Кіламетр двухпалоснай трасы каштуе, як 333 тоны каўбасы

Даведаўшыся, што спачатку года ў краіне залаталі 425 тысяч квадратных метраў ямак на дарогах, Еўрарадыё вырашыла дазнацца, колькі каштуе рамонт адной такой ямкі.

З такім пытаннем звярнуліся ў “Белаўтадор”.

“У залежнасці ад тэхналогіі, кошт ямачнага рамонту – ад 33 да 69 тысяч рублёў за квадратны метр ліквідуемай ямачнасці”, - распавядае намеснік начальніка прэс-службы “Белаўтадор” Кацярына Грыб.

425 тысяч квадратных метраў – гэта 65 футбольных палей! Нават калі ўзяць мінімальны кошт адной ямкі, то агулам у асфальт зыйшло 14 мільярдаў рублёў. Гэтага б хапіла, каб набыць 23 тысячы бутэлек каньяку “Хенессі”, альбо амаль паўтары тоны ікры. Цікава, ці хапіла бы ікры на ямы.

Будаўніцтва трасы яшчэ даражэй – 5 мільярдаў рублеў кіламетр.

“Будаўніцтва двухпалоснай магістралі будзе каштаваць 5 мільярдаў рублёў за 1 кіламетр. Чатырохпалосная траса будзе каштаваць 22 мільярды рублёў за кіламетр”.

Кожны метр новай дарогі каштуе 5 мільёнаў рублёў. За гэтыя грошы можна набыць 333 кілаграмы варанай каўбасы, ці тону бульбы.

У Мінску будаўніцтва трасы і ямачны рамонт яшчэ даражэй, амаль удвая.

“Дзесці тысяч 80 беларускіх рублёў”, - агучвае кошт рамонту адной ямкі ў Мінску супрацоўніца “Гарремаўтадора”. Новая траса каштуе на 60-70 тысяч больше за рамонт.

“Дзесці 140-150 тысяч, гэта квадратны метр. Гэта вельмі прыблізна, такі кошт быў у пачатку года”, - кажа супрацоўніца “Гаррэмаўтадор”.

Каб залатаць дарогу ля пад’езда, давядзецца звяртацца ў ЖЭС да галоўнага інжэнера.

“Яны ўвесь час асфальціруюць. Пергаварыце і ў бліжэйшы час гэтае пытанне вырашыцца”, - запэўнівае дыспетчар у ЖЭСе.

Фота: kopyl.by



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі