Кіраўнік афіцыйнага Саюзу журналістаў: Мы не займаліся справай Пачобута
Анатоль Лемяшонак, кіраўнік БСЖ і газеты "Рэспубліка", абураны тым, што яго не пусцілі ў Літву і збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне.
Гэтыя і іншыя выказванні слухайце ў аўдыёфайле.
Еўрарадыё: Якая афіцыйная версія адмовы?
Лемяшонак: “Афіцыйная версія вельмі простая. У амбасадзе спахапіліся, што людзі, запрошаныя афіцыйным МЗС Літоўскім на канферэнцыю па бяспецы журналістаў, гэтыя людзі чысляцца ў спісках неўязных у Еўрапейскі Саюз”.
Еўрарадыё: Каму канкрэтна адмовілі ў візах?
Лемяшонак: “Гэтыя асобы ёсць у спісах. Вадзім Гігін, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка”, Міхаіл Лябедзік, першы намеснік галоўнага рэдактара “Беларусь сегодня” былі запрошаны на гэта мерапрыемства. Не запрашалі б, іншая справа – ніхто б не збіраўся. А так... Мы думалі, што, калі запрасілі гэтых людзей на такое мерапрыемства, што нарэшце неяк хочуць выправіць гэтую памылку, калі такія спісы тычацца журналістаў. Я разумею, гэта можа тычыцца кагосьці ў палітыцы, а журналісты – каму можа прыйсці ў галаву забараніць уезд журналістам? Гэта ж прамое парушэнне свабоды слова. Мы думалі, што неяк вырашылі гэта загладзіць. Але аказалася, што не. У амбасадзе паведамілі, што гэтым асабам візы выдаваць не будуць. Гэта непрыгожы інцыдэнт. Вось мы праводзім у сябе цэлы тыдзень Міжнародны форум журналістыкі, мы запрашаем шмат каго і з ЕС. І прыедуць. Прыедуць да нас ўвогуле шмат журналістаў з Украіны, з Расіі. Будзе сур’ёзнае агульнае мерапрыемства – дыспуты, размовы. А тут нейкая дробязная мітусня. Мне, як чалавеку, які шмат пабачыў у журналістыцы і кіраўніку газеты "Рэспубліка", проста неяк няёмка за тых, хто гуляе ў гэтыя гульні”.
Еўрарадыё: Такі выпадак здараецца ўпершыню?
Лемяшонак: “Такое ўпершыню. Яно выклікае такі рэзананс сёння ў нашым журналісцкім асяроддзі”.
Еўрарадыё: Вы кажаце пра рэзананс. А вось Беларуская асацыяцыя журналістаў часта кажа пра перашкоды для выканання прафесійных абавязкаў журналістаў незалежных СМІ. Калі такія размовы гучаць, вы іх блізка да сэрца прымаеце?"
Лемяшонак: “Прымаем, і мы, дзе можна, падтрымліваем іх. Я думаю, што мы, магчыма, не заўсёды правільна паступаем тут, на такім узроўні, калі у чымсьці перагінаем палку. Але мы заўжды выказвае сваю пазіцыю – дакладна, зарзумела. Таму ў нас адносіны з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, нармальныя, менавіта прафесійныя. У нас сумесныя ёсць мерапрыемствы. Ну тое, што яны не заступіліся за нас у гэтай сітуацыі, я думаю яны набраі б больш балаў, калі б падышлі да гэтага прынцыпова. Яны ж павінны разумець, што журналісты па які бок, груба кажучы, барыкадаў яны не стаялі б, яны выконваюць прафісійнае назначэнне”.
Еўрарадыё: “Беларускі саюз журналістаў” неяк адрэагаваў на справу з Пачобутам?
Лемяшонак: “Мы яе вывучаем. Але нам пакуль ніхто дакументальных доказаў не прадставіў. Кепска, што мы не ведаем сітуацыю цалкам, таму няма нейкай ацэнкі з нашага боку. Калі казаць шчыра, мы канкрэтна і не займаліся гэтым пытаннем. Бо сёння не простая сітуацыя ў эканоміцы і мы працуем на такой аналітыцы эканамічнай, джяржаўнага плану”.