прыняцце новых рашэнняў па розных пытаннях і накірунках.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што хацелі б наладзіць сувязь з грамадзянскай супольнасцю. Але ці можна канкрэтна сказаць: якія пытанні, праблемы якіх сацыяльных груп вы плануеце вывучаць? Гэта тое, што хвалюе малы бізнэс, ці праблемы наяўнасці ў краіне палітзняволеных?
Жана Грынюк: Усё, што тычыцца асноўных накірункаў працы, будзе вырашацца ў межах працоўных груп. Рашэнне, якія менавіта працоўныя групы будуць створаныя ў Кансультацыйным савеце, яшчэ не прынятае. Адно магу сказаць дакладна: ён будзе дэпалітызаваны.
Еўрарадыё: Ці ёсць прапановы, каго ўвесці ў склад Савета ці каго вывесці?
Жана Грынюк: Мы не хацелі б абмяркоўваць персаналіі — мы б хацелі абмяркоўваць прынцып складу. А прынцып у тым, што мы б хацелі, каб туды ўвайшла большая частка грамадзянскай супольнасці. І каб гэтыя людзі былі актыўныя і ініцыятыўныя.
Пакуль, паколькі Савет быў экспертны, актыўнасць і праца паміж пасяджэннямі не патрабавалася. Зараз змяняецца прынцып працы. І я не хачу зараз казаць пра персаналіі. Гэтае рашэнне будзе прынятае на пасяджэнні Савета ў сярэдзіне жніўня. Але мы прапанавалі ўключыць у Савет самых вядомых экспертаў у галіне эканомікі, экалогіі, захавання нацыянальных традыцый і мовы, праваабаронцаў і гэтак далей. Такі пашыраны будзе склад. Галоўны прынцып у фармаванні складу Савета у тым, што Савет робіць стаўку на экспертаў і грамадскіх лідараў, якія прытрымліваюцца прынцыпаў дыялогу і партнёрства, займаюць актыўную пазіцыю ў грамадстве і ў працы Савета. Людзей, якія выступаюць з прапановамі, рэкамендацыямі, а не патрабаваннямі і ультыматумамі.
Еўрарадыё: Грамадскія дзеячы ў сваёй большасці маюць не вельмі станоўчы досвед зносінаў з уладамі. Ці пагодзяцца яны, на ваш погляд, браць удзел у працы гэтага Савета?
Жана Грынюк: Па-першае, тыя кандыдатуры, што мы прапанавалі, усе на 100% гатовыя увайсці ў склад ГКС. Гэта сведчыць пра тое, што Савет карыстаецца аўтарытэтам. Па-другое, нашая адказнасць грамадская як лідараў заключаецца не ў тым, каб канстатаваць сваю бездапаможнасць і абурацца, што ў нас нічога не атрымалася, бо ўлада такая дрэнная. Гэта, на мой погляд, персанальная пазіцыя, якая сведчыць аб адсутнасці лідарскага патэнцыялу і навыкаў кіравання сацыяльнымі зменамі. Такая непісьменнасць нашай грамадскай супольнасці прыводзіць толькі да канфрантацыі. Дарэчы, не першы раз даводзіцца гаварыць, што сярод прадстаўнікоў улады таксама шмат праціўнікаў дыялогу, якія больш накіраваныя на крайнія сілавыя меры. І я стаўлю знак роўнасці паміж гэтымі пазіцыямі, таму што яна аднолькава знішчальныя.
Мы павінны вучыцца дыялогу. Дыялог — гэта адзіны накірунак, па якім сёння могуць ісці змены ў Беларусі.
Еўрарадыё: Такім чынам, ці прымуць вашыя прапановы па зменах, вырашыцца ў жніўні падчас пасяджэння Савета?
Жана Грынюк: Рашэнне канчатковае будзе прынятае ў жніўні. Бо ніхто не мае права паводле рэгламенту, нават сам Макей, прымаць асабіста рашэнне. Паводле рэгламенту, мусіць прайсці звычайнае галасаванне. На пасяджэнні 21 ліпеня было агучана, што нашыя прапановы прымаюцца, што яны цікавыя і што яны, безумоўна, будуць прынятыя.