Касацыю Дашкевіча 17 чэрвеня разгледзіць Мінгарсуд
У сваёй касацыйнай скарзе лідар "Маладога Фронта" (зарэгістраванага ў Чэхіі) адзначае хібы папярэдняга суда.
Зміцер Дашкевіч заяўляе, што "пацярпелыя" Канстанцін Савіцкі і Алег Малышаў на судзе далі ілжывыя сведчанні. Палітвязень заяўляе, што Савіцкі і Малышаў з’яўляюцца пазаштатнымі супрацоўнікамі Заводскага РАУС Мінску. На судзе ж яны паведамлялі, што нідзе не працуюць.
Таксама Дашкевіч адзначае, што Малышаў мае судзімасць за распаўсюд наркотыкаў, хаця на судзе гэты чалавек заяўляў пра адсутнасць судзімасці. Пра гэта Еўрарадыё распавяла намесніца старшыні "Маладога Фронту" Наста Палажанка:
Палажанка: "Гэтая інфармацыя фігуруе ў касацыйнай скарзе Дашкевіча. Зміцер піша, што гэтыя людзі з'яўляюцца пазаштатнымі супрацоўнікамі, плюс судзімыя, плюс яны маюць працу і карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі — у адрозненне ад таго, што яны казалі на працэсе. Усё гэта выкладзена ў ягонай касацыйнай скарзе".
Нагадаем, што Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава затрымалі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2011 года. Хлопцаў звінавацілі ў хуліганстве і вулічнай бойцы. Дашкевіча асудзілі на 2 гады зняволення, Лобава — на 4.
Разгляд касацыйнай скаргі пачнецца ў Мінскім гарадскім судзе 17 чэрвеня а 10-й гадзіне.